Паколькі рэжысэр знаходзіцца ў так званым “чорным сьпісе” неўязных у Беларусь, фільм прадстаўляў актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка. Ён быў галоўным героем папярэдняга фільму Дэмбіньскага пра Беларусь “Урокі беларускай мовы”.
Фільм мае іранічна-сатырычны характар. Менавіта ў такой манеры героі фільму музыкі гурту "N.R.M." Піт Паўлаў і Лявон Вольскі апавядаюць пра Беларусь. Менавіта ў такой манеры сьпявачка Сьвятлана Сугака расказвае пра свой лёс і свой тур па Беларусі, калі яны з калегамі спрабавалі зладзіць сэрыю канцэртаў, але ім гэта забаранілі.
Фільм будзе распаўсюджвацца ў Беларусі рознымі шляхамі. Гаворыць Франак Вячорка:
“Фільм ужо быў прэзэнтаваны ў Польшчы ў дзень адкрыцьця каналу “Белсат”. Гэты фільм быў зроблены сумесна зь “Белсатам”. Сусьветная прэзэнтацыя фільму адбылася яшчэ раней, напрыканцы лістапада, на кінафэстывалі ў Галяндыі. Гэта найпрэстыжнейшы фэстываль у Эўропе. Ад сёньняшняга дня фільм зьяўляецца ў Беларусі і для беларусаў. Фільм трапляе ў лякальныя сеткі, у інтэрнэт для пампаваньня. Будзе распаўсюджвацца праз DVD-дыскі, CD-дыскі. Кожны ахвотны зможа яго паглядзець, набыць, знайсьці”.
Піт Паўлаў патлумачыў “Свабодзе”, што само слова партызанка для беларусаў мае асаблівы сэнс:
“Гэта плён амаль трохгадовай супрацы зь Міраславам Дэмбіньскім. Ён сустракаўся з намі – са мной і зь Лявонам. Ён запісваў такія відэа-інтэрвію і запісваў нашыя відэа-канцэрты. А ў нейкі момант у яго ў галаве, відаць, зьявілся мастацкая канцэпцыя, як гэта ўсё агарнуць”.
Цягам тыдня наведнікі інтэрнэту змогуць паглядзець фільм, у якім, дарэчы, адмыслова аўтары зьмянілі апошні куплет папулярнай у моладзі песьні “Чарапаха”.