Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Мосар на Глыбоччыне адкрываецца Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі распачынаецца Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх дакумэнтальных фільмаў і тэлевізійных праграм «MAGNIFICAT 2005». Гэта першы ў Беларусі фэстываль духоўнага кіно. Ягоным заснавальнікам стала міжнародная Каталіцкая асацыяцыя “SIGNIS-Беларусь”, незалежная студыя “Стопкадр”, рэдакцыя рэлігійнага часопіса “Дыялёг”, а таксама каталіцкія структуры Віцебскай дыяцэзіі. Удзел у фэстывалі прымаюць кінастужкі 25 аўтараў з сямі краінаў сьвету. Кінапрагляд будзе доўжыцца тры дні у розных гарадах і вёсках Глыбоцкага раёну, што на Віцебшчыне.

Урачыстым набажэнствам фэстываль распачынаецца ў касьцёле сьвятой Ганны вёскі Мосар, дзе служыць ксёндз Язэп Булька, вядомы сваім падзьвіжніцтвам у справе адраджэньня духоўнасьці й культуры. Першы конкурсны прагляд адбудзецца ў вёсцы Удзела, дзе месьціцца кляштар францішканаў, працягнецца ён ў Глыбокім. Мабільнасьць конкурсу – не адзіная адметнасьць фэстывалю – кажа ягоны старшыня Юры Гарулёў.

(Гарулёў: ) “Тут усё незвычайна: незвычайная тэматыка, незвычайная падрыхтоўка. Гэта ўвогуле асобная гаворка, бо мы ж ня маем ніякага вопыту ў справе арганізацыі міжнароднага мерапрыемства такога ўзроўню”.

Паводле спадара Гурулёва, не зважаючы на тое, што фэстываль арганізаваны беларускім каталіцкім касьцёлам, ён адкрыты для прадстаўнікоў ўсіх канфэсіяў, якія вызнаюць ідэю эвангелізацыі грамадзтва, а таксама прапагандуюць агульначалавечыя каштоўнасьці сродкамі кіно й тэлебачаньня. Такіх людзей штогод становіцца ўсё больш, іхнае аб’яднаньне й ёсьць мэтаю фэстывалю, але ня толькі – кажа спадар Гарулёў.

(Гарулёў: ) “Калісьці некалі нельга было паказаць нават царкву ці крыж. А калі зьявілася такая магчымасьць, то зараз у кінастужках і службы, і сьвечкі, і вернікі, і ўсё астатняе. Але ці суадносяцца якасьць гэтых карцін з мэтай і ідэяй, якую яны павінныя несьці? Вось гэта мы мусім асэнсаваць, каб падняцца да ўзроўню сапраўднага мастацтва ў гэтых карцінах. Вось гэта, напэўна, і ёсьць самая галоўная мэта гэтага фэстывалю”.

Як паведаміў спадар Гарулёў, конкурсныя работы на разгляд журы прапаноўваюць прадстаўнікі Украіны, Расеі, Польшчы, Мэксыкі, Тайлянда й Францыі. Беларусь прэзэнтуюць рэжысэры Міхал Жданоўскі, Галіна Адамовіч, Уладзімер Бокун і іншыя. Гасьцямі фэстывалю будуць апостальскі нунцый у Беларусі Марцін Відовіч, кардынал Казімір Сьвёнтак. Старшыня журы – рэдактар часопіса “Наша Вера” Крысьціна Лялько: (Лялько: ) “Я спадзяюся ўбачыць сапраўды хрысьціянскае, духоўнае кіно, бо мы ўжо засумавалі па гэтым. Я лічу, што гэта першы фэстываль, але адначасна ён ёсьць падсумаваньнем таго, што за гэтае дзесяцігодзьдзе духоўнасьці, менавіта рэлігійнай, што ў нас зьявілася”.

Гаварыла старшыня журы Крысьціна Лялько. Як спадзяюцца арганізатары, лепшыя конкурсныя работы першага фэстывалю хрысьціянскага кіно будуць паказаныя ў касьцёлах Беларусі, а таксама ў кінатэатрах розных гарадоў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG