“З Новым Годам, з новым шчасьцем” - віншуем мы машынальна і па інэрцыі. Мы ня ўкладваем у гэтыя словы нейкага асаблівага зьместу, бо і пажаданьне няшмат нам каштуе, і само слова ня мае дзейнай моцы. Гэта справа традыцыі, гэтак як і вельмі пашыранае перакананьне, што “які пачатак новага году - такі будзе і ўвесь год”. Няўжо сустрэўшы Новы Год прыемна і ў вясёлай кампаніі, можна будзе гарантаваць, што вясёлы і прыемны будзе ўвесь 2008 год?
Зь немалым зьдзіўленьнем я прачытаў, што да гэтага дадумаўся ўжо Ян Залатавусны ў IV стагодзьдзі. “Крайне неразумна па адным шчасьлівым дні спадзявацца такога цягам усяго году. ...Наіўна разьлічваць не на ўласную руплівасьць і актыўнасьць, але на круглыя і ўмоўныя даты. Шчасьлівым будзе для цябе новы год не таму, што сустракаеш яго застольлем і п'янствам, але таму, што кожны дзень спрабуеш пражыць разумна і плённа”.
Аглядаючыся назад, мы бачым, што ўсім нам ёсьць у чым каяцца, і адначасова ёсьць за што дзякаваць - адны скажуць “лёсу”, іншыя “Богу”. Колькі рэчаў і справаў мы занядбалі з прычыны бестурботнасьці, ляноты альбо злой волі! Колькі раз паступілі неразумна, маладушна і ганебна! Разам з тым, ня раз маючы магчымасьць зрабіць сапраўды добрае - пайшлі за голасам уяўнага дабра і самалюбнага сэрца. Рупячыся пра сваю шкуру і свой “хлеб надзённы” жылі і паводзілі сябе так, як быццам сонца для нас ніколі ня мела зайсьці. Але для шмат каго яно зайшло. Для шмат каго з нашых блізкіх і знаёмых гэта быў апошні год.
Вось таму, што мы атрымалі падарунак далейшага жыцьця, ці адтэрміноўку непазьбежнага прысуду - ёсьць за што дзякаваць. Хаця ня ўсё ў прыватным і працоўным жыцьці адбылося гэтак, як мы хацелі б, але ж магло быць і горш. Заўсёды, зайздросьцячы нечага іншым, аглядаючыся на суседа, што ў яго нават трава зелянейшая, варта ўсьведаміць, што заўсёды будзе нехта здаравейшы, шчасьлівейшы і багацейшы за нас, а з другога боку, вакол нас безьліч людзей яшчэ больш за нас нямоглых, больш няшчасных і бяднейшых.
Паводле кітайскага календара, у пачатку лютага пачнецца “Год Пацука”. Кітайцы вераць ў 60-гадовы цыкл, у 12 задыякальных знакаў, зь якіх першы менавіта пацук ці мыш. Яны вераць, што будучыню можна спрагназаваць супастаўляючы “чатыры стаўпы лёсу” - год, месяц, дзень і гадзіну народзінаў – зь пяцьцю элемэнтамі прыроды: агнём, зямлёю, вадою, паветрам і дрэвам. “Год пацука” ў кітайскім календары сымбалізуе зямлю над вадою. Зямля дае пачуцьцё стабільнасьці, аднак калі яна на вадзе, дык ня мае надзейнага падмурку. Знаўца кітайскага календара і мэтафізыкі Раймонд Ло лічыць, што канфлікт паміж зямлёю і вадою можа прынесьці ў наступным годзе шэраг важных падзеяў глябальнага значэньня, зьмену кіруючых рэжымаў, прыродныя катаклізмы, ураганы, землятрусы і паводкі, а таксама вялікую колькасьць авіякатастрофаў. У эканоміцы, паводле Раймонда Ло, пасьля году “агню”, які сымбалізуе фінансавыя рынкі, адбудзецца схалоджваньне іх вадою, інвэстары будуць больш абачлівыя і кансэрватыўныя, што на практыцы будзе азначаць застой. Можа гэтак і будзе, але прааналізаваўшы кітайскі каляндар, мне ад гэтага ня стала лягчэй. Прыйшлося канстатаваць, што я надалей нічога ня ведаю ні пра свой лёс, ні пра лёс сьвету.
Досьвед пацьвярджае слушнасьць прымаўкі, што “гэтак будзе не заўжды”, што памыснасьць і тое шчасьце, якога мы сабе ды іншым жадаем, хутчэй за ўсё мае форму сінусоіды: то лепш, то горш. Мабыць таму - як мінімум - традыцыйна разьвітваючыся са “старым” і сустракаючы “новы год” зь сям'ёю, з блізкімі, зь сябрамі, альбо і ў вялікай, шумнай, ананімнай кампаніі - выпадала б крыху пабыць сам-насам з самім сабою, са сваім сумленьнем, падсумаваць мінулае і скласьці нейкі плян на будучыню. Калі канчаецца чарговы этап у жыцьці званы “ годам” і мы адчыняем дзьверы ў Няведамае, варта прааналізаваць свае ўчынкі і намеры ў сьвятле таго, што “усё праходзіць”. Якраз на парозе новага Году варта задумацца над тым, як абнавіць сваё жыцьцё, каб наступны год перажыць больш разумна і плённа. Чарговы адрэзак часу сам па сабе ня можа прынесьці нечага новага і лепшага, калі мы самі не спрабуем скінуць зь сябе старое і аджылае. Нам проста трэба працягваць тое, што нам даручана і да чаго мы пакліканыя, трэба працаваць дзеля лепшай будучыні без пафасных лёзунгаў і радаснай статыстыкі, але са штодзённай, ананімнай сумленнасьцю. Нам ня трэба нічога перавыконваць, але проста добра выканаць, ня трэба велічных посьпехаў у ажыцьцяўленьні нейкіх велічных ідэяў. Трэба проста зрабіць тое, што ад нас залежыць і што мы павінны зрабіць, а астатняе – гэта толькі пажаданьні, і я жадаю нашых слухачам і чытачам Шчасьлівага Новага Году.