Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра распад СССР


Алесь Дашчынскі, Менск Пятнаццаць гадоў таму ва ўрадавай рэзыдэнцыі “Віскулі” лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны — Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук — падпісалі пагадненьне пра ўтварэньне Судружнасьці незалежных дзяржаваў. Што вы думаеце пра распад СССР? Ці шкадуеце?

Паводле старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі, сябра Савету рэспублікі Аляксандра Зімоўскага, ахвярамі распаду краіны сталі простыя людзі.

(Зімоўскі: ) “На той момант бальшыня людзей, якія жылі ў Савецкім Саюзе, за выключэньнем, магчыма, рэспублік Балтыі, нават не зразумелі, што адбылося. Калі б Белавескія пагадненьні захоўваліся, то наступствы не былі б настолькі катастрафічныя”.

Ці шкадуе спадар Зімоўскі пра распад СССР?

(Зімоўскі: ) “Хто не шкадуе — у таго няма сэрца, а хто шкадуе — у яго няма галавы. Гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу. Гэтыя пятнаццаць гадоў мы пражылі без Савецкага Саюзу, і я думаю, што ўсе дарослыя людзі й палітыкі зыходзілі з таго, што Саюз адрадзіць нельга. У мяне няма прэтэнзіяў да Савецкага Саюзу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчыма адрадзіць СССР?”

(Зімоўскі: ) “Большая частка Савецкага Саюзу ў нас засталася за ўсходняй мяжой. Вось няхай яны і думаюць, ці змогуць яны на аснове Расейскай Фэдэрацыі адрадзіць тое, што ім засталося, прыцягваючы тыя рэспублікі, якія засталіся па пэрымэтры. Цела Савецкага Саюзу — гэта Расея”.

Адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленьнькі сказаў:

(Беленькі: ) “Як можна шкадаваць пра імпэрыю, якая нішчыла мой народ, якая ўчыніла Курапаты?.. Савецкі Саюз разваліўся задоўга да таго, як былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Гэта ўжо быў акт пасьведчаньня аб сьмерці. Ужо ў канцы 1980-х гадоў адбылася поўная дэградацыя эканамічнай, палітычнай, ідэалягічнай сфэраў былой савецкай імпэрыі. Пад канец 1980-х гадоў Савецкі Саюз быў поўным эканамічным банкрутам. Заканамерна, што гэтая імпэрыя развалілася”.

Былы старшыня Савету рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што распаду краіны папярэднічаў глыбокі сыстэмны крызіс.

(Вайтовіч: ) “Гэта быў заканамерны шлях разьвіцьця, гістарычны шлях… На жаль, розныя краіны па-рознаму распарадзіліся тым, што адбылося ў гісторыі. Некаторыя з краін так і ня сталі на шлях разьвіцьця, які паказвае максымальную эфэктыўнасьць. Я маю на ўвазе нашу краіну, дзе вельмі шмат камандных мэтадаў, якія бяруць пачатак яшчэ ў савецкі той час. І гэта не на карысьць краіне”.

Лідэр аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

(Мілінкевіч: ) “Я не шкадую, таму што імпэрыі трымаюцца альбо на таталітарнай уладзе, альбо на агульнай ідэі. Ну што магло быць агульнага ў Беларусі й Туркмэністану? Аб’ядноўвала нібыта камуністычная ідэалёгія — і як толькі яна адыходзіла, ужо няма цэмэнтоўнай сыстэмы. Па другое, імпэрыі заўсёды распадаюцца. І тое, што Беларусь у выніку атрымала незалежнасьць, гэта велізарны падарунак лёсу, трэба ўсімі сіламі цаніць гэта й змагацца за тое, каб захаваць незалежнасьць... Сёньня змагаемся зноў за свабоду. Але мусім не згубіць незалежнасьць. Я за тое, каб свабода і незалежнасьць ішлі разам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG