Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Ніязава выклікала неадназначную рэакцыю ў сьвеце


Ганна Соўсь, Прага Турэччына выказала народу Туркмэністану спачуваньні. Расея і Нямеччына заявілі пра неабходнасьць захаваньня стабільнасьці ў рэгіёне.

Кіраўніца эўрапейскага аддзелу праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” Эльза Відаль выказала надзею на перамены ў гэтай краіне.

(Відаль: ) “Прэзыдэнт Ніязаў адказны за шматлікія парушэньні правоў чалавека. Ён быў у нашым сьпісе ворагаў свабоды слова. Туркмэністан займае другое месца ў сьвеце па маштабах ганеньняў на свабодную прэсу. Гэта – адна з самых закрытых краінаў, як у сваім рэгіёне, так і ўва ўсім сьвеце.

А вось што заявіла прадстаўніца Эўракамісіі Эма Удвін.

(Удвін: ) “Мы даведаліся пра раптоўную сьмерць Ніязава ўранку. Мы чакаем, што працэс перадачы ўлады будзе адбывацца ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і прававымі нормамі. Мы спадзяемся, што Туркмэнія зноў стане на дарогу да дэмакратыі, калі ў краіне прыйдзе да ўлады новы лідэр”.

Махэдзін Кабіры, лідэр адной з таджыцкіх ісламскіх партый, лічыць, што сьмерць Ніязава паўплывае на палітычную сытуацыю ў Туркмэністане і рэгіёне. Ён спадзяецца, што гэта не прывядзе да палітычнай нестабільнасьці.

А вось што заявіў пра сьмерць Сапармурата Ніязава міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

(Лаўроў: ) "Мы разьлічваем, што перадача ўлады пройдзе ў рамках закону, і што будзе забясьпечана пераемнасьць у нашых дачыненьнях, і што новае кіраўніцтва будзе дзейнічаць на карысьць грамадзянаў Туркмэністану, усіх жыхароў краіны, на карысьць разьвіцьця супрацоўніцтва з Расеяй, і на карысьць захаваньня стабільнасьці ў сярэднеазіяцкім рэгіёне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG