Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: гарсавет зьменшыў дапамогу шматдзетным сем’ям


Радыё Свабода На пазачарговай сэсіі Магілёўскага гарсавету дэпутаты ў пяць разоў зьменшылі аднаразовую грашовую дапамогу сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця. Калі рашэньне зацьвердзяць, шматдзетныя сем’і будуць атрымліваць дзесяць базавых велічыняў — гэта 310 тысяч рублёў, замест ранейшых 1,5 мільёна.

Дэпутаты тлумачыць сваю пастанову тым, што вырасла дзяржаўная дапамога, якая ў суме перавышае дапамогу з гарадзкога бюджэту.

Гарсавет зьменшыў матэрыяльную дапамогу шматдзетным сем’ям — але вырашыў дапамагаць кожнаму дзесяцітысячнаму дзіцяці, што нараджаецца ў Магілёве. Сям’я, у якой народзіцца такое дзіця, атрымае 1000 базавых велічыняў — цяпер гэта 31 мільён рублёў.

Пастанова гарсавету пакуль праходзіць экспэртызу ва ўправе юстыцыі гарвыканкаму і яшчэ не ўступіла ў сілу.

У Магілёўскім аблвыканкаме да пастановы гарсавету ставяцца крытычна.

“Магу гэта патлумачыць адзіным — што сродкаў няма. Але нельга сказаць, што ў нас гэта часта сустракаецца — нараджэньне трох, чатырох дзяцей. На жаль, такіх сем’яў няшмат. У Магілёве павялічваецца нараджальнасьць, але гэта ня можа быць апраўданьнем таго, што гэтая дапамога адмяняецца”, — мяркуе намесьніца старшыні абласнога савету дэпутатаў Тацяна Ісачанка.

Спадарыня Ісачанка прызнае, што ў бюджэце бракуе сродкаў, і некаторыя праграмы даводзіцца пераглядаць, каб ашчадзіць грошы.

“Падазраю, што між вось гэтымі праграмамі й адраснай дапамогай пройдзе багата часу”

Як ставяцца да пастановы гарсавету актывісткі магілёўскіх няўрадавых арганізацыяў?

“Шкадаваньне і неразуменьне — больш нічога нельга сказаць. Дзяржава абяцае, што будзе пераглядацца адрасная дапамога, будуць распрацоўвацца новыя праграмы. Я падазраю, што між вось гэтымі праграмамі й адраснай дапамогай пройдзе багата часу. Усе сем’і, якія гэтае зьніжэньне адчуюць, для іх гэты час будзе цяжкім”, — мяркуе кіраўніца няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва.

А вось меркаваньне актывісткі грамадзкага жаночага клюбу “Пралеска” Надзеі Салаўёвай:

“Я лічу, што гэтыя грошы і раней не былі стымулам для жанчын у рашэньні нараджаць трох і болей дзяцей, а цяпер тым больш. Гэта пацьвярджае той факт, што жанчына ня мела асаблівай падтрымкі ад дзяржавы, а магла разьлічваць на сябе і сваю сям’ю. Сытуацыя такой жа застаецца, нават стала яшчэ горшая”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2005 годзе ў Магілёве нарадзілася 3440 немаўлят, летась — 3725, сёлета за адзінаццаць месяцаў 3711. Прырост насельніцтва, аднак, невялікі — усяго 65 чалавек.

У Беларусі зьмяншаецца колькасьць дзяцей, 1.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG