Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Доме літаратара адбылася вечарына прысьвечаная 80-годзьдзю з Дня нараджэньня Васіля Быкава


Альгерд Невяроўскі, Менск У перапоўненай залі прайшла прэзэнтацыя некалькіх новых кнігаў твораў пісьменьніка і ўспамінаў ягоных сяброў, а таксама кампакт-дыску “Быкаў на Свабодзе”.

На вечарыну 80-годзьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава, арганізаваную ў менскім Доме літаратара Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Месцаў у залі ўсім не хапіла – некаторыя стаялі.

Сярод тых, хто прыйшоў на быкаўскую вечарыну былі вядомыя пісьменьнікі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Валянцін Тарас, ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна, амбасадары Польшчы і Славачыны ў Беларусі, пісьменьнікі Рыма Казакова, Юры Чарнічэнка і Валянцін Аскоцкі з Расеі, Васіль Бондар і Марыя Якубоўская з Украіны, ды іншыя вядомыя асобы.

Сцэна Дому літаратараў была аздобленая бел-чырвона-белымі стужкамі, а пад партрэтам Быкава, аўтарства мастакоў Алеся Шатэрніка й Рыгора Сітніцы, стаялі букеты з палявых васількоў. Вечарыну адкрыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Нават беларускае неба перад гэтай вечарынай расшчодрылася й падаравала нам сонца. Нарэшце скончыліся дождж і хмурасьць, і сёньня над будынкам Дому літаратараў, над сталіцай Беларусі ў гэтую хвіліну зьзяе сонца”.

Мінуў амаль год як Васіля Быкава няма, але ягоны сябра народны паэт Рыгор Барадулін лічыць, што Быкаў нябачна прысутнічае побач зь ім:

(Барадулін: ) “Я сустракаю 80-ю гадавіну нараджэньня свайго вялікага сябра з тым, што ён ёсьць, што ён проста ўвесь час са мной. Як і ёсьць Быкаў з усімі беларусамі. Я вось толькі прыехаў з Бычкоў – там ствараецца Быкаўскі музэй. І вельмі цікавая дэталь. Ластаўкі пачалі віць гнёзды ў сенцах, а гэта значыць прынялі дом за свой. А гэта вельмі добрая прыкмета. І яшчэ адна добрая дэталь – мы ехалі па дарозе, якую Быкаў у свой час праклаў ад Бычкоў да Кублічаў. І гэтая дарога называецца Васілёвай дарогай. Таму мы павінны ісьці Васілёвай дарогай”.

Многія выступоўцы на вечарыне літаратары – Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Барыс Пятровіч ды іншыя – таксама казалі, што Васіль Быкаў не сышоў у нябыт, ён па-ранейшаму побач зь беларусамі і па-ранейшаму ёсьць адным з сымбаляў Беларусі. А вось, што сказаў пра Васіля Быкава расейскі пісьменьнік Юры Чарнічэнка:

(Чарнічэнка: ) “Ён паводзінамі сваімі паказаў, што чалавечнасьць прымірае народы, гуманізм пераадольвае сьцяну ня толькі Бэрлінскую, але й сьцяну сэрцаў”.

Калега спадара Чарнічэнкі, расейская паэтка і старшыня Міжнароднага літфонду Рыма Казакова перадала ўдаве Васіля Быкава Ірыне Міхайлаўне статуэтку Дон Кіхота – гэта сымбаль прэміі Міжнароднага літфонду, ляўрэатам якой быў пісьменьнік.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк сказаў, што прыйшоў на вечарыну каб аддаць даніну памяці вялікаму пісьменьніку й гуманісту:

(Паўляк: ) “Гэта ёсьць абавязак і прыемнасьць для мяне прыйсьці на вечарыну памяці. Тым больш, так здарылася, што ў той трагічны дзень, калі памёр вялікі пісьменьнік мяне тут не было, не ўдзельнічаў тады ў пахаваньні. Таму я хацеў хаця б годам пазьней прыйсьці на гэтую сустрэчу. Васіль Быкаў перадусім вялікі пісьменьнік і гуманіст, а таксама барацьбіт за свабоду й дэмакратыю гэтага блізкага нашаму сэрцу народа”.

Заслугі Васіля Быкава як барацьбіта за свабоду Беларусі таксама адзначыў кіраўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка.

У часе вечарыны адбылася прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў сяброў пісьменьніка пад назваю “Наш Быкаў”, чарговага нумару часопісу “Дзеяслоў”, а таксама зборніка выбраных твораў Васіля Быкава “Парадоксы жыцьця”. Напрыканцы вечарыны старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі прэзэнтаваў кампакт-дыск “Быкаў на Свабодзе”. Гэта зборнік інтэрвію і выступаў пісьменьніка на беларускай службе радыё Свабода:

(Баршчэўскі: ) “ Цяпер, дзякуй Богу, у нас ёсьць прафэсійна зроблены дыск, які толькі сёньня зьявіўся ў Менску. Быкаў на Свабодзе – гэта вельмі важна. Бо, быкаўскія інтанацыі, быкаўскі роздум, быкаўская скарагаворка – гэта немагчыма перадаць на паперы. Я вельмі рады, што гэты голас да нас вярнуўся, і ведаю, ён ужо ніколі адсюль ня зьнікне”.

Пасьля прамовы Лявона Баршчэўскага ў залі загучаў голас Васіля Быкава на беларускай Свабодзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG