Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец заклікаў А.Казуліна спыніць галадоўку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін працягвае галадоўку — ён пратэстуе супраць знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Між тым сябра Казуліна Сяргей Скрабец заклікаў палітыка спыніць галадоўку.

Былы дэпутат Сяргей Скрабец, які тры тыдні да свайго выхаду з калёніі галадаў разам з Аляксандрам Казуліным, заклікаў яго спыніць галадоўку.

(Скрабец: ) “Сёньня сваёй галадоўкай ты запаліў агеньчык надзеі ў сэрцах мільёнаў беларусаў. Надзеі на будучыню. На тое, што ўжо зьявілася сіла, здольная ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню нашых дзяцей. Я зьвяртаюся да цябе ад імя тых, хто верыць у перамогу дабра, у тое, што праўду нельга забіць. Саша, ты патрэбны нам жывы й здаровы. Мы зьвязваем сваю будучыню й будучыню нашай краіны з табой. Прыйшоў час спыніць галадоўку”, — зьвяртаецца Сяргей Скрабец да Аляксандра Казуліна.

У сваім звароце былы дэпутат Сяргей Скрабец крытычна выказаўся пра дзеячаў апазыцыі, якія, на ягоную думку, не падтрымалі Аляксандра Казуліна ў галадоўцы.

Нагадаем, Аляксандар Казулін пратэстуе супраць улады Аляксандра Лукашэнкі, просіць разгледзець беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН, а таксама дамагаецца аб’яднаньня беларускай апазыцыі. Галадоўка Казуліна працягваецца ўжо 43 дні.

Сёньня з раніцы жонка апазыцыянэра Ірына Казуліна, як і кожны дзень галадоўкі мужа, тэлефанавала ў калёнію, каб даведацца пра ягонае здароўе. Аднак выканаўца абавязкаў начальніка калёніі Руслан Прымак слухаўкі не падняў. На мой званок адносна здароўя Казуліна дзяжурны калёніі коратка адказаў: “Нармальна”.

Нагадаю, за час галадоўкі Аляксандар Казулін схуднеў больш як на дваццаць кіляграмаў. Турэмныя дактары прызнаюць, што ягонае здароўе моцна пагоршылася.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Вінаватым ён сябе не прызнае й тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG