Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А.Казулін: “Цудоўна адчуваць, як жыцьцё вяртаецца ў цела” (абноўлены)</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск У віцебскай калёніі спыніў галадоўку Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта, які 53 дні пратэставаў супраць знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Пра пачатак выхаду з галадоўкі Аляксандар Казулін сам паведаміў сваякам па тэлефоне.

Ірына Казуліна пацьвердзіла, што яе муж спыніў галадоўку. Вось што Ірына Казуліна распавяла пра сёньняшнюю размову з мужам па тэлефоне.

(Казуліна: ) “Нам далі тры хвіліны й яшчэ паставілі ўмову, каб ні пра якую палітыку мы не размаўлялі, а толькі пра здароўе й выхад з галадоўкі. Ён папрасіў яблыкі антонаўку, кашы, ільняны алей, корань сэльдэрэю, розныя бытавыя рэчы. Але самае галоўнае, што голас ягоны гучаў бадзёра, і яшчэ ён сказаў такія словы: “Гэта так цудоўна — адчуваць, як у тваё цела вяртаецца жыцьцё”.

Раней ад намесьніка начальніка калёніі спадара Русака Ірыне Казулінай стала вядома, што ў мужа трымаецца нізкі ціск — усяго 80 на 65, пры норме 120 на 80. Тэмпэратура цела ў Казуліна — 36,2 градуса, што таксама ніжэй за норму. Паводле жонкі, Аляксандар не жадае, каб яго паклалі ў шпіталь і на недахоп мэдычнай дапамогі ў калёніі ня скардзіцца. Ірына перакананая, што яе муж сам здолее выйсьці з галадоўкі.

На пытаньне, як Аляксандар Казулін камэнтуе выкананьне ягоных патрабаваньняў, жонка палітыка адказала:

(Казуліна: )“Толькі я задала нейкае такое пытаньне, ён адразу сказаў, што гэта ўсё потым. Відаць, яго папярэдзілі, што адразу адключаць сувязь, калі размова будзе пра палітыку. Вось і ўсё. Ён сам радасны, і перадаваў усім прывітаньне і падзяку за дапамогу”.

Паводле Ірыны Казулінай, яе мужу дазволілі сустрэчу з адвакатам. Ірына мяркуе, што такая сустрэча можа адбыцца на гэтым тыдні.

Ірына Казуліна таксама распавяла, што 12 сьнежня ёй патэлефанавалі зь Міжнароднага Чырвонага крыжа й паведамілі, што прадстаўнік гэтай арганізацыі мае намер наведаць Аляксандра Казуліна ў калёніі. Адпаведны зварот беларускім ўладам ужо дасланы. “Яны паабяцалі паінфармаваць мяне, якім будзе адказ нашых ўладаў”, — сказала Ірына Казуліна.

Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Былы кандыдат у прэзыдэнты сваёй віны не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. У зьняволеньні Аляксандар Казулін з 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG