Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вострая Брама – Вынік рэфэрэндуму


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 17 кастрычніка 2004 году). Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Эмоцыі, прапагандысцкая шуміха і тактычныя гульні ўдзельнікаў трэцяга рэфэрэндуму неўзабаве сыдуць у нябыт, і мы ўсе застанёмся сам-насам з вынікам таго, што адбылося. Пакуль што ў напале страсьцей гэты вынік, магчыма, ня надта й заўважны. Але ён ёсьць – аб’ектыўны і адзіны на ўсіх. І заключаецца ён у тым, што 17 кастрычніка наша краіна і яе народ былі прывязаныя да лёсу аднаго чалавека. Не да законаў і не да трывалай сыстэмы ўлады, якая б не залежала ад выпадковага палітыка, а да канкрэтнага грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта значыць, што калі мы гаворым пра стабільнасьць, дык без Лукашэнкі стабільнасьці ня будзе, калі гаворым пра адсутнасьць канфліктаў, дык толькі дзякуючы яму. І гэта сапраўды так. Цяпер мірнае неба над Беларусяй, а таксама парадак у краіне і рэгулярная выплата пэнсіяў – усё залежыць толькі ад яго. І калі зь ім, крый Божа, што-небудзь здарыцца, Беларусь сапраўды апынецца ў сытуацыі хаосу і заняпаду. Бо ў краіне ўжо няма такой сыстэмы ўлады, што працавала б як з Лукашэнкам, так і безь яго. І калі рана ці позна ён сыдзе...

Зрэшты, гадоў трыццаць прэзыдэнт, мабыць, працягне. А што праз трыццаць гадоў усё лясьне, дык гэта мы з вамі 17 кастрычніка паслалі такое прывітаньне сваім дзецям і ўнукам. Гэта ўжо ім давядзецца разграбаць той хаос і будаваць новую стабільнасьць. Мабыць, няпростая будзе задача. Мы за яе вырашэньне не ўзяліся. Бо мы самі як дзеці. Ну, ніяк ня хочам паверыць у даўно вынайдзеныя і спраўджаныя гісторыяй ісьціны, да прыкладу, пра тое, што нельга ўсе яйкі класьці ў адзін кошык, асабліва калі гаворка ідзе пра палітыку. Гэта значыць, што ўлада павінна быць падзеленая на тры ці нават чатыры збалянсаваныя і незалежныя адзін ад аднаго складнікі.

Ёсьць парлямэнт, ёсьць урад, ёсьць суд, ёсьць СМІ.

Мы як дзеці аспрэчваем пастулят двух тэрмінаў для кіраўніка краіны, хоць тым самым пазбаўляем сябе магчымасьці параўнаньня. Наіўна думаць, што рэгулярныя пэнсіі й адсутнасьць вайны з голадам – гэта вынаходніцтва Лукашэнкі. У суседніх з намі краінах, за выключэньнем, можа быць, Расеі, таксама няма голаду і вайны і таксама плацяцца пэнсіі, але пры гэтым Лукашэнкі ў іх няма.

Затое там ёсьць дзясяткі вядомых публічных асобаў, якія штодня зьяўляюцца ў тэлевізары, і народу заўсёды ёсьць з каго выбраць сабе прэзыдэнта, калі ў папярэдняга закончыўся тэрмін. Мы ж, прывязаныя ўсе разам да аднаго чалавека, ня толькі пазбаўляем сябе параўнаньня, але й замарожваем палітычнае жыцьцё ў краіне.

Гэта значыць, мы пакідаем Беларусі на будучыню толькі аднаго рэальнага палітыка. Для раскруткі іншых няма месца. І гэта таксама праблема, якую мы перакладваем на плечы дзяцей. Бо яны пасьля Лукашэнкі апынуцца перад адсутнасьцю выбару, калі законы не працуюць, моцнага лідэра няма, парлямэнт і суд ня маюць рэальных паўнамоцтваў, прэса ня ведае, што казаць народу... Яшчэ крыху і на вуліцах сапраўды зьявяцца танкі. Інакш кажучы, мы маем тую стабільнасьць, на канцы якой – абвал.

Больш за тое, калі б мы былі грузінамі ці літоўцамі, гэта значыць, нацыяй з моцнай калектыўнай воляй, мы б яшчэ сяк-так з таго абвалу выкараскаліся.

Калі б усе патрыятычна думалі пра лёс Беларусі, зараз бы знайшліся новыя лідэры. Але мы як нацыя аслабленыя. У нас няма калектыўнае волі. І галоўнае, што мусіла б зьляпіць нас у адну сям’ю – роднае слова – загнанае ў напалову падпольны стан. А гэта значыць, што канец лукашэнкаўскай стабільнасьці будзе хаосам розных плыняў, якія будуць наперабой прапаноўваць процілеглыя вэктары разьвіцьця. Нехта будзе цягнуць у беларушчыну, нехта ў западно-руссизм, на Палесьсі ажыве свой сэпаратызм, недзе захочуць далучэньня да Польшчы... Мы бачылі гэтыя плыні ў часы да Лукашэнкі, і гэта праўда, што Лукашэнка іх прыглушыў. Але ж ад гэтага яны нікуды ня зьніклі. Яны дрэмлюць і чакаюць таго хаосу, які пачнецца разам зь ягоным зыходам.

***

Пагаворым пра настроі тых людзей Беларусі, якія разважаюць пра яе лёс і, як мы ўбачым, дастаткова па-рознаму ацэньваюць наступствы ўсенароднага галасаваньня. Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) “Я ня схільны драматызаваць ужо прадвызначаныя вынікі рэфэрэндуму 17 кастрычніка. Мы жывем у дынамічным сьвеце. У мяне на памяці, напрыклад, рэфэрэндум пра захаваньне Савецкага Саюзу, дзе 90 зь нечым адсоткаў дружна прагаласавалі за захаваньне дзяржавы, якая празь лічаныя месяцы ляснулася. Я лічу, што і гэты рэфэрэндум не адыграе фатальнай ролі. Гісторыю не падманеш. Калі грамадзтва, калі нацыя не прайшла да канца неабходныя для дэмакратычнага жыцьця этапы, прамінуць іх проста немагчыма”.

(Дубавец: ) “У адрозьненьне ад пісьменьніка Арлова, філёзаф Уладзімер Мацкевіч драматызаваць сытуацыю якраз схільны”.

(Мацкевіч: ) “Працэсы, якія ідуць у нашай краіне, зараз ня вельмі залежаць ні ад адной асобы, нават ад асобы прэзыдэнта. Усё ідзе натуральным чынам. Патрэбныя вельмі сур’ёзныя высілкі людзей, каб зьмяніць гэтыя працэсы і накіраваць іх на нейкую іншую мэту. А вось на сьвядомасьці, на самаадчуваньні людзей гэта вельмі сур’ёзна адаб’ецца, таму што гэта яшчэ адзін удар, яшчэ адна параза для самасьвядомасьці, пачуцьця ўласнай годнасьці чалавечай. Яшчэ раз людзі, тыя, хто здольны яшчэ разважаць, адчуюць, што яны ня могуць ні на што паўплываць у сваёй краіне, што іх меркаваньне, іх пазыцыя ніякага значэньня для падзеяў, для палітыкі, для жыцьця ня мае. І гэты ўдар будзе цяжка перанесьці шмат каму, асабліва маладым людзям, якія толькі-толькі пачынаюць жыцьцё. Гэта будзе маральная, этычная траўма на ўсё жыцьцё”.

(Дубавец: ) “Папярэднія рэфэрэндумы выклікалі ў асяродку беларускай інтэлігенцыі заўважную апатыю. Раптам наша краіна павярнулася на сваім шляху – назад – да парадкаў брэжнеўскага застою, хрушчоўскага аўтарытарызму і далей – сталінскай дыктатуры. Ці за трэцім рэфэрэндумам ня прыйдзе і трэцяя хваля апатыі?”

(Мацкевіч: ) “Калі сапраўды пасьля рэфэрэндуму 95-га году, пасьля перавароту 96-га году быў такі заняпад чалавечы і апатыя была вельмі глыбокая, то зараз яна яшчэ глыбейшая, канечне, але ж ступень падзеньня ўжо не такая, таму што мы і так даволі глыбока ўпалі за гэтыя 10 гадоў. Але ж сапраўды апатыя ўжо і так досыць пашырана і яшчэ шмат на каго гэта паўплывае такім чынам, што яны скажуць: пара зьяжджаць, ці: пара хавацца, ці: хопіць ужо нейкія мэты ставіць. Шмат хто схаваецца з тых, хто сёньня яшчэ бачны. Таму што гэтае мерапрыемства накіраванае на тое, каб зьнішчыць чалавечае ў чалавеку”.

(Дубавец: ) “Старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Літвіна глядзіць на апатыю па-свойму”.

(Літвіна: ) “Я думаю, што на апатыю, на расчараваньне сёньня ў сумленнага беларуса проста няма права. Гэтыя два гады, якія нас аддзяляюць ад наступных прэзыдэнцкіх выбараў, – гэта апошні шанец. І калі гэты шанец ня будзе выкарыстаны, калі ў краіне нічога ня зьменіцца, дык усе сёньняшнія гульцы палітычнай авансцэны павінны проста сысьці. І далей лёс Беларусі, яе будучыня будзе вырашацца бязь іх удзелу. Гэта маё глыбокае перакананьне”.

(Дубавец: ) “Так мы дабраліся непасрэдна да пэрсанажаў палітычнае авансцэны. Нашы дэмакратычныя сілы нясуць паразу за паразай, пры гэтым традыцыйна гаворачы пра маральныя перамогі. Яны спрабуюць укараніць у грамадзтве прагрэсіўныя палітычныя тэхналёгіі, але складваецца ўражаньне, што да гэтых тэхналёгіяў ня зроблена нейкае папярэдняе дзеяньне, таму яны й не прыжываюцца на нашай глебе. Мы яшчэ вернемся да гэтага “глебазнаўства” пазьней, а пакуль – пра апатыю кажа адзін з гульцоў авансцэны палітык Алесь Міхалевіч”.

(Міхалевіч: ) “Адносна тых, хто думае і дзейнічае, ніякай апатыі ня будзе, я перакананы. Адносна тых, хто проста думае пра лёс нацыі недзе на кухнях, то, вядома, будзе апатыя. Яны чарговы раз будуць перакананыя, што беларускі народ не зразумеў важны момант гісторыі і не зрабіў адпаведны крок”.

(Дубавец: ) “Яшчэ адзін удзельнік сёньняшняе перадачы кінарэжысэр Віктар Корзун лічыць, што праблема заключаецца ў вяртаньні навукоўцаў і культурнікаў з палітыкі, дзе яны ніяк ня могуць знайсьці шчасьлівую зорку, да сваіх непасрэдных спэцыяльнасьцяў. Вось што ён кажа пра ўплыў рэфэрэндуму на нашу інтэлігенцыю”.

(Корзун: ) “Я спадзяюся, што ён пазбавіць іх чаканьня хуткіх пераменаў, якія магчымая толькі рэвалюцыйным шляхам і пасьля якіх наступае контррэвалюцыйны пераварот. І яны ўбачаць, што як у савецкі час трэба альбо займацца творчасьцю, альбо эміграваць, займацца бізнэсам. Але тыя, што застануцца, яны будуць рабіць тое, чаго ня могуць не рабіць. Ня будзе гэтага чаканьня, што вось заўтра ўсё зьменіцца і я нарэшце займуся не палітыкай... Таму што шмат хто з творчых людзей займаецца палітыкай, і гэта кепска ўдвая, бо яны не займаюцца тым, чым умеюць займацца, а займаюцца тым, чым ня ўмеюць займацца. І вось карысьці ад гэтага я асаблівай ня бачу. А так можа што і зьменіцца. Мовазнаўцы пачнуць усё ж такі ўзгадняць граматыку, мастакі і музыкі – пісаць творы”.

Інакш кажучы, усё будзе як у брэжнеўскія часы, калі людзі, якім балела сэрца за сваю краіну, будуць займацца не палітычнай дзейнасьцю, а – пісаць раманы і карціны, у форме якіх толькі і магчымая будзе апазыцыйная дзейнасьць. Яны будуць рабіцца галоўнымі дысыдэнтамі і толькі ад іх сьвет зможа пачуць альтэрнатыўную думку пра тое, што адбываецца ў краіне дыктатара.

Зь іншага боку, калі прэзыдэнт робіць яшчэ адзін гістарычны крок назад, ці павінны сьледам за ім гэты крок рабіць і дэмакратычныя сілы? Тыя партыі, што створаныя і дзейнічаюць у Беларусі, – гэта вялікі здабытак для ўсёй краіны на шляху цывілізацыі. Бо партыі ўвасабляюць розныя погляды ў грамадзтве і пераводзяць кожную канфліктную праблему ў плоскасьць размовы, дыскусіі, у выніку чаго канфлікт стыхійна не ператвараецца ў якія-небудзь фізычныя разборкі паміж групамі насельніцтва. І калі сёньня дзейнасьць партыяў не выглядае эфэктыўна, гэта ня значыць, што яны не патрэбныя. Бо гэта яны заўтра, калі што-небудзь здарыцца зь першым прэзыдэнтам і ягоная стабільнасьць завершыцца абвалам, яны першыя будуць засьцерагальнікамі ад хаосу і яны першыя будуць вяртаць краіну на цывілізаваныя рэйкі. Таму ў выжываньні партыяў павінна быць зацікаўленае ўсё грамадзтва. Бо партыі заўсёды лепш за партызанскія атрады.

Аднак, якія аналёгіі сёньняшняга рэфэрэндуму ў гісторыі? І ці ёсьць у беларускай партыйнай сыстэмы шанцы захавацца? Філёзаф Уладзімер Мацкевіч прапануе несуцешнае параўнаньне:

(Мацкевіч: ) “Гэта падобна толькі на тое, што рабілі таталітарныя дыктатуры ХХ ст. Напрыклад, калі вы пачытаеце дасьледчыкаў гуманітарнай практыкі нацысцкай Нямеччыны, вы ўбачыце, што ўсё, што рабілася ў адукацыі, у палітыцы, у выхаваньні, у канцлягерах, усё было накіравана на тое, каб пазбавіць чалавека адчуваньня сябе чалавекам, на ператварэньне чалавека ў цалкам інстынктыўную істоту, якая жыве толькі прымітыўнымі жывёльнымі пачуцьцямі і інстынктамі. Гэта практыка таталітарных рэжымаў і незалежна ад таго, колькі чалавек зьнішчыць такі рэжым – сотні тысячаў, мільёны ці толькі чатырох, розьніца толькі колькасная”.

Сапраўды, розьніцы няма, бо яе няма ў прынцыповым пытаньні: многія нашы суграмадзяне глядзяць на зьнікненьне палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, як на дробныя выдаткі той вялізнай пазытыўнай практыкі, якую ажыцьцяўляе ў краіне прэзыдэнт, але ні ў якім разе не як на злачынства. І іх погляд не зьмяніўся б, калі б прапалі, да прыкладу, яшчэ чатыры чалавекі, ці яшчэ сорак, ці, скажам, чатыры тысячы. Чаму ў сталінскія часы мноства паспалітага народу ўхваляла масавыя рэпрэсіі? Таму што рэпрэсіі рабіліся ў імя лепшага жыцьця ўсіх астатніх, у імя стабільнасьці...

Аднак жыцьцё працягваецца, прынамсі пакуль. І нашы суразмоўцы робяць немалыя высілкі, каб у канцы тунэлю разглядзець нешта падобнае на сьвятло.

(Літвіна: ) “Сёньня мы павінны думаць пра заўтрашні дзень. Ёсьць такі расейскі навуковец Кандрацьеў, аўтар тэорыі хвалепадобнага разьвіцьця грамадзтва. І вось ён прапануе тры хвалі: дэпрэсія, упадак і ўздым. Мне здаецца, рэфэрэндум – гэта якраз тая мяжа, на якой завяршаецца ўпадак. І далей павінен пачацца пад’ём. Я ў гэта глыбока веру”.

(Арлоў: ) “Нягледзячы на ўсе перашкоды, працягваецца фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, кшталтаваньне беларускай нацыі, таму што гэты працэс яшчэ ня скончаны, і разьлікі на кавалерыйскія атакі адышлі ў мінулае.

Я згадваю канец 80-х гадоў, калі людзей, якія верылі ў магчымасьць адраджэньня незалежнасьці Беларусі былі сотні, у лепшым выпадку тысячы. А цяпер мільёны людзей усьведамляюць сябе грамадзянамі Беларусі, эўрапейскай краіны, у якой безумоўна эўрапейская будучыня. Як гісторык паводле адукацыі, я часта разважаю над лёсам Беларусі і ўсё больш і больш пераконваюся, што наша эўрапейскае мінулае – гэта своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню”.

* * *

(Дубавец: ) Чаму такі рэфэрэндум, як у нас, немагчымы, напрыклад, у сувымернай з намі Чэхіі, дзе было шмат болей падставаў пакінуць пры ўладзе сусьветна вядомага і шанаванага Вацлава Гавэла? Бо там ёсьць воля народу і вяршэнства закону. Нікому і ў галаву ня прыйдзе ламаць канстытуцыю пад нейкага, хай сабе і самага мудрага кіраўніка. Бо дабром такія рэчы, як узурпацыя ўлады, ніколі і нідзе не сканчаліся. У суседніх Польшчы або Літве вам сходу назавуць дзясятак прозьвішчаў агульнавядомых палітыкаў, якія маглі б узначаліць краіну. Там сродкі масавай інфармацыі, у адрозьненьне ад нашых, дбаюць, каб такіх людзей было як мага болей. У нас жа – паглядзіце – хто з патэнцыйных дзеячаў не прапаў або не ў турме, каго безупынна ня ганяць на БТ, тым проста няма дзе паказацца. І гэта таксама вынік узурпацыі ўлады адным чалавекам, які ўвесь народ прывязаў да свайго лёсу, да сваіх балячак і да сваіх сакрэтаў, пра якія мы нічога ня ведаем, хоць цяпер наўпрост залежым ад іх.

Сэнс такой тактыкі першага прэзыдэнта ў тым, каб стрымваць наша нацыянальнае станаўленьне, каб мы заставаліся дзецьмі і наіўна галасавалі за яго – за бацьку. Мы, беларусы, – за паўкроку ад таго, каб стаць паўнавартаснай сучаснай нацыяй, гэта значыць набыць калектыўную волю. Але мы ад гэтага за паўкроку ўжо 10 гадоў.

Захад не разумее, што з намі адбываецца, чаму мы не паводзім сябе так, як іншыя эўрапейскія нацыі. А сакрэт у тым, што мы – за паўкроку. І гэта значыць, што стымуляваць у нас трэба ня столькі сучасныя паліттэхналёгіі, каб пасьля не зьдзіўляцца, чаму яны не працуюць, колькі гэтае самае станаўленьне нацыі.

Зьвярніце ўвагу: за 10 гадоў зь першым прэзыдэнтам пры ўсіх перашкодах зь ягонага боку ў нас менавіта культурныя праекты разьвіваліся і мелі плён. Нашы палітыкі прайгравалі выбары, а нашы музыкі і артысты заваёўвалі вялізныя аўдыторыі, нашы часопісы нараджаліся паўнавартаснымі і здаровымі, нашы кнігі выглядалі як каштоўныя падарункі свайму народу. У параўнаньні з суседзямі мы татальна цярпелі ў палітыцы, але былі на вышыні ў культуры. І наша культура, у адрозьненьне ад палітыкі, ніколі не разьменьвалася родным словам, бо разумела, што гэта самае важнае, што ў нас ёсьць, каб канчаткова стаць нацыяй. Нарэшце, трэцяе параўнаньне таксама будзе на карысьць культуры – яе шлях у заўтрашні дзень не выглядае туманным. Яна робіць сваю справу і яе лідэры занадта запатрабаваныя сваёй аўдыторыяй, каб сысьці з авансцэны заўтрашняга жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG