Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ правялі ў Вільні прэзэнтацыю ўнівэрсытэту


Тацяна Поклад, Вільня Учора ў Вільні студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту з нагоды Міжнароднага дня студэнта правялі гарадзкую прэзэнтацыю сваёй навучальнай установы. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, зачынены беларускімі уладамі ў 2004-м, аднавіў сваю дзейнасьць у Вільні сёлета. Цяпер на 1 і 2 курсах трох дэпартамэнтаў ЭГУ вучыцца каля 170 студэнтаў, зьявіліся і новыя факультэты, у тым ліку беларусістыка.

Імпрэза адбывалася ў адным зь вядомых віленскіх клюбаў на беларускай і расейскай мовах. На пэрформансе было сымбалічна прадстаўлена, як да расейскамоўнага абстрактнага філязафаваньня далучаецца “жывая беларускамоўная і беларускасьпеўная хваля” і бел-чырвона-белы сьцяг. І як актуальная тэма для ЭГУ была прадстаўленая ідэя акадэмічнай супольнасьці, пачуцьця еднасьці – у пантаміме студэнты паказвалі, як адасобленыя і адарваныя ад усяго сьвету шкаляры патанаюць у кніжках, трацяць сваю адметнасьць і волю, а выратоўваюцца толькі дзякуючы разуменьню таго, што азначае быць разам.

На сьценах залі былі плякаты на розных мовах: “ЭГУ – гэта мы!”, “Для нас межы – не перашкода, розум не закрыць ні прутамі, ні сьценамі”, “Усе беды я перамагу, бо я вучыўся ў ЭГУ”.

Арганізатары імпрэзы кажуць, што хацелі прадэманстраваць, што ЭГУ жыве і што студэнты здольныя займацца ня толькі вучобай, але могуць паказаць сябе і ў грамадзкім і культурным жыцьці. Я падыходзіла зь мікрафонам да самых розных студэнтаў у залі. Вось як студэнты ЭГУ успрымаюць дзень студэнта і саміх сябе, сваю ролю у грамадзтве:

(Сяргей, факультэт філязофіі: ) “Магчыма, мае быць жалоба па тых трагічных падзеях, цяпер гэта ніяк не адчуваецца...”

(Павал, факультэт культуралёгіі: ) “Студэнты ЭГУ, за прыкладам і аксамітнай рэвалюцыі ў Празе, і памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве як палітычна актыўныя людзі будуць удзельнічаць у палітычных плынях нашай краіны, Беларусі. Мы ня толькі весялосьць, мы – грамадзяне: тое, што патрабуе ад нас нашая краіна, мы выканаем. Але ж дзень студэнта для нас – гэта магчымасьць адпачыць”.

(Вольга, факультэт філязофіі: ) “Мы вось і спрабуем усё спалучаць: і вучобу, і адпачынак”.

(Іван, факультэт культуралёгіі: ) “Мы – рэальная сіла, якая можа ўсё перавярнуць, таму што сіла – у маладосьці. І мы сапраўды ўсіх пераможам”.

(Вадзім, магістрант паліталёгіі: ) “Студэнтам, пэўна, лепш самім відаць чаго яны хацелі б ад жыцьця, урэшце яны гэта й атрымаюць. У любым разе, такія суполкі дапамагаюць разьвіцьцю беларускай салідарнасьці, і калі не рэвалюцыі, то эвалюцыі дакладна спрыяюць”.

Дадам, што частка студэнтаў ЭГУ брала актыўны удзел у акцыі салідарнасьці 16 лістапада ў Вільні і плянуе такую самую акцыю правесьці й 16 сьнежня. А месяц таму ў Вільні адбываўся шматтысячны студэнцкі мітынг “Хвіліна маўчаньня – вышэйшай адукацыі”, на які прыехалі студэнты з усяе Літвы, каб патрабаваць паляпшэньня фінансаваньня адукацыі. У гэтым мітынгу студэнты ЭГУ, як і іншыя беларускія студэнты Вільні, ня ўдзельнічалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG