Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёрты зьезд беларусаў сьвету – вынікі і падсумаваньні


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 26.07.2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Алена Макоўская (Беларусь), Вітаўт Кіпель (ЗША), Яўген Вапа (Польшча), Валеры Барташ (Украіна), Ігар Шаховіч (Расея)

16-17 ліпеня ў Менску адбыўся чацьвёрты зьезд беларусаў сьвету. Цяпер ягоныя ўдзельнікі разьехаліся па сваіх краінах і асэнсоўваюць вынікі форуму. У чарговым выпуску перадачы «Беларусы за мяжою» мы прапануем паслухаць іхныя меркаваньні і ацэнкі падзеі ў кантэксьце яе значнасьці для далейшага разьвіцьця беларускай дыяспары.

Зьезд беларусаў сьвету – гэта вышэйшы орган Міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Сёлетні, чацьверты, зьезд менавіта так і называўся – зьезд Згуртаваньня «Бацькаўшчына», у адрозьненьне ад трох папярэдніх, якія былі зьездамі беларусаў сьвету. Такое патрабаваньне выставілі Згуртаваньню дзяржаўныя структуры Беларусі, спасылаючыся на ягоны статут.

Другой істотнай асаблівасьцю зьезду было тое, што форум абсалютна праігнаравалі дзяржаўныя ўлады Беларусі. Многія ягоныя ўдзельнікі добра памяталі, у якой нэрвовай атмасфэры адбываліся папярэднія другі і трэці зьезды, калі ўлады чынілі розныя перашкоды. Па гэтай прычыне некаторыя застрашаныя сёньняшняй сытуацыяй ў Беларусі прадстаўнікі беларускіх суполак папросту не прыехалі ў Менск.

Чаму так сталася, у чым прычына такіх адносінаў да сёлетняга зьезду афіцыйных структураў? Гэтае пытаньне я задаю старшыні Рады «Бацькаўшчыны» Алене Макоўскай, якая на зьезьдзе была паўторна абраная на гэтую пасаду.

(Макоўская: ) “Я думаю, прычына ў тым, што мы імкнуліся ня ставіць нейкія палітычныя пытаньні, тым больш, што гэта не адпавядае нашаму статуту. Па-другое, будынак, які мы арандавалі для зьезду, знаходзіцца ня ў цэнтры Менску”.

А вось меркаваньне дэлегата з Калінінграда Ігара Шаховіча.

(Шаховіч: ) "Мабыць, яны думалі, што нейкай сур''ёзнай перашкоды праца зьезду ім не паставіць".

Магчыма, абодва суразмоўцы маюць рацыю. Беларускія ўлады пачуваюцца цяпер больш упэўнена, чым чатыры гады таму. Па гэтай прычыне зьезд мусіў быць праведзены ня толькі на ўскрайку Менска, але і аказаўся ўвогуле па-за ўвагаю грамадзтва. Ніводны зь дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі не падаў зьвестак пра зьезд.

Галоўнай падзеяю для іх у гэтыя дні быў чарговы “Славянскі базар” у Віцебску.

Зьезд беларусаў сьвету адкрываўся, як і ўсе папярэднія, гукамі старажытнай беларускай сурмы Уладзімера Пузыні. А каронным нумарам на адкрыцьці “Славянскага базару” было выступленьне групы расейскага хору “песьні і пляскі” імя Аляксандрава. Так выявіўся той глыбокі падзел між людзьмі адной нацыі, які цяпер існуе ня толькі ў Беларусі, але і ў беларускім замежжы. Ёсьць дзьве Беларусі – гэта тая рэальная сытуацыя, у якой і адбываўся сёлетні зьезд беларусаў сьвету.

Аднак, і ў гэтых неспрыяльных умовах зьезд прайшоў пасьпяхова і, як лічыць Алена Макоўская, даў рэальныя вынікі.

(Макоўская: ) "Людзі задаволеныя, адзначалася, што зьезд прайшоў больш арганізавана, практычна ў адрозьненьне ад трэцяга зьезду.

Канечне, нам было вельмі цяжка. Усе наступныя зьезды беларусаў сьвету ў нас параўноўваюцца зь Першым зьездам, гэта ёсьць той узровень, на які нам усім трэба раўняцца пры падрыхтоўцы чарговага зьезду. Але ўсе пагаджаюцца, што Першы зьезд быў рамантычным, ён праходзіў у той час, калі Беларусь аднаўляла сваю незалежнасьць і грамадзтва ішло разам зь дзяржаваю. Зараз іншыя грамадзка-палітычныя варункі. Але гэты зьезд прайшоў дастаткова практычна, канкрэтна. Гэта быў працоўны зьезд, ён паказаў, што мы ёсьць, што мы працуем.

Калі казаць так вонкава, на зьезьдзе было відавочна, што адбываецца зьмена пакаленьняў у беларускай дыяспары. Вельмі шмат было прадстаўнікоў ужо маладога пакаленьня і вельмі мала тых, хто закладаў беларускія асяродкі ў замежжы”.

***

Вядомы дзеяч беларускай эміграцыі у ЗША спадар Вітаўт Кіпель, які прысутнічаў на ўсіх зьездах беларусаў сьвету, адзначыў такую асаблівасьць чацьвёртага зьезду:

(Кіпель: ) "На мой погляд, я б сказаў, што 90 адсоткаў людзей, якія прыехалі, маюць дачыненьне да працы суполак. Не акадэмікі, якія сядзяць і вывучаюць, а людзі, якія працуюць. Я гаварыў зь людзьмі з Яраслаўля, з Сыбіру, яны ўсе маюць дачыненьні зь беларускімі грамадамі. У іх канкрэтная праца, яны робяць нейкія сьвяткаваньні. адзначаюць юбілеі, яны працуюць зь людзьмі, і яны ведаюць погляды гэтых людзей. Гэта дзейныя, працоўныя людзі. Вось для мяне гэта было найлепшае адчуваньне на гэтым зьезьдзе".

Ці можна казаць, што гэты зьезд паказаў, што справа разьвіцьця беларускага замежжа як бы ідзе ў глыбіню, становіцца больш грунтоўнай?

(Кіпель: ) "Правільна, углыб і практычна. Ведаеце, асабліва беларускія суполкі з Расеі, іх прадстаўнікі актыўна дыскутавалі публічна і ў кулюарах – як арганізаваць курсы беларускай мовы, як дастаць кніжкі для дзяцей, як далучыць дзяцей да сьвяткаваньняў беларускіх сьвятаў? Гэта выдатна, што справа ідзе ўглыб, у масы і вельмі шырока. Вельмі важна, што на гэтым зьезьдзе была і геаграфічная шырыня прадстаўніцтва суполак. І якраз мне спадабаліся вельмі суполкі з Усходу, асабліва з Расеі, яны нацыянальна сьведамыя і дзейныя суполкі".

Сп. Вітаўт, як Вы ацэньваеце прынятыя на зьезьдзе дакумэнты?

(Кіпель: ) “Я задаволены прынятымі дакумэнтамі. Яны складзены ў вытрыманым стылі, без пампэзнасьці. Я абсалютна задаволены. Гэта працоўныя дакумэнты, якія адлюстроўваюць нашыя магчымасьці, без вялікіх прэтэнзіяў. Ведаеце, "махаць шаблямі" нельга, а дамагацца пэўных канкрэтных справаў мы можам”.

Што, на Ваш погляд, можна было б дадаць да сьпісу выніковых дакумэнтаў?

(Кіпель: ) "Я б магчыма выказаўся больш войстра супраць плянаваных саюзаў Беларусі з Расеяю, напрыклад. Я вось што хачу успомніць. Васіль Быкаў, гэта было недзе ў 1994 годзе, выказаўся так: "Бліжэй, як мы былі 300 гадоў, мы быць ужо ня можам". Дык навошта мы яшчэ імкнёмся да нейкага зьбліжэньня?”

Мяркую, што такая думка ўзьнікла ў спадара Вітаўта з той прычыны, што ў час, калі адбываўся зьезд, як мы ведаем, пачаўся новы віток актывізацыі намаганьняў беларускага прэзыдэнта ў справе заключэньня саюзу з Расеяй.

***

Спадарыня Макоўская напачатку сказала пра тое, што зьезд не ставіў перад сабою палітычных мэтаў, і такая рэзалюцыя як бы магла не плянавацца. Але пазьбегнуць палітыкі не ўдалося, палітычная будучыня краіны цікавіла бальшыню дэлегатаў.

(Макоўская: ) "Магу на гэта сказаць, што зьезд адназначна выказаўся па гэтаму пытаньню, чарговы раз быў падтрыманы “Акт аб незалежнасьць Рэспублікі Беларусь”, які быў прыняты Усебеларускім зьездам у 2000 годзе".

І гэты зьезд, як папярэднія, прынцыпова выказаўся адносна беларускай мовы.

(Макоўская: ) "Рэзалюцыя аб беларускай мове, такі дакумэнт прыняты і ён крыху адрозьніваецца ад таго дакумэнта, які быў прыняты на папярэднім зьезьдзе. Сытуацыя ў Беларусі мала зьмянілася з таго часу і мы ў гэтым дакумэнце падаем статыстыку, колькі ў нас дзяцей навучаюцца на беларускай мове, на якой мове сродкі масавай інфармацыі. Каб скласьці гэты дакумэнт, мы рабілі адпаведныя запыты у міністэрствы. На жаль, атрымалі адказ толькі ад міністэрства інфармацыі.

Міністэрства адукацыі ўстрымалася ад таго, каб даць нам інфармацыю пра беларускамоўныя і расейскамоўныя школы. Статыстыка выглядае даволі сумна. Увогуле, дзіўна, калі зьвяртаесься па-беларуску з запытам, напрыклад, у міністэрства інфармацыі і прыходзіць адказ на расейскай мове”.

Сп. Алена, вядома, што была прынятая новая праграма “Беларусы замежжа”, чым яна адрозьніваецца ад прынятай на мінулым зьезьдзе?

(Макоўская: ) "Так, на трэцім зьезьдзе таксама была прынятая праграма аб супрацоўніцтве з дыяспарай. Гэта быў даволі вялікі дакумэнт, было прадугледжана шмат накірункаў і сярод іх былі такія пытаньні, якія не належалі да кампэтэнцыі нашай арганізацыі, напрыклад, аб стварэньні камітэту па справах дыяспары і іншыя. Праграма, якую прынялі на гэтым зьезьдзе, зробленая з улікам памылак і слабых месцаў мінулай праграмы. Мы ўлічылі ўвесь наш вопыт і распрацавалі новую праграму. Яна больш канкрэтная, больш набліжаная да жыцьця. Напярэдадні мы разаслалі ў асяродкі беларускай дыяспары лісты з запытаньнямі аб тым, якою яны хацелі б бачыць новую праграму. Мы атрымалі шэраг розных адказаў і ўсё гэта ўлічылі ў новым праекце. Праграма абазначае як накірункі дзейнасьці так і канкрэтныя мерапрыемствы. На сэкцыі, якая працавала на зьезьдзе "Культура і адукацыя беларускага замежжа" быў сфармуляваны яшчэ шэраг дадаткаў у праграму і мы абавязкова ўключым іх”.

Вы згадалі сэкцыю "Культура і адукацыя беларускага замежжа", ці гэта значыць што яна цяпер замяніла канфэрэнцыю на гэтую ж тэму, якую раней арганізоўвала “Бацькаўшчына” раз у два гады?

(Макоўская: ) "На жаль, так. Мы зараз не змаглі, у нас было ў пляне правядзеньне такой канфэрэнцыі, але мы не змаглі знайсьці сродкі, каб яе арганізаваць, хаця яна патрэбная. Таму мы і арганізавалі на зьезьдзе гэтую сэкцыю і абмяркоўвалі там не толькі тэарэтычныя, але і практычныя пытаньні культуры беларускага замежжа. Там прысутнічалі кіраўнікі беларускіх суполак, якія маглі непасрэдна падзяліцца вопытам.

На сёньняшні дзень гэта вельмі важнае пытаньне – абмен вопытам, усе суполкі кажуць пра тое, што неабходна ладзіць сустрэчы і ў Беларусі і па-за межамі, каб тыя, хто сёньня стварае арганізацыі ў дыяспары, ведалі і ўлічвалі вопыт тых, хто працуе ўжо даўно”.

Я заўважыла ў праграме зьезду, што "Бацькаўшчына " аднаўляе эканамічную дзейнасьць?

