Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады пасьля Майдану: якім бачыцца плён украінскага гераізму?


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ва Ўкраіне адзначаюць Дзень свабоды. Сьвята прымеркаванае да 2-й гадавіны пачатку аранжавай рэвалюцыі, калі сотні тысяч украінцаў прымусілі ўладу пачуць іхны голас. У Кіеве пройдуць урачыстасьці на Майдане незалежнасьці, да нацыі зьвернецца прэзыдэнт Віктар Юшчанка. А як беларускія палітыкі, што былі сьведкамі аранжавай рэвалюцыі, цяпер ацэньваюць тыя падзеі ды іхны ўплыў на Беларусь?

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька дагэтуль лічыць, што наймацнейшыя ў жыцьці эмоцыі перажыў на кіеўскім Майдане незалежнасьці, калі выступаў перад паўмільённай грамадой, якая ў адказ на ягоныя словы скандавала “Жыве Беларусь!”. Нягледзячы на тое, што праз два гады ў крэсла прэм’ера Ўкраіны вярнуўся Віктар Януковіч, аранжавая рэвалюцыя мела безумоўны плён, перакананы спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Выбарчыя кампаніі, якія праходзілі ўжо пасьля Майдану, далі адказ на гэтае пытаньне. Выбарцы прымусілі ўладу лічыцца зь іхным голасам. Там практычна няма фальсыфікацыяў. Там за каго прагаласавалі — ці гэта Януковіч, ці гэта Юлія Цімашэнка, такія вынікі й ёсьць... Менш стала карупцыі, больш стала свабоды слова”.

Паводле спадара Лябедзькі, падзеі ва Ўкраіне паўплывалі і ўплываюць цяпер на беларускую сытуацыю, на настроі апазыцыі, на дзеяньні й прапаганду ўладаў. Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, які цяпер адбывае пакараньне на хіміі, таксама наведваў рэвалюцыйны Кіеў, ён адным зь першых павіншаваў Віктара Юшчанку зь перамогай. Ацэньваючы цяперашняе зьніжэньне рэйтынгу ўкраінскага прэзыдэнта, спадар Статкевіч зазначыў:

(Статкевіч: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што ёсьць дэмакратыя, свабода слова й СМІ могуць крытыкаваць дзейнага прэзыдэнта. Але найперш гэта сьведчыць пра тое, што вельмі цяжка даюцца спробы пераадолець гэты ўкраінскі раскол. І кампрамісная пазыцыя звычайна дастаткова стратная ў пляне рэйтынгу. Але гэта адзіная магчымая пазыцыя”.

Паводле Міколы Статкевіча, у стратэгічным сэнсе ўкраінскія падзеі двухгадовай даўніны выгадныя для эўрапейскай і дэмакратычнай будучыні і Ўкраіны і Беларусі.

Беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык каля двух месцаў адбыў у намётавым мястэчку ў рэвалюцыйным Кіеве. Ён згадвае, што праз Майдан прайшлі сотні беларускіх актывістаў і тысячы звычайных грамадзянаў. Частка зь іх сёлета вясной выйшла на менскі майдан — Кастрычніцкую плошчу. І спадар Сіўчык перакананы, што падчас аранжавай рэвалюцыі ён бараніў беларускія інтарэсы.

(Сіўчык: ) “Усе падзеі, якія адбываліся пасьля аранжавай рэвалюцыі, ня могуць перакрэсьліць масавага гераізму ўкраінскага народу. Ніякага расчараваньня ў тых падзеях, якія былі два гады таму, у беларускіх іх удзельнікаў быць ня можа. Мы пабачылі на свае вочы моц украінскага народу. Але, на вялікі жаль, мы ўжо тады адчувалі недахопы ўкраінскіх лідэраў”.

На думку спадара Сіўчыка, тое, што ўкраінскія дэмакраты не змаглі выкарыстаць усіх шанцаў, якія дала аранжавая рэвалюцыя, даволі нэгатыўна паўплывала й на настроі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG