Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (25.11-01.12.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Побач, празь мяжу, знаходзіцца Беларусь – месца, дзе мірных дэманстрантаў б’юць , а апазыцыйныя лідэры “зьнікаюць” пры дапамозе агентаў жорсткага рэжыму. Існаваньне такога дыктату сярод нас абражае сумленьне Эўропы і сумленьне Амэрыкі. Мы гаворым народу Беларусі: нашае бачаньне адзінай, свабоднай і мірнай Эўропы ўключае і вас, і мы стаім побач з вамі ў вашай барацьбе за свабоду”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш – з выступу ў Латвійскім ўнівэрсытэце падчас саміту НАТА ў Рызе.

“Я яго не пазнала, я калі зайшла ў пакой для спатканьняў і пачала шукаць вачыма тату, то прайшла міма… Таму што ён вельмі худы, важыць 70 кіляграмаў, у пачатку галадоўкі ён быў 91 кіляграм. Да турмы – 105”.

Юлія Казуліна – пасьля спатканьня ў калёніі са сваім бацькам, былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, які працягваў трымаць галадоўку.

“Сёньня сваёй галадоўкай ты запаліў агеньчык надзеі ў сэрцах мільёнаў беларусаў. Надзеі на будучыню. На тое, што ўжо зьявілася сіла, здольная ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню нашых дзяцей. Я зьвяртаюся да цябе ад імя тых, хто верыць у перамогу дабра, у тое, што праўду нельга забіць. Саша, ты патрэбны нам жывы й здаровы. Мы зьвязваем сваю будучыню й будучыню нашай краіны з табой. Прыйшоў час спыніць галадоўку”.

Былы палітвязень Сяргей Скрабец – у звароце да Аляксандрпа Казуліна з просьбай спыніць галадоўку.

“Мы ўжо дзесяць гадоў ходзім просім, каб нам далі зямлю для будаўніцтва касьцёлу. І нам усе дзесяць гадоў адмаўляюць, усё нешта перашкаджае. Мы паслухмяныя закону старыя людзі, нічога іншага мы ня ходзім прасіць ці мітынгаваць. Мы гэтага ня можам, і нам гэтага ня трэба, нам толькі трэба, каб было дзе памаліцца”.

Верніца парафіі Маці Божай Вастрабрамскай – пра галадоўку, якую распачалі 11 вернікаў разам з айцом Аляксандрам Шэметам.

“СНД нікому не перашкаджае”.

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў – на прэсавай канфэрэнцыі па выніках менскага саміту СНД.

“Мы загадзя дамовіліся, што якой бы яна ні была, зь ёй і расейскі, і беларускі бакі пагодзяцца”.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам – пра тое, што Менск і Масква пагодзяцца зь незалежнай ацэнкай кошту “Белтрансгазу”.

“Гэта проста абуральна. Уласна, чаму тут зьдзіўляцца? Лёгіка прэзыдэнта Лукашэнкі ў гэтым і палягае. А што — вы ад яго нечага іншага маглі чакаць? Ён дастаткова прадказальны. Калі казаць пра ягоныя добрыя якасьці — ён пасьлядоўны й прадказальны”.

Кіраўніца Савету пры прэзыдэнце Расеі ў правах чалавека Эла Памфілава – пра сыход расейскіх журналістаў з саміту СНД на знак салідарнасьці з калегамі з «Московского комсомольца» і «Коммерсанта», не дапушчанымі на саміт.

“Я ад гэтага вельмі далёкая, я прыехала з Расеі”.

Дзяучына на менскай вуліцы – у адказ на пытаньне Свабоды : “Ці існуе пагроза існаваньню Судружнасьці незалежных дзяржаваў?”

«Зварот цалкам абстрактны, ня ўтрымлівае нічога канкрэтнага, вельмі агульнае: мы будзем вам дапамагаць ахоўваць прыроду, абараняць жанчын і гэтак далей. На пытаньне: "Колькі дасьце?" – журналісты, дарэчы, задалі – абсалютная цішыня».

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Пяткевіч – пра прапановы Эўразьвязу Беларусі.

«Прымаць усё гэта за чыстую манэту могуць толькі нашы менскія “пікейныя камізэлькі”, якім, з аднаго боку, усё ў жыцьці зразумела, а з другога боку, зразумела робіцца тады, калі прыйдзе чарговае тлумачэньне з Эўропы».

Рэдактар СБ Павал Якубовіч – пра прапановы Эўразьвязу.

«І я тут хацеў бы заклікаць спадара Якубовіча з большай павагай ставіцца да настрояў беларускай апазыцыі... Бо зараз усе ў адным чоўне – і прэзыдэнт, і спадар Якубовіч, і апазыцыянэры, і апошні беларускі селянін. Яны ў тым чоўне, у якім Расея намагаецца зрабіць такую дзірку, каб той човен патануў. І калі ён патоне, на дне апынуцца і прэзыдэнт Лукашэнка, і спадар Якубовіч, і апошні беларускі селянін, і лідэры беларускай апазыцыі».

Украінскі аналітык Віталь Портнікаў – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Што да воінаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, тых, якія ваявалі на баку Напалеона, было столькі ж, колькі знаходзілася ў радах імпэратарскага расейскага войска”.

Пасол Францыі Стэфан Шмялеўскі – на цырымоніі перапахаваньня парэшткаў салдатаў “Вялікай армііі” Напалеона.

“Паводле хрысьціянскага звычаю мы аддаём зямлі парэшткі воінаў францускай арміі, якія сталі ахвярамі тых, хто 194 гады таму вырашыў размаўляць з нашай зямлёй з пазыцыі сілы”.

Памочнік міністра абароны Аляксандар Гура – на цырымоніі перапахаваньня парэшткаў салдатаў “Вялікай армііі” Напалеона.

“Кажуць, што знаходзіліся такія словы нават на нашых берасьцяных граматах Полацкіх. У пскоўскіх, наўгародзкіх, напрыклад, ёсьць слова “беляць” (тая самая б…) Таму крута так сьцвярджаць, што ў нас не было такога, гэта крышачку такі тупаваты нацыяналізм. Ёсьць міты гістарычныя, а гэта міт культуралягічны”.

Мовазнаўца Пётра Садоўскі – пра беларускую лаянку.

“Сам факт існаваньня ядзернай станцыі ў Беларусі– гэта яшчэ не азначае падвяргаць сябе страшнай рызыцы”.

Аляксандар Лукашэнка – аб пабудове ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

"Жора, пачынай рыбу смажыць! – Дык жа рыбы няма. – А ты смаж, смаж, рыба будзе..." Вось я веру, што рыба будзе калісьці. А калі сур''ёзна, то я б хацеў верыць у тое, што маўклівая большасьць нашага грамадзтва калі-небудзь падасьць голас”.

Тэлежурналіст Леанід Міндлін – у перадачы “Начная Свабода”.

“Я не зьвяртаю на гэта ўвагі, бо лічу, калі ня ведаеш, то лягчэй жыць”.

Маладая жыхарка Горадні – у адказ на пытаньне Свабоды: «Ці ведаеце вы, як можна заразіцца СНІДам і як засьцерагчыся?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG