Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб прыкрыць Чарнобыль, трэба 1 мільярд даляраў


Саркафаг над чацьвёртым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС
Саркафаг над чацьвёртым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС
Сёньня ў Кіеве праходзіць донарская канфэрэнцыя, якая мяркуе сабраць 740 мільёнаў эўра (1 мільярд даляраў), каб прафінансаваць пабудову новага накрыцьця разбуранага ў 1986 годзе рэактара Чарнобыльскай АЭС ды іншыя захады па радыяцыйнай бясьпецы вакол гэтай нядзейнай станцыі.

Выступаючы на канфэрэнцыі, старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу абяцаў 110 мільёнаў эўра з брусэльскай казны на гэтыя праекты.

«Мінула дваццаць пяць гадоў ад гэтай аварыі, але яе наступствы далей адчуваюцца мясцовым насельніцтвам — сярод якога тысячы людзей пацярпелі ад радыяцыі — ды навакольным асяродзьдзем. Падзеі ў Фукусіме ў Японіі таксама нагадваюць нам пра небясьпеку, якую нясе з сабою гэтае пытаньне, таму я мяркую, што сёньня мы павінны яшчэ раз пацьвердзіць нашу салідарнасьць», — сказаў Барозу ў Кіеве.

Да гэтай пары Эўракамісія выдзяліла на розныя захады бясьпекі, зьвязаныя са спыненьнем эксплюатацыі Чарнобыльскай АЭС, 470 мільёнаў эўра. Апошні дзейны рэактар у Чарнобылі быў спынены у сьнежні 2000 году.

У канфэрэнцыі, арганізаванай Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця, бяруць удзел прадстаўнікі групы галоўных індустрыяльных дзяржаваў сьвету (G-8) і краінаў-сябраў Эўразьвязу.

Грошы зьбіраюцца на пабудову адмысловага накрыцьця — выпуклай абалонкі вышынёй 100 мэтраў — якое мае быць «насунутае» зьверху на разбураны рэактар, каб цалкам перакрыць радыяцыю зь яго нетраў. Цяпер рэактар прыкрыты «саркафагам», які быў пасьпешна пабудаваны пасьля аварыі. «Саркафаг» трэба будзе разабраць перад мантажом новай абалонкі. Мяркуецца, што новае накрыцьцё разбуранага рэактара ў Чарнобылі, якое плянуюць завяршыць у 2015 годзе, дазволіць зьняць чарнобыльскае пытаньне зь міжнароднага парадку дня прынамсі да канца гэтага стагодзьдзя.

Частка донарскіх грошай будзе выкарыстаная на пабудову сховішча адпрацаванага ядзернага паліва каля Чарнобыльскай АЭС.

Паводле агенцтва Reuters, донарская канфэрэнцыя ў Кіеве, якая прымеркаваная да адзначэньня 25-х угодкаў чарнобыльскай аварыі, можа і не сабраць патрэбнага мільярда даляраў. Неназваная афіцыйная асоба з Эўракамісіі сказала агенцтву, што арганізатары канфэрэнцыі будуць лічыць сваім посьпехам, калі ўдзельнікі паабяцаюць прынамсі 500 мільёнаў эўра (720 мільёнаў даляраў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG