Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд заступіўся за беларускую мову


Радыё Свабода “Адказнасьць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не скасоўваў” – заявіў сёньня старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч , выступаючы на сэмінары па ўжываньні міжнародных стандартаў у беларускім правасудзьдзі.

Судзьдзя паведаміў, што ў Канстытуцыйны суд неаднойчы траплялі скаргі на тое, што суды не прымаюць заявы, напісаныя па-беларуску. “Я сам бачыў рэзалюцыю: “Перепишите заявление на нормальном языке», - паведаміў Рыгор Васілевіч. Ён нагадаў, што паводле Канстытуцыі ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы і таму такая рэзалюцыя – гэта непавага да дзяржаўнай мовы.

Як яшчэ адзін прыклад падобнага стаўленьня старшыня Канстытуцыйнага суду назваў выпадак з гамельчуком Сяргеем Сямёнавым, які пры перасячэньні мяжы папрасіў блянк мытнай дэклярацыі на беларускай мове. У адказ на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол аб непадпарадкаваньні патрабаваньням службовай асобы.

Рыгор Васілевіч заклікаў судьдзяў карыстацца беларускай мовай на патрабаваньне ўдзельнікаў працэсу.

Дарэчы, як паведаміў намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч, прысуд, вынесены Сяргею Сямёнаву, будзе разглядацца Вярхоўным судом.

Спадар Калінковіч заявіў, што будзе дадзеная праўная ацэнка дзеяньням супрацоўнікаў мытні, судзьдзяў і самога Сямёнава, які быў аштрафаваны на 30 тысячаў рублёў.

Падставай для праверкі стала публікацыя пра выпадак зь Сямёнавым у “Комсомольской правде в Белоруссии». Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду сказаў: “Я хацеў бы папярэдзіць усіх судзьдзяў: пры прыняцьці рашэньняў вам трэба думаць самім. Ня сьлепа давяраць тым пратаколам і рапартам, што вам паклалі на стол, а самім ацэньваць сытуацыю. У любым выпадку адказнасьць за свае рашэньні вы бераце на сябе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG