Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камэнтуюць у Расеі і ў Беларусі інцыдэнт з расейскімі журналістамі?


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія ўлады не пусьцілі на асьвятленьне саміту СНД журналістаў расейскіх газэтаў “Московский комсомолец” і “Коммерсант”. На знак салідарнасьці расейскія журналісты, якія ўваходзілі ў пул прэзыдэнта Расеі, пакінулі саміт СНД і адмовіліся яго асьвятляць.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў не камэнтуе ўчорашняга інцыдэнту з расейскімі журналістамі. На пытаньне, чаму беларускі бок не пусьціў асьвятляць саміт СНД расейскіх журналістаў з двух выданьняў, ён заявіў, што пра гэта ўжо выказаўся кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі. А ў расейскім МЗС заявілі, што інцыдэнт камэнтавала прэс-служба расейскага прэзыдэнта. Паводле кіраўніка дэпартамэнту інфармацыі Міхаіла Камыніна, расейскі бок чакае падрабязнай інфармацыі зь Менску.

Галоўны рэдактар газэты “Московский комсомолец” Павал Гусеў заявіў, што дзеяньні ўладаў Беларусі не адпавядаюць ніякім нормам міжнароднага права.

(Гусеў: ) “На тэрыторыі Беларусі праходзіў не міжсабойчык, наладжаны на асабістае запрашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі, не ягоны дзень нараджэньня, а праходзіла адно з буйных міжнародных мерапрыемстваў, у якім задзейнічаныя ўсе краіны СНД і Расея. Гэта выглядае проста жахліва. Так не паводзіць сябе нармальна дзейны палітык. Гэта лішні раз сьведчыць пра яго дэспатызм і антыдэмакратычную сутнасьць”.

Кіраўніца Савету пры прэзыдэнту Расеі ў правах чалавека Эла Памфілава сказала:

(Памфілава: ) “Гэта проста абуральна. Уласна, чаму тут зьдзіўляцца? Лёгіка прэзыдэнта Лукашэнкі ў гэтым і палягае. А што — вы ад яго нечага іншага маглі чакаць? Ён дастаткова прадказальны. Калі казаць пра ягоныя добрыя якасьці — ён пасьлядоўны й прадказальны”.

Спадарыня Памфілава заявіла, што такога абсурду ў Расеі няма. Яна тлумачыць дзеяньні беларускага боку асабістай Лукашэнкавай крыўдай на журналістаў. Відаць, яму не спадабалася, як пра яго пісалі, мяркуе расейская праваабаронца.

(Памфілава: ) “Я думаю, гэта яшчэ зьвязана з агульнай сытуацыяй у расейска-беларускіх стасунках, дзе ўзьнік цэлы шэраг складанасьцяў. У нашых стасунках урэшце павінна наступіць пэўнасьць. Хопіць ужо дурня строіць і хлусіць. Трэба сумленна й шчыра дамовіцца пра стасункі, якія задавальняюць народ Расеі й Беларусі. А ня тыя, што адпавядаюць амбіцыям лідэра Беларусі”.

Прэзыдэнт расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў заявіў, што яму цяжка зразумець беларускія ўлады.

(Сіманаў: ) “Лёгікі ў тым, што яны робяць, няма — акрамя лёгікі сталага ўнутранага пажару. Яны зачынілі ў Беларусі ўсё што можна, і цяпер спрабуюць адгарадзіцца ад астатняга сьвету. Проста там ўсталяваныя такія правілы, якія не зразумелыя сьвету. Нават не зусім свабодныя журналісты, якія ўваходзяць у крамлёўскі пул, былі абураныя гэтым. Мне было прыемна пачуць, што на знак карпаратыўнай салідарнасьці ўсе пакінулі гэтую ўстанову”.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч назваў абуральнымі дзеяньні беларускіх уладаў.

(Старыкевіч: ) “Не адбылося абсалютна нічога новага. Акрамя таго, што гэтым разам у такую сытуацыю трапілі не беларускія, а расейскія журналісты. Мы існуем у такіх умовах ужо шмат гадоў, і гэта лічыцца для беларускіх уладаў нормай — такія стасункі з журналістамі. Яны заўсёды абіралі тых, хто ім падабаецца і хто не падабаецца. Першыя атрымліваюць усялякія прывілеі, а іншым проста перашкаджаюць працаваць. Я думаю, што саміт, які быў учора, запомніцца менавіта гэтым інцыдэнтам, бо больш нічога цікавага і сур’ёзнага там не было”.

Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG