Некалькі дзесяткаў рэпрадукцыяў карцін мастака разьмешчаныя ў двух залях Дзіцячага дому творчасьці. Як паведаміла Радыё Свабода мэтадыстка Сьвятлана Хасіневіч, адна з заляў прысьвечаная сьмілавіцкаму пэрыяду жыцьця і творчасьці мастака, другая – францускаму.
“Француская” заля аформленая ў стылі парыскай кавярні, дзе наведнікі змогуць выпіць кавы з філіжанак пазначаных надпісам “Прастора Суціна”. Гэткім жа надпісам пазначаная іншая мэбля “кавярні”.
На выставе зьмешчаныя таксама фотаздымкі ваколіцаў Сьмілавічаў, дзе колісь стаяў дом бацькоў Хаіма Суціна, біяграфічныя зьвесткі пра мастака і гісторыю Сьмілавічаў. Гэта першая сталая экспазыцыя на радзіме сусьветна-вядомага мастака, якая зьявілася пры падтрымцы Нацыянальнага мастацкага музэю і ЮНЭСКА.
Хаім Суцін нарадзіўся ў Сьмілавічах у 1893 годзе, жывапісу вучыўся ў Менску і Вільні. З 1913 і да сьмерці ў 1943 годзе жыў у Парыжы. Сусьветна вядомы мастак, адзін са славутых майстроў нацюрморту. Ягоныя работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях сям’і Чаплінаў, Шагалаў, Коппалаў.