Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура адмовіла С. Завадзкай, "аб''ектыўна ацаніўшы" сытуацыю


Альгерд Невяроўскі, Менск Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які яе зьбіў. Намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Волкаў сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў просьбе завесьці крымінальную справу супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар. Пракуратура прыйшла да высновы, што ў гэтай сытуацыі няма складу злачынства. Cьвятлана Завадзкая зьбіраецца абскарджваць такое рашэньне.

Сёньня я зьвязаўся з намесьнікам пракурора Цэнтральнага раёну Менску Аляксеем Волкавым. Адносна заявы Сьвятланы Завадзкай ён сказаў:

(Волкаў: ) “Вынесеная пастанова аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. Аб’ектыўна ацаніўшы сытуацыю, прыйшлі да высновы, што ў гэтай сытуацыі няма складу злачынства”.

Рашэньне аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай пра гэта афіцыйна пісьмова не паведамілі. Сьвятлана Завадзкая так пракамэнтавала рашэньне пракуратуры:

(Завадзкая: ) “Калі ўвогуле глыбока задумацца, што адбылося, калі ў дзеяньнях супраць мяне няма складу злачынства, то што атрымліваецца? Можна любому міліцыянту зьбіць законапаслухмянага грамадзяніна, а потым сказаць, што ён сам справакаваў, і што ў дзеяньнях няма складу злачынства. Чаму так паводзяць сябе ўлады? Я думаю, што проста гэтыя аддзелы АМОНу рыхтуюць для разгону, можа, значна большых акцыяў, якіх улады баяцца. І зразумела, што калі пакараць гэтага амонаўца, то як жа яны тады будуць разганяць больш значныя акцыі, маніфэстацыі альбо мітынгі?”

Сьвятлана Завадзкая зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне пракуратуры.

* * *

Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у твар 7 ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкай плошчы Менску, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе мужа — апэратара расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага. Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні. Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў заяўлялі, што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая, якая, нібыта, справакавала амонаўца на бойку, і той мусіў бараніцца.

Завадзкі Зьміцер Аляксандравіч Нарадзіўся 28-га жніўня 1972 году. Адукацыя – незавершаная вышэйшая. Асабісты апэратар Аляксандра Лукашэнкі з 1994 году да 1997 году. Са студзеня 1997 году апэратар на Грамадзкім расейскім тэлебачаньні. Увесну 1997 годзе арыштаваны разам з журналістам Паўлам Шараметам за рэпартаж аб празрыстасьці беларуска-літоўскай мяжы. Быў асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі ўмоўна. Зь лістападу 1999 году да траўня 2000 году працаваў у Чачні, дзе разам з Шараметам здымаў фільм "Чачэнскі дзёньнік" для каналу ОРТ. 7-га ліпеня 2000 году зьнік пры нявысьветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт Менск-2, дзе павінен быў сустрэць журналіста Паўла Шарамета.

За выкраданьне Завадзкага і за іншыя злачынствы да пажыцьцёвага зьняволеньня былі асуджаныя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС "Алмаз" Валер Ігнатовіч і Максім Малік, на 25 гадоў пазбаўленьня волі былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз і на 12 гадоў зьняволеньня тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Саушкін. Асуджаныя сваёй віны не прызналі. Цела Завадзкага знойдзена не было.

У 2004 годзе Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад беларускіх уладаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне ў справе Зьмітра Завадзкага і адправіць у адстаўку тагачаснага генэральнага пракурора Віктара Шэймана, тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, і камандзіра спэцатраду МУС Зьмітра Паўлічэнку.

Патрабаваньне раскрыць праўду аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у правах чалавека, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву, старшыню адміністрацыі прэзыдэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Зьмітру Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня іх у далучнасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG