Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьляды радыяцыі ў 5 месцах Лёндану


Кастусь Бандарук, Прага Брытанская паліцыя, якая расьсьледуе таямнічую сьмерць былога афіцэра Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандра Літвіненкі правярае лёнданскі гатэль “Шэратон” на наяўнасьць радыяцыі. Між тым стала вядома, што з атручэньнем Літвіненкі, які памёр 23 лістапада ў лёнданскім шпіталі супала загадкавая хвароба былога прэм’ера Расеі Ягора Гайдара...

Антытэрарыстычнае падразьдзяленьне Скотлянд-Ярду выявіла сьляды радыяцыі ў пяці месцах ў Лёндане, дзе 1 лістапада Літвіненка пабываў перад тым, як адчуў рэзкае пагаршэньне здароўя. Восем чалавек былі накіраваныя на абсьледаваньне, паколькі знаходзілся ў месцах, дзе выяўленыя сьляды радыёактыўнага палёнію- 210. Прадпрымальнік Барыс Беразоўскі заявіў, што, рассакрэціўшы плян расейскіх службаў бясьпекі забіць яго, Літвіненка выратаваў яму жыцьцё. “Я глыбока засмучаны сьмерцю свайго сябра”, - сказаў Беразоўскі. Ён адзначыў, што “аддае даніну павагі мужнасьці, рашучасьці й гонару” былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі. Раней Беразоўскі абвінаваціў ў сьмерці Літвіненкі рэжым Уладзіміра Пуціна і выказаў спадзяваньне, што Скотлянд-Ярд правядзе “усебаковае і прафэсійнае рассьледваньне”.

Лёнданская паліцыя дапытала італьянскага экспэрта ў галіне бясьпекі Марыё Скарамэля, які 1 лістапада сустракаўся зь Літвіненкам ў сушы-бары. Скарамэля таксама прыбыў ў Лёндан, каб прайсьці абсьледваньне на наяўнасьць радыцыі. Паводле Скарамэля, Літвіненка прызнаўся яму, што 6 гадоў таму яму ўдалося распрацаваць кантрабандныя пастаўкі ядзерных матэрыялаў з Расеі ў Цурых. Аднак іншы сябра Літвіненкі Гольдфарб заявіў, што яму нічога не вядома пра кантрабанду ядзерных матэрыялаў з удзелам службы бясьпекі.

Яшчэ ўсплыла на паверхню загадкавая хвароба былога прэм’ера Расеі Ягора Гайдара, якую некаторыя тлумачаць атручэньнем. Дачка палітыка Марыя Гайдар паведаміла, што бацька выключае магчымасьць заказнога атручэньня і сама яна ў гэтым ня ўпэўненая.

(Гайдар: ) "Я шчыра магу вам сказаць, што я проста ўстрывожаная, я хвалююся, але я б не рабіла нейких пасьпешлівых высноваў на гэты конт. Я чакаю мэдыцынскай экспэртызы і толькі пасьля гэтага я буду гатовая пра гэта думаць".

Прэс-сакратар Гайдара Валеры Натараў адрынуў вэрсію аб атручэньні свайго начальніка. Ён заклікаў не ствараць з пагаршэньня стану здароўя Гайдара “яшчэ адну псэўдасэнсацыю з радыёактыўнымі ізатопамі”. Тым ня меней прадстаўнік палітрады Саюзу правых сілаў Леанід Гозман заявіў, што аднапартыйцы Гайдара вырашылі правесьці ўласнае рассьледваньне прычын нечаканага пагаршэньня здароўя аднаго з сваіх лідэраў. 24 лістапада ў часе канфэрэнцыі ва ўнівэрсытэце ў Дубліне Гайдар адчуў сябе дрэнна і быў вымушаны пакінуць залю. Ён ванітаваў, з носа цякла кроў, а затым ён страціў прытомнасьць. Гайдар патлумачыў, што пасьля сьняданьня недалёка ад Дубліну ён ўпаў і ня мог паварушыць ані рукой, ані нагой. Затым ён быў шпіталізаваны, але ірляндзкія лекары не былі здольныя патлумачыць прычыны хваробы. Гайдар вярнуўся ў Расею, дзе прайшоў мэдычнае абсьледваньне і, як сам кажа, цяпер адчувае сябе нармальна.

Прэм’ер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр заявіў, што “сьмерць Літвіненкі -вельмі сур’ёзная праблема. “Мы маем рашучы намер высьветліць, што адбылося і хто за гэта адказны”. У пятніцу мае адбыцца анатамаваньне цела Літвіненкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG