Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная рэакцыя Беларусі на ўкраінскія падзеі


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі й галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне спарадзілі ня толькі глыбокае ўнутранае супрацьстаяньне, але і выклікалі значны міжнародны рэзананс. Зразумела, вялікая цікавасьць да падзеяў ў суседняй дзяржаве назіраецца і ў Беларусі. Калі беларуская апазыцыя адназначна выказваецца ў падтрымку Юшчанкі, то рэакцыя афіцыйнага Менску даволі супярэчлівая.

Сам Лукашэнка, які, звычайна, вельмі актыўна, адназначна і катэгарычна выказваецца па любых міжнародных пытаньнях, пакуль не заўважаны ў падтрымцы якогасьці кандыдата. Ён прытрымліваецца тактыкі нэўтралітэту, і сэнс ягоных заяваў зводзіўся да таго, што абодва кандыдаты адказныя людзі, і хто б ні перамог, любы зь іх будзе праводзіць не прарасейскую ці празаходнюю, а праўкраінскю палітыку. Дык чыя перамога выгаднейшая Лукашэнку: Януковіча ці Юшчанкі? Зразумела, у палітычным і ідэалягічным сэнсе афіцыйнаму Менску бліжэйшы Януковіч. Але існуе вэрсія, што калі праект Масквы пад назваю “Януковіч” атрымаецца пасьпяховым, то Масква больш рашуча паспрабуе ажыцьцявіць аналягічны праект — замену Лукашэнкі. А перамога Юшчанкі напужае Крэмль, і тады ён будзе трымацца і падтрымліваць Лукашэнку. А як вы мяркуеце?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Найперш хацеў бы адзначыць, што Лукашэнка ўсё ж такі павіншаваў Януковіча зь перамогаю. Але гэта ня стала такой значнай падзеяй, як магло б быць. Сапраўды, беларускі кіраўнік прытрымліваецца нэўтралітэту. І ў гэтай сытуацыі беларускія дзяржаўныя мэдыі атрымалі магчымасьць асьвятляць сытуацыю ва Ўкраіне больш-менш аб’ектыўна. Ва ўсялякім разе, мяне вельмі ўразіла, што Беларускае тэлеграфнае агенцтва давала інфармацыю з штабу Юшчанкі, расказвала пра тое, якія вялікія мітынгі адбываюцца ў Кіеве і Ўкраіне. І гэта вельмі незвычайна.

Я бы пагадзіўся з агучанай вамі вэрсіяй, чыя перамога больш выгадная для Лукашэнкі. Перамога Юшчанкі прывядзе да таго, што Крэмль, хутчэй за ўсё, будзе больш асьцярожна ставіцца да Лукашэнкі. У такім выпадку, газавы кансорцыюм, аб стварэньні якога была дамова Пуціна і Кучмы, можа, ня будзе рэалізаваны так хутка — ці ўвогуле ня будзе рэалізаваны. А гэта азначае, што празь Беларусь будзе ісьці большы аб’ём транзыту газу ў Эўропу.

І яшчэ: у выпадку перамогі Юшчанкі ня будзе такой жорсткай канкурэнцыі ў славянскай інтэграцыі. Бо Юшчанка, відавочна, ня будзе падтрымліваць гульню, што Ўкраіне абавязкова трэба яднацца з Расеяй. Гэтыя чыньнікі сьведчаць на карысьць таго, што, нібыта, перамога Юшчанкі была б лепшай асабіста для Лукашэнкі. Але разам з тым, Януковіч — гэта зразумелая асоба для афіцыйнага Менску, зь якой можна дамовіцца. У Беларусі з Украінаю ня вельмі вялікі аб’ём гандлю. І чыя б перамога ні была, напэўна, з гледзішча эканомікі Беларусі ўсё роўна. Што тычыцца палітыкі, то Януковіч бліжэйшы ідэалягічна. Але блізкасьць азначае канкурэнцыю на глебе славянскай інтэграцыі”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Найперш, хацеў бы адзначыць такі аспэкт. Сапраўды, цягам усёй кампаніі ва Ўкраіне Лукашэнка даваў досыць стрыманыя камэнтары адносна тамтэйшай сытуацыі. Але ён імкнуўся паводзіць сябе так нэўтральна ў першую чаргу таму, што ягоная палітычная постаць не была запатрабаваная ўкраінскімі й расейскімі паліттэхнолягамі падчас выбараў. Электарат у падтрымку Януковіча мабілізавала, так бы мовіць, цяжкая артылерыя ў асобе Пуціна. Дык навошта Лукашэнку, як кажуць, сунуцца на ражон. Да ўсяго, Лукашэнку зь ягоным рэфэрэндумам ніхто не дапамагаў, ніхто не піярыў. Вось і Лукашэнка дзейнічаў адэкватна.

Ня дзіва, што МЗС Беларусі зрабіў такую стрыманую заяву ўжо нават пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў украінскіх выбараў, паводле якіх перамог Януковіч, і пасьля таго, як украінская апазыцыя перахапіла палітычную ініцыятыву з дапамогаю вулічнай дэмакратыі.

Тым ня менш, Лукашэнка па інэрцыі, сьледам за Пуціным, павіншаваў Януковіча. Але, хачу зазначыць, што тут спрацавала салідарнасьць у межах арганізацыі Адзіная эканамічная прастора ці нават у межах СНД. Разам з Лукашэнкам гэта зрабілі й шэраг іншых прэзыдэнтаў СНД.

Такая асьцярожнасьць у выказваньнях наконт Юшчанкі й Януковіча дае падставы казаць аналітыкам, нібыта Лукашэнку больш выгадная перамога Юшчанкі. І тады Беларусь стане прыярытэтам у замежнай палітыцы Расеі, а Лукашэнка — гарантам інтэграцыі. А калі прэзыдэнтам стане Януковіч, то Беларусь, прынамсі, адыдзе на другі плян. І ў такім выпадку ў 2006 годзе нельга выключаць, што Масква будзе разглядаць, прынамсі, варыянт замены Лукашэнкі кімсьці іншым”.

(Карбалевіч: ) “Цікавымі падаліся тэлефонныя перамовы паміж Лукашэнкам і дзейным прэзыдэнтам Украіны Кучмам, якія адбыліся 24 лістапада. Мая вэрсія: Лукашэнка прапаноўваў сябе ў якасьці пасярэдніка ў перамовах паміж двума канфліктнымі бакамі. У гэтым ёсьць свая лёгіка. Пуцін ня можа быць пасярэднікам, таму што моцна заангажаваны ва ўкраінскія выбары на баку Януковіча. Кіраўнікі заходніх краінаў таксама заангажаваныя на баку Юшчанкі. А Лукашэнка трымае нэўтралітэт. Зь іншага боку, хачу нагадаць, што напярэдадні ірацкай вайны кіраўнік Беларусі таксама прапаноўваў сябе на роль пасярэдніка паміж ЗША і Іракам, спасылаючыся на добрыя дачыненьні з Багдадам. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя тэлефонныя перамовы і гэтую вэрсію?”

(Быкоўскі: ) “Тут найперш, хутчэй, была суседзкая цікавасьць. Бо важна ведаць афіцыйны пункт гледжаньня, што адбываецца ў суседняй дзяржаве. Трэба адзначыць, што Лукашэнка запрасіў Куму наведаць Беларусь. Былі нават размовы, нібыта гэта прапанова Кучму ўцячы з рэвалюцыйнай Украіны. Але, я думаю, гэта ўсё ня так. Гэта проста звычайны дыпляматычны крок.

Падаецца, што, сапраўды, Лукашэнка мог сябе запрапанаваць у якасьці пасярэдніка. Але наўрад ці гэтую прапанову хтосьці мог прыняць. Бо ён ня тая постаць, якая магла бы аб’яднаць абодва бакі. Напрыклад, для Юшчанкі гэта абсалютна непрымальная кандыдатура для пасярэдніцтва. Бо ў Лукашэнкі імідж прамаскоўскага палітыка, а значыць, ён успрымаецца як прыхільнік Януковіча. Таму наўрад ці з гэтага нешта атрымаецца”.

(Пазьняк: ) “Мне здаецца, Лукашэнка перамаўляўся з Кучмам, каб ведаць ягоную ацэнку рэальнай сытуацыі, якой яе бачаць менавіта ўкраінскія ўлады. І ўжо ў залежнасьці ад гэтага можна карэктаваць свае паводзіны адносна Ўкраіны. Цалкам мажліва, што Лукашэнка мог прапанаваць сябе ў якасьці пасярэдніка. Бо ў Лукашэнкі існуе жаданьне даказаць свой міжнародны аўтарытэт ці набыць яго. Можа, ён і крыўдуе, што яго не скарысталі раней дзеля гэтага. Таксама не выключаю, што Лукашэнка мог прапанаваць украінскаму прэзыдэнту скарыстаць беларускі досьвед жорсткіх дзеяньняў супраць апазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “Рэакцыя афіцыйных беларускіх СМІ на падзеі ва Ўкраіне таксама супярэчлівая. Да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўныя СМІ, асабліва тэлебачаньне, адназначна выказваліся ў падтрымку Януковіча. Але пасьля другога туру БТ спрабавала заняць нейкую нэўтральную пазыцыю, асабліва ў параўнаньні з расейскімі тэлеканаламі. Аднак апошнімі днямі беларускія тэлежурналісты зноў пачалі бэсьціць прыхільнікаў Юшчанкі, пазыцыю Захаду. Мусіць, афіцыйны Менск раздражніў удзел у кіеўскіх вулічных акцыях беларускай апазыцыі. І ўвогуле, падаецца, што рэвалюцыя, масавыя вулічныя акцыі выклікаюць алергію ў кіраўніцтва Беларусі. Таму любая рэвалюцыя, ці то югаслаўская, ці то грузінская, ці то ўкраінская выклікае адназначна адмоўную рэакцыю ў Менску, таму што зьяўляюцца нейкім, з афіцыйнага гледзішча, дрэнным прыкладам. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?”

(Быкоўскі: ) “Любая рэвалюцыя не ўспрымаецца Менскам як тое, што можна было б заахвочваць. Але тут сытуацыя вельмі неадназначная. Бо Ўкраіна фактычна раскалолася на дзьве часткі. І ня выключана, што як калісьці Югаславія, Малдова, і Ўкраіна можна раскалоцца на дзьве дзяржавы. Бо сілы ў бакоў прыкладна роўныя. І немагчыма адназначна прадказаць, як будуць разгортвацца падзеі. Сам Лукашэнка выказваўся стрымана і адзначаў, што абодва палітыкі яму падаюцца магчымымі прэзыдэнтамі Ўкраіны і з абодвума ён можа дамовіцца. І рэакцыя беларускіх СМІ — гэта, хутчэй, іхная ініцыятыва. Бо яны ня ведаюць, што трэба рабіць у гэтых умовах. І яны працуюць згодна з палітычным інстынктам. А паводле яго, апазыцыю трэба бэсьціць і падаваць падзеі ў адным звыклым ключы”.

(Пазьняк: ) “Афіцыйныя беларускія СМІ адносна аб’ектыўна асьвятляюць украінскія падзеі. Але гэтая пазыцыя грунтуецца вось на чым. Беларускія СМІ перадаюць, што Ўкраіна раскалолася на дзьве роўныя часткі, там ёсьць два годныя нацыянальныя лідэры. І такім чынам прыхавана падкрэсьліваецца стабільнасьць беларускай сытуацыі, паказваецца, што тут ёсьць адзін лідэр, які карыстаецца ўсенароднай падтрымкай. Але адначасова бэсьцяцца беларускія апазыцыянэры і скрытыкоўваецца сама вулічная дэмакратыя як такая. Калі Юшчанка перможа, прычым, мірным шляхам, то гэта можа натхніць тую частку беларускага грамадзтва, якая мае дэмакратычныя погляды. І гэта непакоіць беларускія ўлады. Калі ж Юшчанка прайграе, то беларускія дзяржаўныя СМІ гэта скарыстаюць супраць беларускай апазыцыі, каб зрабіць іхны імідж больш нэгатыўным”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, супярэчлівасьць беларускай афіцыйнай пазыцыі адносна ўкраінскіх падзеяў выклікана тым, што тут дзейнічаюць розныя, нават супрацьлеглыя чыньнікі. У ідэйна-палітычным сэнсе, геапалітычным раскладзе сымпатыі кіраўніцтва Беларусі на баку Януковіча. Але з тактычнага гледзішча ўсё выглядае наадварот”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG