Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Вярцінскі пра СССР: “Тое, што памерла, рэанімаваць немагчыма”


Ігар Карней, Менск 15 гадоў таму з палітычнай мапы сьвету зьнік Савецкі Саюз. 8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі “Віскулі” у Белавескай пушчы тагачасныя лідэры Беларусі, Украіны і Расеі падпісалі трохбаковае пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Як успрымалі тыя пагадненьні беларускія палітыкі і інтэлігенцыя ў той час, і як яны ацэньваюць іх сёньня?

Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Анатоль Вярцінскі кажа: спробы цяперашніх афіцыйных ідэолягаў сьцьвярджаць, што, маўляў, Белавескія пагадненьні былі падпісаныя ледзьве не па “п’янай лавачцы”, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Спадар Вярцінскі нагадвае: да моманту сустрэчы ў Віскулях кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны шэраг рэспублікаў ўжо ўхвалілі Дэклярацыі аб незалежнасьці і прынялі заканадаўчыя акты аб нацыянальных дзяржаўных сымбалях. А Белавеская сустрэча была толькі чарговым этапам у ланцужку змаганьня за сувэрэнітэту. Да таго ж, як кажа Анатоль Вярцінскі, маральна да развалу СССР многія ўжо былі гатовыя.

(Вярцінскі: ) “Шмат хто быў маральна падрыхтаваны да гэтага пасьля разгрому ГКЧП. А пасьля таго, як я пачуў па радыё, што Гарбачоў адмаўляецца ад пасады Генэральнага сакратара ЦК КПСС, то літаральна сьвядомасьцю ўсёй сваёй, ці нейкімі яе асобнымі кропкамі, раптам зразумеў: Саюз перастае існаваць. Бо, самі разумееце, СССР наўпрост асацыяваўся з існаваньнем КПСС. Гэта былі непадзельныя рэчы, “близнецы-братья”, гаворачы словамі паэта. І калі я пачуў гэта (бываюць такія моманты ў чалавека, калі ён усёй сваёй істотай спасьцігае тую ці іншую рэч), то ўжо быў гатовы да таго, што СССР перастае існаваць на геапалітычнай мапе. А ўсё астатняе ўжо было працягам. Віскулі былі толькі працягам, нават, хутчэй, завяршэньнем гэтага працэсу”.

(Карэспандэнт: ) “І гэта лягічны працэс, па-вашаму?”.

(Вярцінскі: ) “Безумоўна. Пасьля Віскулёў адбыўся ў Авальнай залі абмен думкамі. Удзельнічаў і я ў гэтай дыскусіі. Большасьць падтрымала пазыцыю нашага старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Натуральна, былі галасы і супраць. Іншая справа, што былі нюансы: падпісаньне дамоваў павінны былі ратыфікаваць парлямэнты трох краінаў. Паўставала пытаньне – як хутка адбудзецца гэты працэс? Мы маглі нават назаўтра, напасьлязаўтра не прыняць галасаваньнем канчатковага рашэньне па віскулёўскіх дамоўленасьцях. Але зьявілася інфармацыя: ўкраінская Рада дакумэнт ратыфікавала і гэта падштурхнула наш Вярхоўны Савет прыняць рашэньне”.

Садружнасьць Незалежных дзяржаваў, народжаная намаганьнямі Барыса Ельцына, Станіслава Шушкевіча і Леаніда Краўчука, праз паўтара дзесяткі гадоў паўстала перад верагоднасьцю новай рэвізіі. Намеры выхаду з СНД чуюцца то з Закаўказьзя, то з памежных тэрыторый. Дый сам Лукашэнка выступае пасьлядоўным крытыкам Садружнасьці за яе неэфэктыўнасьць. А ці была альтэрнатыва ў міждзяржаўнай структуры, якая нарадзілася 15 гадоў таму? Ці можна было паспрабаваць кінуцца ў вольнае плаваньне? Адзін з падпісантаў таго гістарычнага дакумэнту Станіслаў Шушкевіч лічыць: аб’ектыўнай неабходнасьцю было, перадусім, адмаўленьне ад савецкай спадчыны. Пра выжываньне ў аўтаномным рэжыме гаворкі не было. Спрачаліся калі толькі вакол назвы.

(Шушкевіч: ) “Што да назвы, былі даволі такія гарачыя спрэчкі. Спачатку было жаданьне назваць ССД – Садружнасьць Сувэрэнных дзяржаваў. Таму што ўсе рэспублікі – і гэтыя тры, якія тут былі прадстаўленыя, і іншыя прынялі Дэклярацыю “Аб дзяржаўным сувэрэнітэце”. Але вельмі моцны аргумэнт кінуў Барыс Мікалаевіч Ельцын. Ён сказаў: гэтых “сс” ужо было многа. І СССР, і КПСС, і СС. І хопіць, кажа, “СС”. Ну, і ўсе пагадзіліся”.

За 15 гадоў, якія мінулі ад моманту ўтварэньня СНД, ацэнка пагадненьняў ўвесь час заставалася супярэчлівай. Пракамуністычна арыентаваныя палітыкі называюць развал СССР “найвялікшым злом”, а трыо Ельцын-Шушкевіч-Краўчук – “бандытамі”. Дэмакраты не сумняюцца, што гістарычны працэс непазьбежна прывёў бы да самаліквідацыі Саюзу. У любым выпадку, як лічыць дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Анатоль Вярцінскі, немагчыма ажывіць тое, што даўно сканала.

(Вярцінскі: ) “Натуральна, што памкненьні тых, хто спрабуе рэанімаваць СССР, гэтыя высілкі бессэнсоўныя. Яны ня маюць рэальнага сэнсу па той простай прычыне, што нельга тое, што памерла, рэанімаваць. Урокі гісторыі сьведчаць: у такіх выпадках лепш не плакаць па мінуламу, а будаваць новую будучыню. Гэта больш плённа і больш эфэктыўна. А што да Віскулёўскіх пагадненьняў, дык яны былі падрыхтаваныя па ўсіх кірунках. І глеба да іх была гатовая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG