Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Касьцян: “Мы задаволім умовы Эўразьвязу, калі яны распусьцяць Гааскі трыбунал”


Радыё Свабода, Менск Новая стратэгія Эўразьвязу датычна Беларусі, агучаная ўчора адначасна ў Брусэлі й Менску, выклікала сярод беларускіх палітыкаў неадназначную рэакцыю. Нагадаем, што, прэзэнтуючы дакумэнт, кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне й Беларусі Іен Боўг заявіў: Эўразьвяз гатовы да больш шчыльнага супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі ў рамках палітыкі добрасуседзтва, аднак пры ўмове, што Беларусь выканае шэраг патрабаваньняў эўраструктураў.

Сярод умоваў, якія мусяць выканаць беларускія ўлады, Эўразьвяз называе аднаўленьне палітычных правоў і свабодаў, вызваленьне палітвязьняў, разьвіцьцё недзяржаўных СМІ, аднаўленьне незалежнага суду. Усе гэтыя патрабаваньні мусяць быць выкананыя “безь якіхсьці адтэрміновак”.

Калі Беларусь прадэманструе, што гатова стаць дэмакратычнай дзяржавай, Эўразьвяз будзе адкрыты да супрацоўніцтва. Прагназуецца стварэньне новых працоўных месцаў, скасаванньне перашкодаў для прасоўваньня беларускіх тавараў на Захад, пашырэньне памежнага супрацоўніцтва й спрашчэньне ўмоваў для ажыцьцяўленьня кантактаў “паміж народам Беларусі й народамі Эўразьвязу”.

Кіраўнік незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Ўладзімер Навасяд лічыць прапановы Эўразьвязу канструктыўнымі. Паводле яго, ніякіх ультыматумаў дакумэнт не ўтрымлівае, што дае беларускім уладам шанец зрабіць сустрэчны крок “да замірэньня” з астатняй Эўропай.

(Навасяд: ) “Гэта рэальная прапанова выйсьця з сытуацыі, якая склалася на сёньняшні дзень паміж Беларусьсю й Эўразьвязам. І вельмі прыемна, прыкладам, для эўрапейскай кааліцыі, для нашай незарэгістраванай партыі, што ніякіх ультыматумаў тут няма. Прапануецца дапамога дзяржаве ў рэфармаваньні дэмакратычных інстытутаў, у спрыяньні фармаваньня рынкавых дачыненьняў. Ніякіх умоваў — фабрыку нейкую прадаць ці трубу аддаць. Таму гэта вельмі прыемная прапанова беларусам пры канцы году”.

Афіцыйныя беларускія палітыкі эўрапейскую ініцыятыву сустрэлі па-рознаму. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян вылучае да Эўразьвязу сустрэчныя ўмовы:

(Касьцян: ) “Мы задаволім іхныя ўмовы тады, калі яны выканаюць патрабаваньні міжнароднай супольнасьці: разагнаць Гааскі трыбунал, усіх судзьдзяў і аддаць саму гэтую Карлу дэль Понта пад суд за грубае парушэньне правоў чалавека, за ўчыненыя злачынствы перад чалавецтвам з боку гэтага трыбуналу. А пакуль што размовы пустыя…”

Кіраўнік камісіі ў адукацыі, навуцы й культуры Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч на пэрспэктыву спрошчаных выездаў беларусаў за мяжу кажа, што беларускія грамадзяне і без таго навучаюцца, дзе захочуць.

(Здановіч: ) “Праблема абменаў паміж нашай краінай і іншымі для нас не такая ўжо і сур’ёзная. Калі паглядзець дакумэнты, якія рэгулююць менавіта такую форму ўзаемадзеньня, то ўсё даўно ўжо адпрацавана. Рыхтуецца да другога чытаньня праект закону “Аб вышэйшай адукацыі”. У тым ліку ў законе ёсьць артыкул, які тычыцца міжнародных дачыненьняў. Ёсьць такі пункт: адной з формаў узаемадзеяньня ёсьць абмен навучэнцамі й нават абмен тымі асобамі, якія вучацца ў ВНУ, але не атрымліваюць вышэйшай адукацыі. Напрыклад, навучэнцы каледжаў, ліцэяў і г.д.”.

Былы кіраўнік Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, а цяпер рэдактар часопісу “Планета” Усевалад Янчэўскі ня згодны зь цьверджаньнем, што ў Беларусі масава парушаюцца правы й свабоды грамадзянаў.

(Янчэўскі: ) “Цяпер куды больш адкрытае грамадзтва, чым было ў час СССР. Хоць пра Беларусь заўсёды й рознае гавораць, але ўсё гэта няправільна. Бо ў Беларусі насамрэч свабода ёсьць. І, мне падаецца, што якраз з кожным годам гэтай свабоды інфармацыйнай будзе станавіцца ня меней, а якраз больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG