Нягледзячы на тое, што цягам апошніх гадоў зьменшылася сьмяротнасьць сярод дзяцей да пяці гадоў, ЮНІСЭФ лічыць праблему дзіцячага выжываньня вострай і прапануе свае ініцыятывы. Кіраўнік ЮНІСЭФ Эн Вэнэман падкрэсьлівае, што паляпшэньне мэдычных паслугаў для маці, немаўлят і маленькіх дзяцей, удасканаленьне нацыянальных сыстэмаў аховы здароўя могуць уратаваць жыцьці многіх з болей як 26 тысяч дзяцей, якія паміраюць ў сьвеце кожны дзень.
У справаздачы паказаны ўплыў простых, шырокадаступных захадаў на выжываньне дзяцей. Прыкладам – выключнае кармленьне грудзямі, імунізацыя, вірусная прафіляктыка, дадаваньне ў ежу вітаміну А, Гэта тыя захады, якія выкарыстоўваліся супраць дзіцячай сьмяротнасьці апошнімі гадамі і мелі плён.
ЮНІСЭФ рэкамэндуе павялічыць намаганьні ў прафіляктыцы пнэўманіі, дыярэі, малярыі, вострага недаяданьня і СНІДу. Нацыянальныя сыстэмы аховы здароўя павінны забясьпечыць шырокі доступ дзяцей да магчымасьцяў мэдыцыны. І вырашальнымі тут могуць стаць новыя інвэстыцыі ў ахову здароўя. Але нават і ў слабых сыстэмах аховы здароўя могуць быць дасягнутыя посьпехі, – заяўляе генэральны дырэктар Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Маргарэт Чан. Яна падкрэсьлівае, што інавацыйныя праграмы ў многіх краінах сьведчаць, што нават калі адзін раз дзіця атрымае поўны пакет абслугоўваньня, гэта можа прынесьці карысьць.
У справаздачы падаюцца прыклады пасьпяховых ініцыятываў, такіх, як дапамога зьбяднелым сем’ям у Чорнай Афрыцы ці Ініцыятыва ў змаганьні з адром. Глябальная кампанія тады дапамагла зьменшыць сьмяротныя выпадкі гэтай хваробы прыблізна на 68 працэнтаў ва ўсім сьвеце, і больш як на 90 працэнтаў у Афрыцы, пачынаючы з 2000 году.
Справаздача рэкамэндуе неабходнасьць спалучэньня інвэстыцыяў як у сыстэмы аховы здароўя, гэтак і мэтанакіравана ў мясцовыя амбуляторыі і шпіталі. Важна, каб трапляла дапамога нават у самыя аддаленыя рэгіёны. Найбольш выразна праблема бачыцца на прыкладзе Чорнай Афрыкі, дзе ў 2006 годзе адбылася амаль палова ўсіх сьмерцяў дзяцей да пяці гадоў, пры тым, што там жывуць меней за чвэрць усіх дзяцей сьвету.
“Дзіцячае выжываньне – ня толькі праблема правоў чалавека, гэта таксама і праблема разьвіцьця”, – кажа віцэ-прэзыдэнт Усясьветнага банку ў пытаньнях разьвіцьця людзкіх рэсурсаў Джой Фумафі. Яна падкрэсьлівае, што інвэстыцыі ў здароўе дзяцей і іхных мацярок ёсьць важным эканамічным укладаньнем і адным з безумоўных шляхоў тых краінаў, якія выбіраюць курс на лепшую будучыню”.
ЮНІСЭФ – Дзіцячы Фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў – працуе болей як у 150 краінах, у тым ліку і ў Беларусі, дзеля дапамогі дзецям выжываць і пасьпяхова разьвівацца ад раньняга дзяцінства да юнацтва. ЮНІСЭФ зьяўляецца найбольшым пастаўшчыком вакцынаў у разьвіваныя краіны. Ён падтрымлівае захады на паляпшэньне здароўя дзяцей, якасную адукацыю, абарону дзяцей ад гвалту, эксплюатацыі. ЮНІСЭФ фінансуецца даабраахвотнымі складкамі людзей, фірмаў, фондаў і ўрадаў.