Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Васілевіч вызвалены з пасады старшыні Канстытуцыйнага суду


Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч

Аляксандар Лукашэнка вызваліў з пасады старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгора Васілевіча.


У паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі гаворыцца: Р.Васілевіч вызвалены з пасады ў зьвязку са сканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў.

Адстаўку старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча камэнтуюць колішнія ягоныя калегі па першаму складу Канстытуцыйнага суду –былыя судзьдзі Міхаіл Пастухоў і Валеры Фадзееў.

Пастухоў: “Для мяне гэта сэнсацыя, хаця чуткі былі, нібыта яго прапануюць на іншыя пасады, але ж канец канцоў здарылася гэтая падзея... Я ведаю спадара Васілевіча з даўніх часоў, калі мы былі ў першым складзе Канстытуцыйнага суду. Потым ён праявіў сябе, так бы мовіць, як “асабіст”, як той судзьдзя, які меў асабістую думку, калі Канстытуцыйны суд прымаў рашэньне пра прызнаньне неадпаведным Канстытуцыі таго ці іншага ўказу прэзыдэнта. У далейшым яго пазыцыя была ўсё-ткі заўважана кіраўніком дзяржавы, і Васілевіч быў прызначаны на пасаду кіраўніка.

Я так лічу, што ў канцы студзеня будзе зьменены ўвесь склад Канстытуцыйнага суду, паколькі менавіта ў гэты час быў сфармаваны новы склад Канстытуцыйнага суду ў 1997 годзе, і я быў вызвалены тады ад пасады судзьдзі Канстытуцыйнага суду.

Я зьдзіўлены тым, што за адказную працу сп.Васілевіча ўсё-ткі не пакінулі на пасадзе кіраўніка Канстытуцыйнага суду. Я ведаю, што ён імкнуўся на гэтай пасадзе праявіў сябе адданай асобай. Куды яго прызначаць далей – невядома, але я думаю, што ён ня згубіцца ў шэрагу чыноўнікаў сёньняшняй улады”.

Фадзееў: “З чым гэта зьвязана? Тэрміны ўжо выйшлі. А што да барацьбы, то якая барацьба? Гэта калі Вярхоўны савет выбіраў, дый тое, ён жа на прапанову прэзыдэнта выбіраў, паводле Канстытуцыі 1994 году. А зараз іншая сыстэма прызначэньня. Я ня думаю, што будзе нейкая барацьба. Барацьба можа быць толькі ў адной галаве... Што тычыцца кандыдатуры, то зараз старшыня прызначаецца прэзыдэнтам са згоды Савету рэспублікі, таму на гэтым узроўні і будзе вырашацца пытаньне. Там ёсьць жа намесьнік, суд без кіраўніцтва не застаецца пакуль што”.

Карэспандэнт: “Спадар Васілевіч заўсёды вызначаўся сваім асаблівым меркаваньнем – яно ўжо пайшло ўразрэз зь меркаваньнем іншых, як вы лічыце?”

Фадзееў: “Ён вызначаўся сваім меркаваньнем, калі быў Канстытуцыйны суд першага складу. А зараз у яго не было асаблівага меркаваньня.

Мне цяжка сказаць, куды яго накіруюць далей, я ўжо далёкі ад гэтага. Рэч утым, што шмат судзьдзяў пайшло ў адстаўку, і яшчэ, відаць, некаторыя сыдуць”.

Карэспандэнт: “У прынцыпе, ён жа спраўляўся са сваімі абавязкамі?”

Фадзееў: “Цяжка сказаць, апошнім часам у суда былі праблемы, зьвязаныя з тым, што да іх амаль не зьвярталіся тыя суб’екты, якія вызначаныя ў 116 артыкуле Канстытуцыі, таму суд разглядаў справы, карыстаючыся ня гэтым артыкулам, а нейкімі агульнымі нормамі аб праве грамадзянаў зьвяртацца ў суд і г.д. Так што тут ёсьць і гэтая праблема. Ясна, як яна будзе вырашацца – яна будзе заставацца ў такім жа стане, як і была, відаць, бо зваротаў ня так многа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG