Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін папрасіў прабачэньня ў сябраў створанага ім руху “Воля народу”


Уладзімер Глод, Менск Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі перапрасіў прабачэньня ў сваім артыкуле, які надрукаваны ў сёньняшнім нумары газэты “Народная Воля”. Менавіта ў гэтай газэце друкаваліся сьпісы сябраў створанага ім руху, пасьля чаго ў некаторых зь іх пачаліся непрыемнасьці, а пэўныя подпісы былі прызнаны несапраўднымі.

Аляксандар Казулін называе асноўныя прычыны, якія прывялі да памылак і, паводле ягоных словаў, падштурхнулі яго ў хітра расстаўленую пастку. Па-першае, вялікі страх жыхароў Беларусі, з-за якога некаторыя падпісанты звароту ў падтрымку руху “Воля народу” наўмысна скажалі свае прозьвішчы, ставілі несапраўдныя ініцыялы. Да гэтага дадаецца і моцны ціск на тых, чые прозьвішчы былі надрукаваныя. Некаторыя асобы ня вытрымалі і заявілі, што яны сваіх подпісаў пад зваротам ня ставілі. Яшчэ адна прычына, якую называе спадар Казулін, нядобрасумленнасьць некаторых зборшчыкаў подпісаў, якія падкінулі ў сьпіс долю “мёртвых душаў”. І, нарэшце, як сьцьвярджае спадар Казулін, высьветлілася, што сярод зборшчыкаў подпісаў створанага руху апынуліся і прафэсійныя правакатары.

Усё гэта разам і прывяло да недарэчнасьцяў. Менавіта да такой высновы прыйшлі адмысловыя групы праверкі, якія стварыў аргкамітэт руху “Воля народу”. Гэтыя памылкі абавязкова стануць улічвацца падчас далейшага правядзеньня акцыі.

Палітолягі падкрэсьліваюць: прызнаньне ўласных памылак ня ёсьць характэрнай рысай беларускіх палітыкаў — як афіцыйных, так і апазыцыйных. І таму ўчынак Аляксандра Казуліна выразна адрозьніваецца ад іншых. Як ягоныя прабачэньні могуць паўплываць на імідж спадара Казуліна? Журналіст і палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што гэтае пытаньне ня простае:

(Класкоўскі: ) “З аднаго боку, гэты жэст сапраўды выглядае высакародным. Аднак, насамрэч, я думаю, гэта, хутчэй, перадусім тактычная дапамога рэдакцыі “Народнай Волі”, якая цяпер аточаная судовымі пазовамі, і наагул пад пагрозай закрыцьця. Што ж тычыцца грамадзкага рэзанансу, дык выпраўленьню іміджу створанага руху, іміджу навасьпечанага палітыка Казуліна, то тут ёсьць вялікае пытаньне. Перадусім, кола чытачоў “Народнай Волі” не такое вялікае. І, па-другое, улады, якія маюць вялікую перавагу ў накладах, манаполію на электронныя мэдыі, і гэты высакародны жэст апазыцыйнага палітыка перакруцяць і пададуць як чарговую паразу: маўляў, вось, бачыце, рух яшчэ не пасьпеў стварыцца, а ўжо разам са сваім лідэрам сеў у лужыну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG