Кажуць, паэзія ня здольная зьмяніць сьвет. Магчыма й так, але я не сумняюся, што ў яе сілах павярнуць у іншым кірунку лёс асобнага чалавека. Жывое сьведчаньне — мой сябар Вінцэсь Мудроў, які ў школьным юнацтве (тады яго яшчэ клікалі Віця) аднойчы выцягнуў з кучы макулятуры хрэстаматыю па беларускай літаратуры. Нескладана ўявіць, зь якімі пачуцьцямі перагортваў гэтую прапахлую цьвільлю кнігу вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы сын афіцэра-расейца. Але здарылася дзіва, пра якое няхай распавядзе сам Вінцэсь:
“Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк...” Я прачытаў верш паўшэптам і адразу ж запомніў. Тут жа, у хрэстаматыі, былі “Вечар на захадзе ў попеле тушыць...”, “Прывет табе, жыцьцё на волі!..” і, нарэшце “Зорка Вэнэра”. Максімавы вершы папросту ашаламілі... Мяне апанавала Беларусь. Не, ня тая Беларусь, дзе я нарадзіўся і жыў... а той край, дзе жылі Максім і Вэраніка, дзе танулі ў небе вежы касьцёлу Сьвятой Ганны і над зямлёю, працінаючы сэрцы закаханых вострымі дзідамі промняў, узыходзіла зорка Вэнэра. Кругагляд маёй душы, у якім не хапала аднаго сэгмэнту, набыў завершаную форму”.
Дадамо, што Мудроў неўзабаве стаўся рэдактарам самвыдавецкага літаратурнага альманаху “Блакітны ліхтар”, а па часе — адным з найцікавейшых і яшчэ па-сапраўднаму не ацэненых беларускіх пісьменьнікаў.
У Максіма Багдановіча шчасьлівае й лёсавызначальнае адкрыцьцё Беларусі адбылося яшчэ раней. Маючы дзесяць зь нечым гадоў, ён ужо спрабаваў пісаць па-беларуску. Прытым адзначым: бацька паэта не ўхваляў сынавага захапленьня, мяркуючы, што беларусіка “больш замінала ягоным посьпехам, чым спрыяла”.
Падзеяй велізарнае значнасьці ў паэтавым жыцьці сталася паездка ў Беларусь улетку 1911 году. Яго запрасілі супрацоўнікі “Нашае Нівы” Іван і Антон Луцкевічы, якія ўжо бачылі агульнанацыянальны маштаб таленту беларускага юнака зь Яраслаўлю.
У 1915-м нарадзіўся шэдэўр ягонай паэзіі — верш “Пагоня”, які стаўся адным зь неафіцыйных беларускіх гімнаў.
“Усё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць”.
У 1917-м сябры выправілі яго на лекаваньне ў Ялту, але было ўжо позна. Вядома, што ў свае апошнія дні, “у краіне сьветлай”, дзе ён паміраў, паэт займаўся складаньнем беларускага лемантара.
Лемантарамі для тысяч і тысяч беларусаў сталіся ягоныя кнігі.