Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў правяраюць на датычнасьць да “Белсату”


У мінулую суботу ў гомельскай кватэры, якую здымае сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргей Падсасонны, супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. У яго сканфіскавалі жорсткі дыск з кампутару, відэакамэру, флэш-карту. Летась супрацоўнікі КГБ ужо затрымлівалі Падсасоннага і цікавіліся, ці мае ён дачыненьне да спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”? Паказальна, што паралельна ў Менску апэратыўнікі таксама цікавіліся, ці працуюць на “Белсат” іншыя журналісты.


12 студзеня група журналістаў незалежных СМІ запісвала ў Менску інтэрвію з эканамістам Паўлам Данэйкам. Абмяркоўвалася тэма мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ды іншыя актуальныя пытаньні беларускай эканомікі. Аднак пасьля таго, як прадстаўнікі СМІ пачалі разыходзіцца, групу ў складзе Ўладзімера і Галіны Самойлавай, а таксама Валерыя Булдыкі, спынілі супрацоўнікі спэцслужбаў. Усіх затрымалі і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе ўчынілі ператрус і ўрэшце сканфіскавалі апаратуру. Чэкісты аргумэнтавалі затрыманьне тым, што ў доме нібыта зьдзейсьнены крадзёж і падазраванымі могуць быць усе. Не дапамог нават Павал Данэйка, які пацьвердзіў, што ён добра ведае журналістаў.

Падрабязнасьці падае журналіст Уладзімер Самойлаў:

“Забралі відэакамэры, стужкі, нават фотаапарат, які я дачцэ падарыў і ўзяў паздымаць. Адным словам, усё, што маглі, вытрасьлі, і кішэні пачысьцілі. Намагаліся забраць нават лекі ад хваробы сэрца. Але потым вярнулі – маўляў, дрэнна мне стане, хто потым адказваць будзе. Усё абчысьцілі, адным словам, што толькі маглі: флэшкі, дыскеты з працоўным матэрыялам. Ну, усё”.

Карэспандэнт: “Цяпер вы чакаеце нейкай паперы, павесткі, ці што?”

Самойлаў: “Яны тады сказалі так: тэлефануйце ў дзяжурную частку. Гэта людзі, якія нават не прадставіліся, назваў сябе толькі адзін капітан, а два байцы сказалі, што яны апэратыўныя работнікі і маюць права не казаць, хто яны такія. Маўляў, у нас і так служба складаная. І яшчэ чамусьці дадалі, што яны працуюць не за заробак, а па натхненьні. Я ім і кажу: хлопцы, навошта вы забралі столькі ўсялякага хламу, уключна з асабістымі рэчамі? І я іх павінен потым шукаць празь якогасьці дзяжурнага? Разьбярыцеся – патэлефануйце, я прыеду. Не прыеду – кайданкі на мяне надзенеце.

Яны мне ў адказ: а што ў вас у кішэнях? Абшуквайце, адказваю. Няма праблемаў, я што, моцна супраціўляцца буду тром байцам? Я шукаць сам ня буду. Бо забралі нават відэазапісы шлюбу маёй сваячкі. Кажу, паглядзіце спачатку, а яны: няма ў нас часу, іншыя будуць глядзець. Забралі нават дыскеты, дзе мае працоўныя інтэрвію з рознымі людзьмі. Я кажу – вы зараз зьнішчыце, згубіце, а мне гэты матэрыял патрэбны, я працую кожны дзень. Карацей, беспакаранасьць жахлівая, проста нейкі бандыцкі налёт”.

Карэспандэнт: “Лёс тэхнікі невядомы, і калі яна можа да вас вярнуцца –таксама таямніца?”

“Невядома. І я так прадбачу, што ня хутка”.

Як удакладняе спадар Самойлаў, допыт цягнуўся тры гадзіны і раз-пораз апэратыўнікі вярталіся да тэмы, ці не рабіліся відэаздымкі для спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”? Дый адной з умоваў вяртаньня тэхнікі было тое, каб журналісты падалі доказы “легальнасьці здымкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG