Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1985 годзе Ніязаў вучыўся кіраваньню ў Беларусі


Радыё Свабода Памерлы прэзыдэнт Туркмэністану ўзначальваў краіну дваццаць гадоў. Азы кіраваньня Сапармурат Ніязаў засвойваў і ў Беларусі.

У 1985 годзе перад прызначэньнем Сапармурата Ніязава старшынём ураду Туркмэнскай ССР ЦК КПСС накіравала яго на стажыроўку ў Беларусь, паведаміў амбасадар Туркмэністану, дуаен дыпляматычнага корпусу ў Беларусі Ільля Вільжанаў:

(Вільжанаў: ) “Калі Бровікаў быў старшынём Савету Міністраў, Ніязаў у той час працаваў у ЦК КПСС. І тут ён стажаваўся як старшыня ўраду”.

Захаваліся і ўспаміны самога Ніязава, дзе ён распавядае, што ў 1985 годзе яго накіравалі на вучобу ў Беларусь — перад тым як прызначыць кіраўніком ураду Туркмэністану. Яму далі такую ўстаноўку: сядзець у кабінэце Бровікава й глядзець, як той разьвязвае праблему. А потым і паспрабаваць самаму папрацаваць замест Бровікава.

Але пра знаходжаньне спадара Ніязава ў Менску мала хто памятае. Цяпер беларусы могуць пачытаць творы Сапармурата Ніязава. Ягоную кнігу “Рухнама” пераклалі на беларускую мову Анатоль Бутэвіч, Леанід Дранько-Майсюк і Анатоль Кудравец.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк не саромеецца ўдзелу ў падрыхтоўцы перакладу. Ён называе гэты твор “кнігай вялікай любові да туркмэнскага народу”.

(Дранько: ) “Упершыню я разгарнуў гэтую кнігу наўздагад, і мне адразу трапіў у вочы радок “Туркмэна сапраўдным туркмэнам зробіць толькі туркмэн”. Мне захацелася, каб гэта прагучала й па-беларуску: “Беларуса сапраўдным беларусам зробіць толькі беларус” — у высокім культурным і паэтычным сэнсе гэтага слова, у плыні культурнага нацыяналізму”.

А пісьменьніцы Вользе Іпатавай беларускі варыянт “Рухнамы” перадусім цікавы магчымасьцю параўноўваць:

(Іпатава: ) “Калі параўноўваць туркмэнскую дыктатуру зь беларускай, дык тая хоць выглядае нейкай асьветніцкай. У нас жа стан самы жахлівы, бо наша дыктатура нават не абараняе сваю нацыянальную культуру, але і актыўна наступае на яе і хоча зьнішчыць. Хаця, зразумела, дыктатуры не павінна быць наагул”.

Кніга “Рухнама” прэзыдэнта Сапармурата Ніязава ў Туркмэністане гвалтам вывучаецца на спэцыяльных палітычных занятках — на прадпрыемствах, будоўлях, ва ўстановах, інстытутах.

Веданьне “Рухнамы” неабходнае пры паступленьні на працу, нават міліцыянты патрабуюць у парушальнікаў правілаў дарожнага руху працытаваць “Рухнаму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG