Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа патаньнець жытло ў Беларусі?


Юлія Шарова, Менск Пра пэрспэктывы патаньненьня жыльля прыкладна на 40 адсоткаў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі міністар архітэктуры і будаўніцтва Генадзь Курачкін. Ня так даўно Лукашэнка загадаў ураду разабрацца з цэнамі на кватэры. На што могуць разьлічваць людзі, якія хочуць пабудаваць сабе жытло?

Кошт аднаго квадратнага мэтра жытла, якое будуецца зь дзяржаўнай падтрымкай, – 300 – 400 даляраў. У прыватнікаў мэтар будзе каштаваць ужо 800 – 1000 даляраў. Цяпер, са словаў міністра архітэктуры Генадзя Курачкіна, цэны павінны пайсьці ўніз – найперш дзякуючы зьніжэньню сабекошту. Нормы выдаткаў на праектаваньне перагледжаныя – гэта мінус 15 адсоткаў для ўсіх. Апрача гэтага, Менск і вобласьці адмаўляюцца ад абавязковых выплат на разьвіцьцё інжынэрнай інфраструктуры гораду – для тых, хто будуе кватэру за свае грошы ў прыватнікаў. Гэта мінус 17 адсоткаў ад сабекошту жытла ў рэгіёнах і мінус 27 адсоткаў у сталіцы. Такім чынам, кватэры значна патаньнеюць, цьвердзіць спадар Курачкін.

Ніякага ўмяшаньня ў справы прыватных фірмаў, якія часам абвінавачваюць у накручваньні цэнаў, ня будзе, запэўніў міністар.

(Курачкін: ) “Калі ў Маскве даходзіць да 800 адсоткаў рэнтабэльнасьць на перапродаж новага жытла, то ў нас такіх лічбаў няма. А што да прыватных фірмаў, якія будуюць жытло, яны, наадварот, толькі вітаюцца, і мы ім не перашкаджаем”.

Абмежаваньняў пры атрыманьні ліцэнзіі для такіх фірмаў няма, запэўнівае спадар Курачкін. Галоўнае, былі б спэцыялісты з належнай кваліфікацыяй, гаворыць міністар.

Аглядальнік тыднёвіка “Белорусский рынок” Уладзімер Тарасаў лічыць, што пачаць прыватны бізнэс у сфэры будаўніцтва ў Беларусі складана. У першую чаргу таму, што з павелічэньнем колькасьці будаўнічых фірмаў на рынку вырасьце канкурэнцыя – цэны самі пойдуць уніз. А дзяржава ў вялікай канкурэнцыі ў сфэры будаўніцтва не зацікаўленая, таму пускае на рынак далёка ня ўсіх. Адпаведна, растуць і цэны, кажа спадар Тарасаў.

(Тарасаў: ) “Прычына высокіх цэнаў на жытло – гэта нізкія аб’ёмы будаўніцтва. Рэч у тым, што ў нас вельмі мала будуецца дамоў, і ахвочых набыць кватэру нашмат болей за той аб’ём прапановаў, які цяпер ёсьць на рынку”.

Зь ягоных словаў, захады, пра якія гаворыць Генадзь Курачкін, могуць зьнізіць толькі сабекошт жытла, самі кватэры ад гэтага не патаньнеюць, бо попыт на іх па-ранейшаму расьце. Ёсьць яшчэ адна прычына, зь якой цяпер мала будуюць – атрымаць дзялянку пад новы дом складана. Нават дзяржаўныя структуры не заўсёды “выбіваюць” сабе зямлю пад новыя дамы. А прыватнікі найчасьцей змушаныя даваць хабар, каб атрымаць дзялку. Уладзімер Тарасаў кажа, што цераз гэта неўзабаве ў Менску можа выбухнуць вялікі скандал. Але й тут чыноўнікі не зацікаўленыя ў тым, каб мяняць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG