Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Іван Крук: “Супроць мяне магчымыя новыя правакацыі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывіст Іван Крук не выключае правакацый напярэдадні вызваленьня з турмы. Мікалай Статкевіч адзначыў дзесяцігодзьдзе ад першага арышту. Ліст бацькі Зьмітра Дашкевіча ў суд вярнулі з красамоўным адказам. Цімафей Дранчук спадзяецца на 14 сьнежня.

Актывіст з Астраўца Іван Крук, які адбывае 6 месяцаў арышту ў глыбоцкай турме за супрацьдзеяньне міліцыі, даслаў на волю адкрыты ліст. Іван Крук выказвае падзяку людзям, якія яго падтрымалі, а таксама згадвае найбольш цяжкія моманты, якія ён перажыў за час зьняволеньня. Як нехта падклаў у ягоны ложак мэталічны прадмет, а калі ахоўнікі гэты прадмет знайшлі, то Івана Крука пакаралі і адмовілі яму на гэтай падставе ў датэрміновым вызваленьні. 10 студзеня актывіст мусіць выйсьці на волю, але не выключае з боку ўладаў новай правакацыі.

Адзін з лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які адбывае два гады “хіміі” ў Пухавіцкім раёне, учора адзначыў сваесаблівыя ўгодкі: мінула 10 гадоў, як палітык упершыню апынуўся за кратамі. Тады Мікалай Статкевіч ўзначаліў стыхійную дэманстрацыю пратэсту супроць вынікаў рэфэрэндуму 1996 года. Спадара Статкевіча і яшчэ двух актывістаў пакаралі 15-цю днямі арышту. За кратамі палітык пачаў галадоўку, якую трымаў 12 дзён.

(Статкевіч: ) “Тады 15 дзён арышту здаваліся нейкім жахам. Я памятаю жах у вачах людзей, якія ў судзе пачулі такія прысуды. А зараз дайшло да 5 з паловай гадоў зьняволеньня. Безумоўна, ужо і барацьба мусіць быць іншай, каб выйсьці з гэтага становішча”.

20 сьнежня заканчваецца тэрмін абмежаваньня волі ў былога дэпутата Андрэя Клімава. Палітык верыць, што вернецца дамоў без праблем.

(Клімаў: ) “Усё ідзе паводле пляну. Выкарыстаў адпачынак на тое, каб вырашыць пэўныя бытавыя праблемы, якія назапасіліся. Цяпер рыхтуюся да вызваленьня, мяркую, ніякіх перашкод ня будзе”.

Нагадаю, Андрэй Клімаў быў пакараны за арганізацыю дэманстрацыі пратэсту на Дзень волі.

14 сьнежня ў менскай калёніі, дзе ўтрымліваюць актывіста арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука, мусіць адбыцца паседжаньне камісіі, якая разглядае пытаньні датэрміновага вызваленьня вязьняў. На паседжаньні 30 лістапада дакумэнты Дранчука не разглядалі, хаця папярэдне ён патрапіў у сьпіс кандыдатаў на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Бацька актывіста Валер Дранчук згадвае пра ўнука Платона, які нарадзіўся, калі Цімафей ужо быў арыштаваны.

(Дранчук: ) “Навіны хіба што тыя, што Платон, якому ужо споўнілася 8 месяцаў, усё больш выразна выказвае жаданьне як мага раней пабачыць бацьку, каб яго хутчэй вызвалялі з турмы”.

На гэтым тыдні лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч зь менскага ізалятару быў накіраваны ў шклоўскую калёнію. Паводле афіцыйнай вэрсіі – на ягоную просьбу. Між тым бацькі актывіста лічаць, што гэта было зроблена незаконна, паколькі ў судзе Менска яшчэ не адбыўся разгляд скаргі на прысуд і лічыцца, што прысуд не пачаў дзейнічаць. Бацька актывіста Вячаслаў Дашкевіч атрымаў зь менскага суду адказ на свой ліст, у якім ён аспрэчваў рашэньне судзьдзяў адносна свайго сына. Сэнс адказу: вы не ўдзельнік працэсу, таму вашае меркаваньне нас не цікавіць. А днём раней бацькі Зьмітра Дашкевіча былі запрошаныя на сустрэчу ў амбасадзе ЗША у Беларусі.

(Дашкевіч: ) “Выступіла з прамовай амбасадар ЗША Карэн Ст’юарт, на беларускай мове, і сказала, што ЗША і ўрад краіны падтрымлівалі і будуць заўсёды падтрымліваць палітвязьняў і іх сваякоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG