Пошукі гарадзенскіх зьвестак пра Пятра Бярдоўскага ў мяне пачаліся з блогаў. Прозьвішча гэтае сапраўды трапілася, нават ягоны асабісты сайт. Але трапіліся таксама і вірусы. Якім было маё зьдзіўленьне, калі я ўбачыў, што адзін зь іх якраз мае назву “berdovski”.
Чалавека, які ведае Пятра Бярдоўскага, мне ўдалося знайсьці толькі ў Польшчы. Бярдоўскі з Дзянісам Трусавым вучыліся ў 10-й гарадзенскай школе з ангельскім ухілам. Дзяніс сёньня выкладае, дарэчы, ангельскую мову ў польскай гімназіі непадалёк ад беларускай мяжы. Я патэлефанаваў да яго, і ён паведаміў, што Пятро толькі што мусіў вярнуцца ў Амэрыку пасьля няўдалай спробы наведаць Польшчу.
Трусаў: “Так-так-так, ён прыляцеў са Штатаў у Швайцарыю, хацеў далей паехаць у Польшчу, а ў яго візы няма. Ён жа палітычны ўцякач, але аказалася, што палітычным уцекачам патрэбна віза, каб па Шэнгену лётаць”.
Дзяніс удакладніў, што Бярдоўскі яшчэ не грамадзянін ЗША, таму яму патрэбная віза. Папросту ў Бостане яму не падказалі гэта, не зьвярнулі ўвагу, што ў пашпарце стаіць штамп уцекача, патлумачыў Дзяніс Трусаў.
Дзяніс кажа, што ў яго зь Пятром штодзённы кантакт, і што той будзе яшчэ раз спрабаваць трапіць у Польшчу і, напэўна, заедзе да яго. А мэтай Бярдоўскага было сустрэцца з маці, якая мела прыехаць з Горадні ў Беласток. Дарэчы Бярдоўскія жылі ў Грандзічах — вёсцы, якая толькі што ўключана ў межы Горадні.
Трусаў: “Мы зь ім вучыліся ў адной школе. Разам паляцелі ў Нарвэгію па абмену. Там мы зь ім грунтоўна пазнаёміліся, ён стаў маляваць малюнкі для маіх аповедаў. Мы зь ім добра сышліся, хаця ён мяне быў малодшым на тры гады”.
Дзяніс Трусаў працягвае:
Трусаў: “Я ад яго зусім не чакаў, што ён у Штатах застанецца, калі туды па абмену паехаў. І калі прыйшоў час зьяжджаць са Штатаў, ён сказаў: хлопцы, я не хачу нікуды ехаць і стаў шукаць спосабу, каб застацца. Карацей, дванаццаць гадоў таму ён зьехаў з Горадні”.
Вучыўся тады Пятро Бярдоўскі ў дзевятай клясе, сказаў Дзяніс Трусаў.