Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна: “Галадоўка мужа скончыцца, калі яе скончыць ён, а ня я ці кіраўніцтва калёніі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У віцебскай калёніі працягвае палітычную галадоўку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Болей як пяцьсот чалавек падтрымалі акцыю Казуліна галадоўкай салідарнасьці. Зьявіліся зьвесткі, што палітык хутка скончыць акцыю.

Сёньня пайшоў 50-ты дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна, які за гэты час схуднеў болей як на 27 кіляграмаў і, паводле мэдыкаў, апынуўся на мяжы жыцьця. Ці магчыма, што хутка палітык спыніць галадоўку?

“Гэта найперш залежыць не ад стану здароўя, а ад выкананьня яго патрабаваньняў”, — сказала сёньня “Свабодзе” Ірына Казуліна. Яна паведаміла, што раніцай гаварыла па тэлефоне з мужам, якому пералічыла захады, зробленыя дзеля выкананьня яго патрабаваньняў: гэта зварот лідэраў апазыцыі ў ААН, ліст да прэм’ера Сяргея Сідорскага, а таксама тое, што амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША паінфармавалі свае ўрады пра патрабаваньні Казуліна.

“Мне невядома, ці палічыць ён дастатковым для выхаду з галадоўкі гэтыя крокі, але ён паабяцаў іх абдумаць і прыняць рашэньне”, — сказала Ірына Казуліна. Жонка палітыка абвергла зьвесткі, паводле якіх рашэньне спыніць галадоўку Казулін ужо прыняў.

(Казуліна: ) “Я нікому не казала, што ён сёньня скончыў галадоўку. Ён яе ня скончыў, галадоўка працягваецца. І калі ён скончыць галадоўку, я ня ведаю. Бо гэта скончыцца тады, калі ён яе скончыць, а ня я і не кіраўніцтва калёніі ці нехта яшчэ”.

Між тым цягам дня агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на неназванага адказнага супрацоўніка віцебскай калёніі паведаміла, што 8 сьнежня Аляксандар Казулін спыніць галадоўку. Аднак атрымаць пацьверджаньня гэтых зьвестак у калёніі не ўдалося. З раніцы службовыя тэлефоны начальніка калёніі й ягоных намесьнікаў не адказвалі. У другой палове дня Ірыне Казулінай у калёніі паведамілі, што паказчыкі стану здароўя яе мужа такія ж, як і ўчора. Нагадаю, 7 сьнежня Казулін важыў 64 кіляграмы, у яго быў паніжаны ціск. Сам Аляксандар Казулін сёньня сказаў жонцы, што “адчувае сябе нармальна”.

8 сьнежня пачалася масавая акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Паводле супрацоўніцы штабу Казуліна Раісы Міхайлоўскай, пра ўдзел у аднадзённай і шматдзённай галадоўках паведамілі болей як 500 чалавек з Менску, Гомелі, Віцебску ды іншых гарадах Беларусі, а таксама беларускія студэнты ў Польшчы. Цягам дня прыходзілі новыя зьвесткі пра удзельнікаў акцыі.

(Міхайлоўская: ) “Вось прыйшла інфармацыя з Масквы, што там таксама далучыліся, інфармацыя з Латвіі. Вось на сайце зьявіліся зьвесткі пра Берасьце. Гэтак паступова прыходзяць новыя зьвесткі”.

Шмат званкоў ад людзей, які галадаюць на знак салідарнасьці з Казуліным, атрымлівалі сёньня й на Радыё Свабода. “З раніцы галадаю й нават вады ня п’ю”, — паведаміў Аляксандар Макаеў зь Менску.



Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык ніколі не прызнаваў і заяўляў, што яго перасьледуюць за крытыку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” ды іншыя праваабарончыя арганізацыі абвясьцілі Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG