Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турмы "турмы народаў”


Удзельнічае гісторык Захар Шыбека


“Канстанцін Міцкевіч мінаў знаёмыя будынкі: двухпавярховую камяніцу адміністрацыі, лядоўню, стайню, хлеў, шорную майстэрню. За сьпіной застаўся вялікі сад. Спыніўся ля сажалкі. Угледзеўся. У люстэрку вадзяной паверхні нібыта адбівалася ягонае нядаўняе жыцьцё – настаўніцкі сход у Мікалаеўшчыне, арышт, пасяджэньне Менскага акруговага суду. Балела сьпіна, хоць учора і парыўся ў лазьні. Ад няякаснай ежы натужна бурчэў страўнік. Добра, што шпітальны лекар нічога падазронага пакуль не знайшоў.

Трэба было вяртацца ў свой нумар, што месьціўся ў каменным трохпавярховым будынку з прыгожымі вежамі па баках. Чакалася незвычайная вячэра. У сьвяточныя дні падавалі ялавічыну. Усё было больш-менш цярпіма (дапамагала літаратурная праца), калі б ня гэтая турэмная агароджа і няспынны нагляд, нават у час шпацыру”.

Рэканструкцыя побыту Якуба Коласа ў менскай турме (Пішчалаўскім замку) у 1908–1911 гадох, зробленая на падставе матэрыялаў перапісу домаўладаньняў Менску 1910 году”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Так, гэта быў не савецкі санаторый, дзе пазьней ня раз адпачываў Якуб Колас, аднак, хто ведае, можа, і той савецкі санаторый нагадваў вялікаму беларускаму песьняру менскі астрог. Ва ўсякім разе, царскія паслугачы ў Беларусі ставіліся да сваіх ахвяраў, здаецца, больш гуманна, чым іх пераемнікі – бальшавікі. Да пытаньня, што ж сабой уяўлялі царскія турмы ў Беларусі, мы вернемся пазьней. А найперш – ці шмат было турмаў у Беларусі ў 19 – пачатку 20 стагодзьдзя?”


Захар Шыбека: “Пасьля далучэньня Беларусі да Расеі тут, на землях супрацьстаяньня польскай і расейскай культураў, каталіцызму і праваслаўя, была створана разгалінаваная сыстэма турмаў. Турэмныя памяшканьні меліся ў кожнай воласьці. Астрогі ж знаходзіліся ў кожным губэрнскім і павятовым горадзе. Амаль усе гэтыя астрогі займалі адмыслова пабудаваныя для іх (пераважна ў 1820-х гадох) каменныя будынкі. Пасьля паўстаньня 1831 году месцаў для палітвязьняў у астрогах не хапала, і іх філіі адкрываліся ў касьцельных памяшканьнях, прыватных палацах і дамах. Такая ж сытуацыя склалася і пасьля паўстаньня 1863 году. Тады ўжо ў астрогі ператваралі ня тое што асобныя касьцельныя будынкі, а цэлыя касьцёлы і кляштары, якія ў масавым парадку закрываліся. Так, у цяперашнім Сьвятадухаўскім праваслаўным храме, што на плошчы Свабоды ў Менску, у 1863–1864 гадох месьцілася турма для палітвязьняў. Праваслаўную сэмінарыю давялося перасяліць у прыватныя памяшканьні. У сутарэньнях храма пад арыштам пабываў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і ягоная дачка Каміла”.

Ракіцкі: “Калі прыйшлі ў Беларусь расейцы, яны пачалі будаваць новыя турмы, ствараць сваю турэмную сыстэму, ці працягвалі тое, што было да іх у Вялікім Княстве Літоўскім?”

Шыбека: “У вялікай колькасьці астрогаў у ВКЛ не было неабходнасьці. Паводле Статута Княства, у судовых выраках пераважалі грашовыя штрафы, а не турэмныя зьняволеньні. Шляхціцаў дык увогуле садзілі пад арышт толькі ў выключных выпадках, як забойцаў сабе роўных. Таму ў адпаведнасьці з гэтай традыцыяй і дуэляў сярод шляхціцаў, адрозна ад расейскіх дваранаў, не было. За зьнявагу кроў не пралівалі, а плацілі вялікі штраф. Так патрабаваў закон. А вось пасьля далучэньня да Расеі турмаў, што меліся ў ВКЛ, царскаму ўраду не хапала. Бо адразу ж узьніклі масавы антырасейскі супраціў і масавыя турэмныя пакараньні”.

Ракіцкі: “І колькасьць палітычных зьняволеных павялічылася?”

Шыбека:
“Можна меркаваць, што палітычных зьняволеных у ВКЛ амаль што не было. Шляхта мела законнае права выступаць супраць манарха са зброяй у руках і ў апоры на ўласнае войска. Гэта, дарэчы, потым і загубіла дзяржаву. Але былі выпадкі, што палітычных праціўнікаў выдалялі з краіны”.

Ракіцкі: “І царызм для застрашваньня і пакараньня беларускіх патрыётаў, відаць, не абмяжоўваўся толькі сыстэмай турмаў?”

Шыбека: “У савецкіх дапаможніках прагрэсіўнасьць далучэньня Беларусі да Расеі абгрунтоўвалася далучэньнем да неабсяжных расіейскіх рынкаў. Нібыта неабсяжнасьць рынкаў вымяраецца неабсяжнымі сыбірскімі прасторамі, а не пакупной здольнасьцю людзей. Сапраўды, мы атрымалі неабсяжныя сыбірскія прасторы, але ня ў якасьці рынку, а ў якасьці самага надзейнага астрога, якога раней ня мелі і нават не ўяўлялі аб яго існаваньні. Акрамя таго, беларускія гарады былі нашпігаваны расейскімі вайскоўцамі. Іх агульная колькасьць вагалася ад 100 да 200 тысяч чалавек”.

Ракіцкі: “А зараз вернемся да стану турмаў. Ці ўсе яны былі падобнымі на менскі астрог, з лазьнямі, лякарнямі, садам для шпацыру і нават з сажалкай для хараства?”

Шыбека:
“Што тычыцца расейскіх астрогаў у Беларусі, дык усюды ў іх існаваў даволі прыстойны парадак. Меліся сакрэтныя камэры для ўтрыманьня неспакойных арыштантаў, а таксама асобныя пакоі для перасыльных арыштантаў. Мясцовыя вязьні разьмяркоўваліся па камэрах паводле ўзросту і віду злачынства. Падсудныя ўтрымліваліся асобна ад пакараных, хворыя ізаляваліся. У турэмных шпіталях меліся асобныя пакоі для мужчынаў і жанчын. Калі турэмных лазьняў не было, дык арыштантаў дастаўлялі ў лазьні прыватныя”.

Ракіцкі: “І ўсюды такія нормы вытрымліваліся?”

Шыбека: “Зразумела, што бывалі выпадкі, калі астрогі, асабліва павятовыя, не маглі забясьпечыць усе неабходныя дзеля ўтрыманьня арыштантаў умовы, якія патрабаваліся законам. Менскі астрог быў адным зь лепшых у Беларусі. Умовы жыцьця вязьняў пасьля рэвалюцыі 1905 году пакрысе паляпшаліся. Многае залежала і ад арыштантаў. Яны самі павінны былі сачыць за парадкам і чысьцінёй. Хоць рабіць гэта было ня проста. Бялізна мылася і разьвешвалася наўпрост у перапоўненых камэрах. Дроў для ацяпленьня заўсёды не хапала. Лазьні часта не прыбіраліся і не праветрываліся. Самым брудным месцам у астрозе былі прыбіральні. Бруд, вільгаць, холад, душнае і цяжкае паветра выклікалі частыя захворваньні”.

Ракіцкі: “Вы сказалі, што “самым брудным месцам у астрозе былі прыбіральні. Прыбіральні былі ў калідорах, ці людзі спраўлялі свае патрэбы на “парашах” у камэрах, як цяпер?”

Шыбека: “Для прыбіральняў звычайна адводзіліся асобныя пакоі на калідорах. А калі прыбіральні знаходзіліся на вуліцы (а гэта пераважна ў валасных турмах), тады арыштантаў вадзілі ў гэтыя месцы пад канвоем”.

Ракіцкі: “Захворваньням, відаць, спрыяла і дрэннае харчаваньне?”

Шыбека:
“Нормы харчаваньня вызначала Міністэрства ўнутраных справаў у адпаведнасьці з цэнамі на прадукты ў кожнай губэрні. Выдаваліся хлеб, крупы, гародніна, сала, алей, соль, селядзец. І толькі па сьвятах – ялавічына. Харчаваньне арыштантаў залежала ад іх сацыяльнага статусу. Дваранам і чыноўнікам грошы выдаваліся на рукі. Іншым ежа гатавалася на агульнай кухні. Кухары, звычайна, выбіраліся зь ліку нязначных злачынцаў. Увогуле, арыштанты простага паходжаньня займаліся штодзённымі гаспадарчымі справамі: працавалі ў турэмных майстэрнях, калі яны існавалі, прыбіралі камэры, калідоры, турэмную тэрыторыю, насілі ваду, секлі дровы, мылі і рамантавалі вопратку”.

Ракіцкі: “А бялізну, адзеньне арыштанты прыносілі з сабой, ці яны выдаваліся ў турме і мелі нейкі стандарт?

Шыбека: “Вязьні забясьпечваліся вопраткай, абуткам і комплексам для ложка. Праўда, шмат раскрадалася, і арыштанцкае адзеньне заношвалася да дзірак. Пры перапаўненьні турмаў даводзілася спаць на драўлянай падлозе, падклаўшы вопратку пад галаву. А як выглядала турэмная форма, уявіць ня цяжка. Яе прыкметы захаваліся і ў савецкіх турмах”.

Ракіцкі: “І гэтая пераемнасьць назіралася, відаць, ня толькі ў турэмнай форме?”

Шыбека: “Турэмная сыстэма царскай Расеі была адзіная з царскай спадчыны, якую бальшавікі не кранулі, а перанялі амаль што ў поўным аб'ёме і потым на працягу 76 гадоў “удасканальвалі”. Ужо Ленін стаў вынаходнікам першых канцлягераў. З пачаткам масавых сталінскіх рэпрэсіяў магчымасьці царскіх турмаў былі вельмі хутка вычарпаны. Сядзелі, літаральна, адзін на адным. Вязьняў касілі эпідэміі. Асабліва вострая сытуацыя склалася ў аршанскай турме. Там пачалі бунтаваць. Кіраўніцтва БССР вымушана было спэцыяльна разглядаць турэмнае пытаньне і клапаціцца аб пабудове дадатковых турмаў. Абвяшчэньне палітычных вязьняў вар'ятамі пачалося ў 1863 годзе, калі ўжо вядомую дачку Дуніна-Марцінкевіча Камілу зьмясьцілі ў "псыхушку", а потым, у пару Брэжнева, гэтая справа пасьпяхова прадаўжалася – у "псыхушкі" зьмяшчалі ўжо савецкіх дысыдэнтаў”.

Ракіцкі: “Звычайна кажуць, што ў турмах злачынцаў перавыхоўваюць. З гледзішча маральнага выхаваньня, бальшавіцкія турмы таксама прадоўжылі традыцыі царскіх?”

Шыбека: “Асноўнымі сродкамі "перавыхаваньня" былі катаваньне і рэлігія. Астрожнае кіраўніцтва вельмі сачыла за тым, каб адбываліся штодзённыя маленьні арыштантаў раніцай і ўвечары, павучальныя размовы са сьветарамі, чытаньне Бібліі. У Гарадзенскім астрозе мелася нават свая царква. Часам проста ў турэмных калідорах адкрываліся каплічкі. Аднак, як правіла, арыштанты маліліся ў камэрах. У савецкіх турмах сталінскага пэрыяду пытаньне аб маральным выхаваньні нават не ставілася. Уся ўвага скіроўвалася на палітычных вязьняў. З дапамогай катаваньняў рабілася ўсё, каб прымусіць іх прызнацца ў варожай дзейнасьці супраць савецкай улады ды потым выкарыстаць у якасьці дармавой працоўнай сілы на сталінскіх будоўлях. І трэба сказаць, што ў майстэрстве катаваньняў бальшавікі былі больш вынаходлівымі за царскіх катаў. Тыя толькі вырывалі з галавы валасы, а іх пераемнікі яшчэ і ўтыкалі ў сьвежыя ранкі іголкі”.

Ракіцкі: “Зразумела, што бяз турмаў пакуль яшчэ ніводнае грамадзтва абысьціся ня можа. А бязь зьдзекаў над вязьнямі, я сам бачыў у швэдзкай турме, абысьціся можна. Дык чаму зьдзекуюцца над людзьмі, хай сабе і злачынцамі?”

Шыбека: “Злачынства, на жаль, зьяўляецца непазьбежным усюды. Гэта так. Аднак яго памеры залежаць ад прафіляктычнай працы ў грамадзтве, якая, праўда, патрабуе адпаведных капіталаўкладаньняў. Для бальшавікоў таньней абыходзіліся застрашваньні, зьдзекі, катаваньні. Традыцыя зьдзекаваньня тлумачыцца шэрагам ідэалягічна-палітычных матываў. Гэта – палітычная помста ці расплата. Гэта – ідэалягічная нецярпімасьць, якая ідзе з часоў сярэднявечнага рэлігійнага фанатызму. Гэта – непавага да чалавека, ягонай чалавечай годнасьці. А галоўнае – бязбожжа, атэізм, адмаўленьне таго, што над судом людзкім узвышаецца суд Боскі”.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG