Я ў вёсцы Падбараны, што ў двух кілямэтрах ад мястэчка Лунна Мастоўскага раёну, у хаце Рамана й Сьвятланы Чарнышовых. Гэтую хату збудаваў яшчэ дзед Сьвятланы: маленькая кухня два з паловай на два метры, адзін пакой каля 20 м, падзелены шафай на дзьве часткі. Тут жывуць пяць чалавек: Раман, Сьвятлана, сын Сяргей, які вучыцца ў 11 клясе, і дзьве ягоныя сястрычкі – адна ў 10-й, другая ў 9-й клясе.
Тут цесна так, што, сапраўды, нагу няма куды паставіць. Пытаюся ў гаспадароў, як яны тут месьцяцца?
Сьпяць бацькі, а з гэтага боку дзяўчаты, а побач хлопец...
Сьвятлана: “Як я вам патлумачу, можа трэба паказаць...”
Да размовы далучаецца мама Сьвятланы, якая таксама жыве разам зь імі ў другім пакойчыку, ня большым за 7 кв. м.
Спадарыня: “Гэта рассоўваецца, крэсла выносіцца, і гэта таксама рассоўваецца. Тут, да прыкладу, сьпяць бацькі, а з гэтага боку дзяўчаты, а побач хлопец”.
Карэспандэнт: “Сяргей, а як ты адрабляеш урокі, табе сястрычкі не перашкаджаюць?”
Сяргей: “Сёстры не перашкаджаюць, бо ім самім трэба вучыцца. Іншая справа, што хата маленькая, і калі чытаю, то трэба нейкім чынам хоць удумацца ў тое, што чытаю, але з усіх бакоў нешта даносіцца. Адным словам, няма дзе рыхтавацца да заняткаў, каб было спакойна, цішыня, каб ува ўсім разабрацца”.
Сьвятлана працуе паштаркай у Лунне й разносіць пошту па вёсках, Раман нядаўна ўладакаваўся на вінзавод рабочым. Пытаюся ў іх — як магло так атрымацца, што ў іх няма кватэры?
Са словаў Рамана, раней ён працаваў у калгасе й стаяў на чарзе, але калі чарга падышла, кватэру аддалі іншым людзям, а яго папрасілі падпісаць паперку, што прэтэнзіяў ня мае, і, маўляў, абяцалі ў хуткім часе выдзеліць жыльлё. А яшчэ празь нейкі час яго звольнілі з працы й зьнялі з чаргі.
Тое самае мне распавядае й Сьвятлана. Да таго ж яна дадае, што паколькі муж ня меў працы больш як восем месяцаў, то й датацыі на дзяцей яны не атрымліваюць.
"У вёсцы не знайсьці хаты для шматдзетнай сям’і”
У мясцовым сельсавеце ведаюць пра праблему Чарнышовых, нават прапаноўвалі ім засяліцца ў развалены дом. Вось што сказала мне сакратарка сельсавета, Алена Раманчук.
Раманчук: “У сельсавеце няма жыльлёвага фонду. Людзі, якія працуюць у калгасе, там атрымліваюць жыльлё, а тыя, хто стаіць на чарзе ў нас, могуць атрымаць ільготныя крэдыты на тое, каб купіць жыльлё альбо пабудаваць”.
Пытаюся ў Сьвятланы — чаму яны не бяруць крэдыт на будоўлю ці набыцьцё кватэры?
Сьвятлана: “Мы хацелі браць крэдыт, каб купіць кватэру, але нам сказалі ў раёне, што на пакупку крэдыту не даюць. А па-другое, у вёсцы не знайсьці хаты для шматдзетнай сям’і”.
У сельсавеце няма жыльлёвага фонду...
Раман: “А як будавацца? Нават бацькоў ні ў аднаго, ні ў другога няма...”
Дэпутат мясцовага Савету, сябра Партыі камуністаў Беларусі Аляксандар Пудаўкін кажа, што колькі ён памятае, гэтая сям’я жыве ў такіх умовах. І менавіта ён як дэпутат зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму з патрабаваньнем дапамагчы вырашыць жыльлёвую праблему Чарнышовых.
Пудаўкін: “Цяпер я напісаў зварот на імя старшыні райвыканкаму, калі нічога ня зьменіцца, буду пісаць у аблвыканкам, таксама на імя кіраўніка”.
Праўда, сям’я Чарнышовых настроена вельмі пэсымістычна. Сьвятлана Чарнышова казала мне, што за ўвесь час да іх у хату не прыйшоў ніводзін чыноўнік — ні зь сельсавету, ні з раёну — і не пацікавіўся, як яны тут жывуць.
Сьвятлана: “Я ні на што ўжо не спадзяюся, страціла ўсякую надзею”.