(Макоўская: ) "Безумоўна, эканамічны накірунак дастаткова важны для "Бацькаўшчыны". У нас ёсьць шмат прадпрымальнікаў зь беларускай дыяспары, якія працуюць у замежжы. Яны ўжо даўно хацелі навязаць кантакты між сабою, такія спробы ўжо рабіліся. Нават ня тое, што дзеля падтрымкі "Бацькаўшчыны", а ў падтрымку праектаў самой беларускай дыяспары. Гэтая ідэя ужо даўно лунае ў паветры і яе ўсё ж патрэбна рэалізоўваць. Такія людзі, якія гатовыя аказваць дапамогу дыяспары, ёсьць. Але, тыя прадпрымальнікі, якія супрацоўнічаюць у бізнэсе з афіцыйным Менскам, ня пойдуць на супрацоўніцтва з "Бацькаўшчынаю", бо маюць перасьцярогу, што згубяць гэты бізнэс. Аднак, ёсьць і шмат іншых, якія не баяцца, якія вядуць незалежны бізнэс ад Беларусі, і зь імі патрэбна працаваць. Цікавая прапанова паступіла ад бізнэс колаў беларускай дыяспары з Расеі. Яны прапанавалі нават правесьці конкурс міні-праектаў – якая дыяспара больш актыўна будзе працаваць да наступнага зьезду, хто здолее больш ажыцьцявіць мерапрыемстваў. Будзем працаваць у гэтым кірунку”.

Як прайшла нарада, якую арганізавала пасьля зьезду новае кіраўніцтва “Бацькаўшчыны”, наколькі яна была канструктыўнай?

(Макоўская: ) "Гэта была ня тое што нарада, гэта быў проста Дзень адчыненых дзьвярэй ў "Бацькаўшчыне", да нас прыходзілі людзі, каб вырашыць розныя практычныя пытаньні. Гэты дзень быў таксама вельмі актыўны і, я лічу, таксама вельмі канструктыўны. Гэта былі нефармальныя гутаркі, для чаго не хапала часу цягам самога зьезду".

Ці былі крытычныя заўвагі?

(Макоўская: ) ”Канечне, наша дыяспара розная, былі і крытычныя заўвагі. Можа ня столькі ў адрас арганізатараў зьезду, колькі ў тым сэнсе, што некаторыя былі незадаволеныя выбарамі і прапаноўвалі – давайце выключым зь Вялікай Рады гэтых ці іншых людзей, бо яны, з іх пункту гледжаньня, маюць ня тыя погляды на беларускую справу. Мы ставіліся да гэтага спакойна таму, што наш статут не прадугледжвае выключэньне з-за палітычных ці іншых перакананьняў, галоўнае, каб людзі падзялялі нашыя статутныя мэты і задачы”.

***

Сустрэчу ў “Бацькаўшчыне” пасьля зьезду станоўча ацэньвае і спадар Кіпель:

(Кіпель: ) “Я задаволены, у панядзелак, пасьля зьезду, я прысутнічаў на пасяджэньні ў "Бацькаўшчыне", калі спадар Марачкін, як новаабраны прэзыдэнт, гаварыў з прадстаўнікамі дыяспары. Вельмі мне спадабаліся гэтыя людзі, яны сапраўды дбаюць пра тое, як ім далей працаваць, перажываюць за гэта. Яны не адбыліся толькі тым, што прыехалі на зьезд, але і думаюць, што рабіць далей”.

Паслухаем меркаваньні іншых удзельнікаў зьезду:

Спадар Валеры Барташ зь Севастопалю быў дэлегатам папярэдніх зьездаў, акрамя першага. Ён прыехаў у Менск разам з двума іншымі сябрамі суполкі “Пагоня”.

(Барташ: ) "У параўнаньні з трэцім зьездам, гэты праходзіў у больш спакойнай атмасфэры. Мінулыя два зьезды праходзілі ў акружэньні міліцыі, выглядала, як у прыфрантавой паласе. Скандалы былі, правакацыі, была прэтэнзія дзяржавы, Лукашэнкі прымаць удзел. Цяпер усё гэта зусім адсутнічала. Проста ён зразумеў, што Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" мае незалежную пазыцыю, што гэта апазыцыйная арганізацыя, якая захоўвае адданасьць прынцыпам незалежнасьці і гістарычным сымбалям. У мяне такое ўражаньне склалася.

Зьезд удаўся, на мой погляд, прагучалі дастаткова рэзкія заявы. З Польшчы Яўген Вапа выступіў вельмі канкрэтна пра набалелае. Дастаткова дзелавая атмасфэра.

Я выступаў на пасяджэньні сэкцыі і дзяліўся ўражаньнямі пра ўдзел нацыянальных суполак у Севастопалі ў выбарчай кампаніі. Наша беларускае таварыства "Пагоня" было адзіным з нацыянальных мяншыняў, якое падтрымлівала Віктара Юшчанку.

Я лічу, што факт правядзеньня зьезда, рэзалюцыі пра незалежнасьць, у падтрымку культуры, вернасьць нацыянальным сымбалям – гэта такая здаровая сыстэмная пасьлядоўнасьць дзейнасьці "Бацькаўшчыны". Кандыдатуры, якія ўвайшлі у новаабраную Вялікую Раду не выклікаюць сумненьняў.

Тое, што выбралі Алеся Марачкіна прэзыдэнтам, мы падтрымліваем. Для нас гэта блізкі чалавек, мы ўжо даўно сябруем, гэта патрыёт”.

Як даўно Вы не былі на бацькаўшчыне, якія Вашыя ўражаньні ад сустрэчы з сучаснай Беларусьсю?

(Барташ: ) "Я два гады не быў. У параўнаньні з Украінаю неяк усё роўна, спакойна. Але гэта такі спакой, які наводзіць на думку, што эвалюцыйны рух ідзе. Я бачыў, што дарагія крамы зьявіліся, дарагія піўныя бары, вельмі актыўна ідзе працэс капіталізацыі. Я думаю, што не рэвалюцыя, а эвалюцыя будзе ў Беларусі”.

***

Ігар Шаховіч з Расеі быў дэлегатам усіх чатырох зьездаў. Ён узначальвае беларускую суполку “Каралевец” у Калінінградзе.

Спадар Ігар лічыць гэты зьезд прадуктыўным.

(Шаховіч: ) “Праца праходзіла даволі канструктыўна, не было такіх эмоцыяў, як на папярэдніх зьездах. Людзі прыехалі падзяліцца сваімі бедамі, абмеркаваньне ішло спакойна, актыўна.

З Расеі было шмат дэлегатаў. Немалая частка прыехала з так званай Фэдэральнай аўтаноміі беларусаў Расеі, якая аб''ядноўвае беларускія зямляцтвы. Пераважна гэтыя арганізацыя створаныя дзяржструктурамі, як альтэрнатыўныя. У пляне правядзеньня беларускай культурніцкай працы, мне здаецца, яны не выконваюць такой істотнай ролі.

У Калінінградзкай вобласьці такая арганізацыя таксама ёсьць пры пасольстве. Можна сказаць, што людзі проста прызначаныя беларусамі, а не людзі, якія адчуваюць сябе такімі. Гэта людзі беларускага паходжаньня, якіх аб''ядноўваюць пэўныя мэты – бізнэс ці нешта іншае.

Так, як некалі пісаў Генадзь Лех у нейкай маскоўскай газэце: "З намі культура і мова, а зь імі грошы і ўлада". Я адчуваю, што ёсьць такія людзі, якія спрабуюць убіць клін у дыяспары, відаць было, што яны мелі на мэце ўвайсьці ў шэрагі кіруючых структураў "Бацькаўшчыны", увайсьці ў Раду”.

Сп. Ігар спачувае арганізатарам зьезду – кіраўніцтву “Бацькаўшчыны”, якому давялося працаваць у складаных умовах.

(Шаховіч: ) “Яны таксама знаходзяцца ў такім цяжкім становішчы і захаваньне арганізацыі ў такіх варунках – гэта таксама важны момант. Раскалоць дыяспару ўсё ж да канца не ўдалося. Яна, канечне, раскалолася, прыбалтыйскія рэспублікі маюць альтэрнатыўныя арганізацыі, у Расеі таксама амаль ва ўсіх рэгіёнах ёсьць такія суполкі. Але тым ня менш "Бацькаўшчына" захавала такія патрыятычныя шэрагі, гэта быў сапраўды форум беларусаў сьвету. А тое, што адбывалася напярэдадні – Усеславянскі зьезд і зьезд аўтаноміяў, я думаю, што гэта было не так сур''ёзна.

Канечне, маючы такі супраціў, калі параўнаць з плыньню ракі, дык нават тое, што мы змагаемся і тое, што ўтрымоўваемся на нейкіх пазыцыях – гэта таксама нейкі крок наперад. Я лічу, што гэта станоўчы зьезд, станоўчыя вынікі”.

Сп. Шаховіч падкрэсьліў гэтую істотную асаблівасьць сучаснага становішча ў беларускім замежжы, калі адбываецца ці шмат дзе ўжо адбыўся раскол беларускай грамады на прыхільнікаў і праціўнікаў беларускіх уладаў. Аднак, мусім адзначыць, што на форуме гэтая тэма не прагучала, як адна з важных. Зьезд не прыняў ніякага дакумэнта з асуджэньнем палітыкі ўладаў Беларусі, відавочна скіраванай на раскол дыяспары.

Да недахопаў зьезду можна аднесьці і тое, што гэты форум не адрэагаваў на апошнія палітычныя зьмены ў Эўропе, калі адбылося пашырэньне Эўразьвязу і ў аб’яднанай Эўропе стварылася беларуская нацыянальная мяншыня з этнічных беларусаў і эмігрантаў, пра чые інтарэсы таксама павінна клапаціцца ў будучыні Згуртаваньне “Бацькаўшчына”.

***

У сёлетнім зьезьдзе самы актыўны ўдзел прыняў Беларускі саюз у Польшчы. Гаворыць шматгадовы старшыня арганізацыі Яўген Вапа, якому раней беларускія ўлады адмовілі ў выдачы візы, а гэтым разам усё ж дазволілі ўезд у Беларусь.

(Вапа: ) “Беларусы з Польшчы былі другою па колькасьці пасьля суродзічаў з Расеі дэлегацыяй на зьезьдзе. Беларусы ў Польшчы ёсьць этнічнай меншасьцю, актыўнаю на ўсіх узроўнях жыцьця. Для нас вельмі важна і карысна бываць на сваёй духоўнай Бацькаўшчыне. Гэты фактар мы лічым істотным у сваёй дзейнасьці. Каб ізноў не зьявілася жалезная заслона, мы павінны там быць.

Нягледзячы на ўсялякія цяжкасьці і клопаты, мы здолелі прыехаць і пабыць, як частка прысутнасьці беларусаў з усяго сьвету.

Для мяне асабіста, як старшыні Праграмнай Рады тыднёвіка "Ніва", было важна скласьці на гэтым форуме падзяку за пададзеную нам маральную падтрымку ў справе, зьвязанай з вядомым закалотам вакол "Нівы". Я падзякаваў усёй беларускай дыяспары за падтрымку”.

Што можаце сказаць адносна прынятых выніковых дакумэнтаў, яны задавальняюць беларусаў з Польшчы?

(Вапа: ) "Я лічу, што дакумэнты добрыя, важныя і патрэбныя. Кожная меншасьць жыве сваім жыцьцём і гэта натуральна, а тое, што прынята – гэта стварае нашу духоўную еднасьць.

Калі глянуць на сфэру інтэлектуальную, эмацыянальную, то беларускасьць і Беларусь ніхто ўжо не забярэ, і яна не загіне, яна інтэлектуальна і духоўна ёсьць замацаваная.

Лічу вельмі важнаю прапанову спадара Генадзя Бураўкіна, каб усім змагацца за наданьне Нобэлеўскай прэміі Рыгору Барадуліну. Гэта вельмі важная справа, калі не пасьпелася з Васілём Быкавым. Мы цяпер сумесна маем такое маральнае забавязаньне падтрымліваць такую справу, а таксама і выхад першых трох тамоў спадчыны Васіля Быкава”.

Спадар Вапа так ацэньвае ўвогуле значнасьць чацьвёртага зьезду беларусаў сьвету:

(Вапа: ) “Гэта быў проста зьезд беларускага духу. Самае важнае для беларусаў сьвету, нягледзячы на цяжкасьці, падтрымоўваць сябе ўзаемна і набірацца беларускага духу. Паасобку гэтага часам не хапае, але калі разам абмяркоўваць пэўныя справы, то бачыш, што іншым таксама цяжка, але яны не здаюцца і нешта робяць, дык узаемна фармуецца пазытыўная энэргія і зь ёю ўмацоўваецца добры беларускі дух. Я нічога больш не чакаў ад зьезду, для нас найважней было набрацца гэтага беларускага духу, гэта мы атрымалі і вярнуліся задаволеныя і ўсе вельмі пазытыўна ацанілі тое, што мы туды паехалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG