Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Фралоў лічыць, што разам зь ім дом на Казарменным завулку пакідае рэвалюцыйны дух


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў неўзабаве адчуюць першыя выгоды свайго дэпутацтва. Многія з іх атрымаюць камфартабэльнае жыльлё ў Менску на Казарменным завулку. Як ідзе засяленьне і як высяляюцца тыя дэпутаты, якія не абраліся на чарговы тэрмін?

Паводле начальніка сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Анатоля Чурсіна, атрымаць кватэры ў дэпутацкім доме маюць права толькі тыя, хто пераходзіць на прафэсійную аснову. Сярод дэпутатаў гэтага скліканьня колькасьць жадаючых стаць прафэсійнымі вельмі вялікая. Паводле кіраўніка кадравага аддзелу Валерыя Рэўта, каля 75 чалавек ужо прыступілі да працы ў Палаце на прафэсійнай аснове, а да новага году наогул усе дэпутаты пяройдуць на гэтую аснову. Гэты працэс ідзе значна хутчэй, чым у Палаце другога скліканьня. Іншагароднія дэпутаты падаюць дакумэнты на атрыманьне службовых кватэраў у Менску, дзе яны будуць жыць разам са сваімі сем’ямі.

(Рэўт: ) “Трэцяе скліканьне – ужо адпрацаваныя пытаньні, дом стаіць, кватэры ёсьць мэбляваныя. Тое, чаго можа не было на пачатку ў другім скліканьні, паступова ўсё вырашалася, а цяпер што? Службовае жыльлё, поўнасьцю абстаўленыя кватэры”.

Паводле начальніка сакратарыяту Анатоля Чурсіна ў Палату прыйшло 46 новых іншагародніх дэпутатаў, і ўсім упраўленьне справамі прэзыдэнта пры патрэбе дасьць жыльлё. Прыкладна каля 20 кватэраў ужо вольныя, там праводзіцца рамонт. Яшчэ ў дэпутацкім доме засталіся 24 дэпутаты, якія наноў пераабраліся, а значыць, іхняе жыльлёвае пытаньне ўжо вырашана.

Даўнім жыхаром дэпутацкага дома зьяўляецца, да прыкладу, Валеры Лектараў, які пачаў сваё дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня і двойчы быў у складзе Палаты.

(Лектараў: ) “Трынаццаты” я адбыў у гатэлі, я тады не на прафэсійнай аснове быў, жыў у гатэлі з прусамі, а цяпер тут нармалёвае жыльлё, тут я жыву другі тэрмін”.

Спадар Лектараў кажа, што за трохпакаёўку ў менскім дэпутацкім доме ён плаціць узімку больш за 100 тысячаў. Яшчэ ў яго ёсьць кватэра ў Віцебску, за якую таксама даводзіцца плаціць больш за 100 тысяч рублёў. За аўтастаянку каля дэпутацкага дома штомесячна выходзіць яшчэ каля 50 тысячаў.

Але гэтыя цяжкасьці лёгка пераадольваюцца, калі ёсьць прывабная пэрспэктыва, адзначае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) “Ёсьць закон, калі дэпутат у адной і той жа кватэры пражыў больш за 10 год, то гэтая кватэра застаецца за ім. Вось 1995 год, некаторыя дэпутаты туды засяліліся, ужо 5 гадоў прайшло, і ў гэтым годзе будзе 5 год, вось ужо 10 год яны пражылі, і гэтыя кватэры застаюцца за імі”.

У сакратарыяце Палаты кажуць адваротнае: маўляў, з усімі дэпутатамі, якія пераабараныя на новы тэрмін, таксама будзе заключаная спэцыяльная дамова з упраўленьнем справамі прэзыдэнта, і кватэры будуць выдавацца толькі на бліжэйшыя чатыры гады.

Адных дэпутатаў у Менску чакае навасельле, а іншым, хто не абраўся на новы тэрмін, давядзецца высяляцца. Сярод гэтых дэпутатаў – генэрал Валеры Фралоў, які павінен выселіцца да 1-га сьнежня. Ён пакідае кватэру, у якой гэтым летам галадоўку супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі праводзілі, апроч яго, дэпутаты Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч, а таксама сябры апазыцыйных партый. Валеры Фралоў частку рэчаў ужо перавёз у Гародню. Кватэру на Казарменным завулку ён плянуе пакінуць цягам тыдня.

(Фралоў: ) “Канешне, зьяжджаю, зганяюць. Я крыху раней зьеду і буду жыць там, дзе палічу патрэбным, у асноўным у Менску”.

Паводле генэрала Фралова, разам зь ім дэпутацкі дом на Казарменным завулку пакідае рэвалюцыйны дух.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG