Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек мінулага. Чытаючы Кебіча


Мэмуары Вячаслава Кебіча “Искушение властью” спакушаюць задацца вечным пытаньнем: “А што было б, калі б...” Ці мог стаць Кебіч, як цяпер некаторым здаецца, лепшай альтэрнатывай, чым Аляксандар Лукашэнка? Здаецца, аўтар у сваёй кнізе зрабіў усё, каб адказ на гэтае пытаньне гучаў адназначна – “не!”


“Очернители социалистического строя прибегают к дешевым спекуляциям по поводу существовавшего при советской власти неравенства...”, “Как бы ни было горько осознавать это, но сегодня Беларусь и Россия – суверенные страны”, “Будь на их месте (ГКЧПистов) Юрий Андропов, не сомневайтесь, мы жили бы сегодня в Советском Союзе”.

Гэта ня вытрымка з інтэрнэт-форуму на якімсьці расейскім патрыятычным сайце. Гэта не публіцыстыка ўзору 1992 году дзеячаў адноўленай камуністычнай партыі. Гэта цытаты з кнігі былога прэм’ер-міністра і кандыдата ў прэзыдэнты незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча. На 480 старонках гэтай кнігі колькасьць шкадаваньняў аб распадзе СССР можа параўнацца хіба толькі з колькасьцю гнеўных філіпікаў на адрас “нацыяналістычнай апазыцыі”.

Аўтар шчыры — наколькі гэта магчыма ў ягоным статусе і ў ягонай сытуацыі — і гэта выклікае міжвольную сымпатыю. У адрозьненьне ад успамінаў таго ж Пятра Краўчанкі, Кебіч не праводзіць прынцыпу “ўсе г..., адзін я ў белым фраку”, ён прызнае свае памылкі, не перакідае ўсе прычыны сваіх паразаў на іншых.
Аляксандар Лукашэнка крычыць з трыбуны — “В своих ворованных замках не спрячетесь, господин Кебич"


Кебіч, па вялікім рахунку, не імкнецца дагадзіць існуючай уладзе, “прагнуцца” перад ёй. Чалавек “калектыўнага кіраўніцтва”, ён зьдзекліва-іранічна піша пра цяперашні стыль кіраваньня, калі адзін гаворыць, а астатнія слухаюць, крытыкуе “нават” перанос Дня незалежнасьці на 3 ліпеня — на дату, якая, паводле аўтара, да статусу дзяржавы ня мае прамога дачыненьня. Няма ніякага падлашчваньня да афіцыйнай лініі і ў асабістых ацэнках. Так, Кебіч заяўляе, што Станіслаў Багданкевіч — самы прафэсійны старшыня Нацбанку з усіх, што былі “да і пасьля яго”. Кебіч часта крытыкуе палітычную пазыцыю і асабістыя якасьці Станіслава Шушкевіча, але адзначае, што адразу пасьля абраньня Шушкевіча старшынём Вярхоўнага Савету ў 1991 годзе яны дамовіліся, што ня будуць дапускаць асабістых нападак. І, прызнае Кебіч, Шушкевіч слова сваё стрымаў – крытыкі было шмат, але асабістых зьняваг – ніколі.

Зрэшты, гэта ці не адзінае месца ў мэмуарах, дзе Кебіч кажа штосьці станоўчае пра сваіх палітычных апанэнтаў. Закідамі на адрас “апазыцыі БНФ” перасыпаная ўся кніга, страшней за БНФ — толькі амэрыканцы, якія развалілі СССР, не дапамагалі Беларусі ў першыя гады незалежнасьці, а цяпер кіруюць апазыцыяй. Аўтара настолькі “заносіць” у БНФ-фобіі, што ён на некалькіх старонках апісвае змаганьне з фракцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня (калі парлямэнт узначальваў Сямён Шарэцкі). Праблема ў тым, што ніводнага прадстаўніка БНФ у тым парлямэнце не было.

Зрэшты, ёсьць моманты, калі шчырасьць аўтара неяк абрываецца, а памяць адмаўляецца ўзгадаць нешта важнае. Так, вельмі коратка і скамечана піша Кебіч пра антыкарупцыйныя даклады дэпутата Лукашэнкі – верагодна, гэта як раз той момант, дзе лепш абачліва “зрабіць паўзу” і не заходзіць на небясьпечную тэрыторыю. Зрэшты, памяць у людзей вельмі выбарачная, і, магчыма, Вячаслаў Францавіч сапраўды не прыгадвае таго, што ўрэзалася ў памяць, напрыклад, мне. А ў мяне як зараз стаіць перад вачыма наступная карціна: Аляксандар Лукашэнка крычыць з трыбуны — “В своих ворованных замках не спрячетесь, господин Кебич”, прэм’ер-міністар чырванее, роспачна і абурана разводзіць рукамі, як бы кажучы ўсім дэпутатам – “ну паглядзіце, што ж гэта робіцца?” У кніжцы гэтага няма.
У Кебіча не было той жывёльнай прагі ўлады, якая была ў Лукашэнкі ў 1994 годзе


Увогуле, стаўленьне Кебіча да Лукашэнкі па-сучаснаму “дыялектычнае” – ён можа крытыкаваць асобных паплечнікаў кіраўніка дзяржавы, заўважаць “асобныя недахопы”, але ў цэлым Кебіч не пакідае ніякіх сумненьняў (альбо спадзяваньняў?) чытачам у тым, што ён – стратэгічны прыхільнік цяперашняга курсу. Нават вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Кебіч тлумачыць найперш як паразу "нацыяналістычных" сілаў -- маўляў, ня важна, што я прайграў, галоўнае, яны не прайшлі.

«Счастливым человеком я ощущал себя дважды в жизни: когда был студентом и когда работал директором завода». Гэтая фраза з кнігі шмат што тлумачыць – у Кебіча не было той жывёльнай прагі ўлады, якая была ў Лукашэнкі ў 1994 годзе, яму было што ўзгадаць, было што губляць. Ён падчас свайго прэм’ерства так ніколі і не пайшоў на выкарыстаньне сілы – і не таму, што “ня мог”. Настальгія, якой пранізана ўся кніга, відавочная: менавіта там, у мінулым, Кебіч адчувае сабе камфортна — там, дзе было калектыўнае кіраўніцтва, дзе была “сапраўдная праца”, а не палітычныя звадкі, дзе не было апазыцыі, а прывілеі лепшых рабочых былі ня горшыя за прывілеі намэнклятуры (прынамсі, аўтар сам хоча ў гэта верыць).

Зянон Пазьняк падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году казаў, што выбар паміж Кебічам і Лукашэнкам – гэта “ці галавой у печ, ці нагамі”. Сказана, згадзіцеся, прыгожа — маўляў, “абое рабое”, няма розьніцы. Але ж, калі адштурхоўвацца ад гэтай мэтафары, усё ж розьніца была. Лукашэнка — гэта якраз “галавой у печ”, сьмерць многіх нашых спадзяваньняў і каштоўнасьцяў хуткая і гвалтоўная. Кебіч – гэта быў бы варыянт “нагамі ў печ”: тая ж самая сьмерць, але доўгая і пакутлівая.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG