Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П’яных кіроўцаў будуць караць больш жорстка


Юлія Шарова, Менск Ад 1 студзеня 2005 году аўтамабілісты, якіх пазбавілі правоў за кіраваньне транспартам у нецьвярозым стане, каб зноў атрымаць вадзіцельскае пасьведчаньне, мусяць пераздаваць іспыты. Два гады таму такі парадак быў адменены, але цяпер ранейшую норму вярнулі.

Згодна з новай пастановай Міністэрства ўнутраных справаў, за кіраваньне транспартам у стане алькагольнага ап’яненьня могуць пазбавіць правоў на тэрмін ад аднаго да трох гадоў, а часам, паводле рашэньня суду — да пяці гадоў. Перад тым, як зноў атрымаць правы, парушальнік мусіць прайсьці мэдычны агляд і наноў здаць тэарэтычны і практычны іспыты. Паводле прадстаўніцы спэцпадразьдзяленьня дарожна-патрульнай службы “Страла” Ганны Галдыцкай, гэта быў вымушаны захад, да якога вярнуліся пасьля двухгадовага паслабленьня.

(Галдыцкая: ) “Мы іншых мэтадаў пакуль ня бачым, як змагацца з такімі людзьмі. Далі паслабленьне ў надзеі, што народ ацэніць, а насамрэч стала горш. Аварыйнасьць, зьвязаная зь нецьвярозымі кіроўцамі, у нас расьце. І як правіла атрымліваецца, што сам нецьвярозы кіроўца нейкім цудам застаецца жывы, а трое людзей, што знаходзяцца ў салёне, гінуць”.

Паводле спадарыні Галдыцкай, за адзінаццаць месяцаў 2004 году супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі больш за 74 тысячы нецьвярозых кіроўцаў. Прычым значная частка зь іх — гэта кіроўцы, якія пазбаўленыя ўжо правоў за такое парушеньне. Нямала й тых, хто наогул ня мае пасьведчаньня. Дарэчы, пераздаваць тэорыю і практыку вымушаныя будуць і тыя аўтамабілісты, што перадалі кіраваньне сваімі машынамі парушальнікам правілаў дарожнага руху.

Ёсьць, аднак, абставіны, пры якіх нецьвярозага кіроўцу могуць не пазбавіць правоў, а толькі аштрафаваць. Напрыклад, калі ён аказаўся за рулём у нецьвярозым стане, але пры гэтым ратаваў жыцьцё іншага чалавека. Такі выпадак нядаўна быў. Таксама парушальніку могуць скараціць тэрмін пазбаўленьня правоў — калі ягоная прафэсія зьвязаная з кіраваньнем транспартам ды ён мае хадайніцтва зь месца працы.

Самі кіроўцы, зь якімі я пагутарыла, лічаць новы парадак занадта жорсткім. Некаторыя казалі, што лепей плаціць вялікія штрафы, чым здаваць іспыты.

(Спадар: ) “Для кіроўцы са стажам, мне падаецца, практыку здаць нескладана. Бо ёсьць нейкія рэчы, на якія не зьвяртаеш увагі й яны забываюцца”.

(Іншы спадар: ) “Рэальна для таго, хто нядаўна вучыўся. А са стажам кіроўца ды ўлічваючы тое, колькі гэтых правілаў мянялася, то, вядома, лепей грошы заплаціць”.

(Спадар: ) “Я думаю, гэта нерэальна. Толькі кампутар, як яно звычайна было”.

(Яшчэ адзін спадар: ) “Тэорыю, падвучыўшы, здаў бы. А практыку — без праблемаў”.

У Расеі за кіраваньне транспартам у нецьвярозым стане правы забіраюць тэрмінам да 2 гадоў — гэтую норму ўвялі летам 2004 году, — раней расейскія аўтамабілісты маглі абысьціся толькі ўплатай штрафу. У Злучаных Штатах за такое парушэньне трэба плаціць ад 3 да 5 тысяч даляраў. У Вялікабрытаніі парушальнік альбо плаціць 3 тысячы фунтаў стэрлінгаў, альбо пазбаўляецца права кіраваньня аўтамабілем на год. У Даніі трэба плаціць 450 эўра альбо 4% ад гадавога прыбытку кіроўцы-парушальніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG