Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: Расея блякуе праваабарончыя рэзалюцыі


Ганна Соўсь, Прага Сустрэча ў Брусэлі міністраў замежных справаў краінаў-сяброў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе выявіла шэраг супярэчнасьцяў у пазыцыях што да будучыні арганізацыі. Злучаныя Штаты настойваюць на ўзмацненьні ролі АБСЭ ў пытаньнях правоў чалавека ў Эўропе і Сярэдняй Азіі. Расея выступае ў апазыцыі да ЗША. Масква лічыць, што АБСЭ страціць сваю ролю, калі не засяродзіцца на барацьбе з міжнародным тэрарызмам і гандлем наркотыкамі.

Сустрэча міністраў замежных справаў краінаў-сяброў АБСЭ 4- 5 сьнежня не прынесла канкрэтных рашэньняў. У большасьці ключавых пытаньняў Злучаныя Штаты супрацьстаялі Расеі, і глыбокія рознагалосьсі паміж імі былі ў самых фундамэнтальных праблемах.

Намесьнік Дзяржсакратара ЗША Нікалас Бёрнс заявіў, што Злучаныя Штаты бачаць АБСЭ арганізацыяй са сталай місіяй прасоўваньня дэмакратыі і абароны правоў чалавека.

(Бёрнс: ) "Адна з ключавых праблемаў, якая стаіць перад усімі намі ў эўраатлянтычнай супольнасьці, якім чынам маладыя дэмакратыі на Балканах, у Цэнтральнай Эўропе, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі могуць стаць трывалымі, сапраўды дэмакратычнымі дзяржавамі. І тут АБСЭ – гэта найважнейшы, найбольш эфэктыўны інстытут, бо з’яўляецца аб’ектыўным назіральнікам на выбарах. АБСЭ дае аб’ектыўныя рэкамэндацыі наконт дэмакратыі, правоў чалавека і выбарчых тэхналёгій”. Пасьля дэбатаў дэклярацыя адносна ўмацаваньня эфэктыўнасьці АБСЭ ўсё ж была прынятая. Аднак Расея выказала сваю незадаволенасьць, заблякаваўшы іншы тэкст, які абавязвае краіны-сябры АБСЭ выступаць у абарону мясцовых праваабаронцаў і няўрадавых арганізацый. Кіраўнік АБСЭ бэльгійскі міністар замежных справаў Карл дэ Гухт не хавае свайго расчараваньня.

(Гухт: ) "Я магу толькі шкадаваць, што такое важнае рашэньне наконт праваабаронцаў было заблякаванае”.

Глыбокія рознагалосьсі паміж ЗША і Расеяй выявіліся і ў стаўленьні да сытуацыі ў Малдове і Грузіі. Нікалас Бёрнс выказаў шкадаваньне тым, што Расея блякавала прыняцьце дэклярацый наконт канфліктаў у гэтых краінах. ЗША лічаць, што Расея ня ў стане выконваць яе абавязаньні перад АБСЭ, лічыць намесьнік Дзяржсакаратара ЗША.

Паводле Нікаласа Бёрнса, Расея мусіць выконваць абавязаньні, дадзеныя на саміце ў Стамбуле ў 1999 годзе – вывесьці вайсковую тэхніку з Малдовы і войскі з Грузіі, паколькі гэтыя краіны маюць права на поўную незалежнасьць і сувэрэнітэт. І ЗША будуць і надалей падтрымліваць іх у гэтым, заявіў намесьнік Дзяржсакратара ЗША Нікалас Бёрнс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG