Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі суд задаволіць пазоў “Балтыкі”, “Крыніца” вымушаная будзе спыніцца


Ігар Карней, Менск Расейскі бровар “Балтыка” не пакідае спадзяваньняў вярнуць некалькі мільёнаў даляраў, пасьпешліва ўкладзеных у менскі піваварны завод “Крыніца”. Сёньня гэтае пытаньне разгледзіць Міжнародны камэрцыйны арбітражны суд пры Гандлёва-прамысловай палаце Расейскай Фэдэрацыі. “Балтыка” патрабуе спагнаць з “Крыніцы” 3,5 мільёна даляраў. Беларускі бок, у сваю чаргу, падлічыў, колькі вінаваты яму расейскі бровар. Дзіўным чынам запазычанасьць склала тыя ж самыя 3,5 мільёна даляраў.

Некаторыя эканамісты кажуць, што калі суд задаволіць пазоў “Балтыкі”, “Крыніца” вымушаная будзе спыніцца. Ужо зараз запазычанасьць менскага бровару перад крэдыторамі складае амаль 40 мільёнаў даляраў, і калі да іх дададуцца яшчэ тры з паловай мільёны, гэта будзе апошнім цьвіком у заводзкай труне. Таму ўсялякія размовы пра сёньняшні судовы працэс адміністрацыя “Крыніцы” успрымае вельмі нэрвова. Вось як адрэагаваў на маё пытаньне прадстаўнік “Крыніцы” Яўген Новікаў:

(Новікаў: ) “Яны ніколі, пэўна, не супакояцца... Але ж гэта рынак – што тут зробіш?.. Нічога не магу камэнтаваць”.

Вынікі судовага паседжаньня будуць абвешчаныя ў лепшым выпадку сёньня ў другой палове дня. Між тым, беларускі бок катэгарычна ня згодны з прэтэнзіямі “Балтыкі” і абяцае, што будзе змагацца за кожны даляр. Канцэрн “Белдзяржхарчпрам” таксама падрыхтаваўся да новага кола расейска-беларускай піўной вайны – склаў уласны сьпіс фінансавых прэтэнзіяў да “Балтыкі”. Паводле яго, “Балтыка” вінаватая беларусам таксама 3,5 мільёна даляраў. Але вінаватых у зрыве вялікай інвэстыцыйнай праграмы ўсё ж назаве міжнародны суд.

Гэта не адзінае выпрабаваньне, якое давядзецца вытрымаць беларуска-расейскаму супрацоўніцтву ў піўной галіне. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб беларускія бровары цалкам перайшлі на айчынную сыравіну. Яшчэ летась півавараны ячмень на 80% імпартаваўся. Адказны супрацоўнік Інстытуту земляробства і сэлекцыі ў Жодзіне Андрэй Кадыраў лічыць, што падставы для выкананьня загаду Лукашэнкі ёсьць, і што сытуацыя кардынальна зьменіцца.

(Кадыраў: ) “Ад гэтага году, пэўна, на сто адсоткаў ячмень будзе беларускім. Няўжо вы думаеце, што ў Расеі можна вырасьціць лепей, чым у Беларусі, калі сярэдняя ўраджайнасьць у Расеі 15 цэнтнэраў, а ў нас 35? Калі там парк сельгасмашынаў, сушылак развалены цалкам, а ў нас хоць нешта засталося? Да таго ж, 30% півавараных ячмянёў у Расеі – гэта гатункі нашага інстытуту. Гэтыя тры складнікі вам дадуць вельмі вялікае разуменьне сытуацыі. І тут ня толькі стэрэатыпы, тут перакрыжоўваюцца мноства розных інтарэсаў”.

Я затэлефанаваў у Санкт-Пецярбург, у офіс бровару “Балтыка” і пацікавіўся: ці не зьбіраецца выпадкова кіраўніцтва прадпрыемства зьмяніць гнеў на міласьць і ўзяць запазычанасьці беларусаў півавараным ячмянём? І вось што адказала прадстаўніца бровару Марыяна Валодзіна:

(Валодзіна: ) “У нас свой соладавы завод у Туле, які мы адчынілі тыдзень таму, і мы купляем расейскі ячмень. Калісьці, натуральна, мы працавалі на імпартаванай сыравіне. Але зараз да саладоўні ў Санкт-Пецярбурзе дадалася яшчэ Тула, таму ў гэтым сэнсе ўсё асвоена і ахоплена. І мы будзем забясьпечваць ня толькі патрэбы “Балтыкі”, але і пастаўляць сыравіну на экспарт. Завод у Туле будзе абслугоўваць шмат якія расейскія бровары, хоць гэта ўласнасьць “Балтыкі”.

Відавочна, што кіраўніцтва “Балтыкі” ня пойдзе на нейкія кампрамісы з “Крыніцай”. Асабліва ў сытуацыі, калі на кон пастаўленыя мільёны даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG