Чэхія была адной з краінаў, дзе апошнім часам атрымлівалі прытулак палітычныя ўцекачы зь Беларусі. Агулам раней прымянялася правіла, што ўцякач павінен папрасіць прытулку ў першай свабоднай краіне, куды ступіць яго нага. Што мяняецца цяпер, спытала я Іржы Чалікоўскага.
"Правілы ў гэтым сэнсе амаль не зьмяняюцца. Факт, што кантроль на межах паміж краінамі шэнгенскай дамовы адменены, і на гэтых межах ужо няма дзе папрасіць палітычнага прытулку. Такім чынам, застаецца тое правіла, што просьба мусіць быць пададзеная на зьнешняй мяжы. Напрыклад, у выпадку Польшчы на зьнешняй наземнай мяжы, або, у выпадку Чэхіі, у аэрапорце. У нас хіба сапраўды застанецца толькі магчымасць падаць просьбу аб прытулку ў міжнародным аэрапорце.”
Прадстаўнікі чэскага Міністэрства ўнутраных спраў падкрэсьліваюць, што свабода перамяшчэньня ў межах Шэнгену для замежных грамадзянаў можа здацца падманлівай. Застаюцца пэўныя правілы і абмежаваньні, недатрыманьне якіх можа абярнуцца непрыемнымі санкцыямі. Гаворыць Шарка Махоткава:
“Кожны замежнік, грамадзянін так званых трэціх дзяржаў, што маюць візавы рэжым з Шэнгенам, павінен ясна ўсьвядоміць, што мае ў пашпарце: чэскую візу або дазвол на жыхарства. Таму што у гэтым заключаецца вельмі вялікая розьніца ў яго магчымасьцях падарожжаў па Шэнгену. Калі мае ў сваім замежным пашпарце дазвол на доўгатэрміновае або пастаяннае жыхарства, дык пачынаючы 21 сьнежня ён можа паехаць у Бэрлін ці Вену на калядныя кірмашы, можа падарожнічаць па Шэнгену без патрэбы мець нацыянальныя візы ”.
Тэрмін такога падарожжа можа працягвацца 90 дзён на працягу паўгода. Але, як далей патлумачыла Шарка Махоткава, калі грамадзянін атрымаў у пасольстве, напрыклад, Чэхіі, не дазвол на побыт, але доўгатэрміновую візу, то гэта дае яму права знаходзіцца ў Чэхіі ў часе дзеяньня візы, але падарожжа па іншых краінах Шэнгену дазволенае толькі з мэтай транзыту, і не больш як на 5 дзён.
Як вядома, кожная дзяржава мае свой сьпіс непажаданых замежных асобаў, якіх не хоча вітаць на сваёй тэрыторыі. Ці аб’яднаныя зараз нацыянальныя сьпісы асобных дзяржаў у шэнгенскай інфармацыйнай базе, чаго можна спадзявацца тым, хто хоць аднойчы зьдзейсьніў у замежжы правапарушэньне, пратэрмінаваў побыт і гэтак далей? Адказвае Іржы Чалікоўскі:
"Агулам, што датычыць грамадзянаў трэціх дзяржаў, дык у гэтыя дні адбываецца запіс так званых непажаданых асобаў з нацыянальных баз новых краінаў-сябраў у шэнгенскую інфармацыйную сыстэму. Зьвесткі не перапісваюцці цалкам 100працэнтна, але толькі тыя выпадкі , якія ўяўляюць небясьпеку для ўсёй шэнгенскай прасторы.”
Іншыя падрабязнасьці пра ўмовы ўезду і знаходжаньня ў Чэхіі пасьля яе далучэньня да Шэнгенскай дамовы на сайце www.euroskop.cz/schengen