Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Цімафея Дранчука ня вызвалілі датэрмінова


Любоў Лунёва, Менск Камісія папраўчай калёніі на вуліцы Кальварыйскай у Менску, дзе Цімафей Дранчук адбывае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, ня стала разглядаць пытаньня аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Цімафея трымаюць пад вартай ад 21 лютага. У справе “Партнэрства” адбылі пакараньне Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка. Лідэру арганізацыі Міколу Астрэйку, якога пакаралі зьняволеньнем на два гады, 17 лістапада замянілі меру пакараньня на папраўчыя працы.

Бацька Цімафея Валеры Дранчук наведаў сёньня Менскую папраўчую калёнію №1 на вуліцы Кальварыйскай. Ён спадзяваўся ўбачыць прозьвішча сына ў сьпісах тых, каго хутка вызваляць умоўна-датэрмінова. Высьветлілася, што камісія нават не разглядала кандыдатуру Цімафея.

Паводле адміністрацыі калёніі, Цімафею не хапае трох месяцаў, каб вызваліць яго датэрмінова. Гаворыць Валеры Дранчук:

(Дранчук: ) “Дакумэнты, усе матэрыялы адносна Цімафея на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне былі падрыхтаваныя на ўсіх этапах. Што да адміністрацыі калёніі, то яны ўсё зрабілі, каб сёньня Цімафей разглядаўся на камісіі. Ніхто ні ў чым не сумняваўся. Гэта стала нечаканасьцю для многіх, у тым ліку й для атраднага. Тлумачаць яны гэта тым, што нейкай адной чвэрці ён не дасядзеў. Але ж хапіла ўсяго для Міколы Астрэйкі, хапала й 26-га, калі Цімафея разглядалі. Ніхто ж тады пра чвэрць нічога не казаў. Тут нейкае супярэчаньне ўзьнікае”.

Валеры Дранчук лічыць, што Цімафея трымаюць пад вартай, бо раней той актыўна ўдзельнічаў у апазыцыйных акцыях.

(Дранчук: ) “Што гэта маніпуляцыі — то гэта даклада. Прычым, яны адбыліся літаральна ўчора-пазаўчора. Ціма быў усё ж занадта актыўны, і гэтая актыўнасьць… Я ж ведаю, хто за ім і што за ім было. Таму й вырашылі яго пратрымаць. Міколу выпусьцілі й вырашылі, што хопіць”.

Цімафей Дранчук зьяўляецца паплечнікам Андрэя Клімава, які цяпер адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі летась 25 сакавіка. Андрэй Клімаў мяркуе, што Цімафей выйдзе на волю, адбыўшы тэрмін пакараньня — у лютым.

(Клімаў: ) “Як кажуць на зоне: усё, што да пяці гадоў — гэта ня тэрмін. Давайце мы пакінем лірыку на потым і зразумеем, што маем справу з дыктатурай. Калі чалавек ня хоча, то ён наагул ня лезе ў апазыцыю. А Цімафей быў у апазыцыі. Гэта ягоны быў выбар”.

Апошняе паседжаньне камісіі на датэрміновае вызваленьне сёлета адбудзецца 14 сьнежня. Сваякі Цімафея Дранчука спадзяюцца, што напрыканцы году ён усё ж выйдзе на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG