Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўракамісіі Іен Боўг: “Мы прыйшлі безь мяча”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня адначасова ў Брусэлі й Менску прэзэнтавалі новую палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі. У Брусэлі гэта зрабіла эўракамісар у пытаньнях замежных дачыненьняў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Яна заявіла, што “народ Беларусі мае права ведаць, што ён губляе” з-за курсу ўладаў на самаізаляцыю. У Менску дакумэнт прэзэнтаваў кіраўнік кіеўскага офісу Эўракамісіі Іен Боўг, а таксама амбасадары краін Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Менску.

Сёньня раніцай Іен Боўг наведаў Міністэрства замежных справаў Беларусі й прэзыдэнцкую адміністрацыю, перадаў іхным прадстаўнікам афіцыйны дакумэнт Эўразьвязу ды заклікаў ставіцца да яго як да пазытыўнай прапановы на будучыню.

Прозьвішчаў беларускіх чыноўнікаў, зь якімі сустракаўся, спадар Боўг не назваў. У МЗС Беларусі яго прынялі на ўзроўні намесьніка міністра й паабяцалі ўважліва вывучыць дакумэнт. Іен Боўг адразу заявіў, што Эўразьвяз хоча бачыць Беларусь стабільнай, заможнай і дэмакратычнай.

(Боўг: ) “Сёньня гэтым дакумэнтам Эўразьвяз накіроўвае зварот да беларускага народу: мы гатовыя да больш цеснага супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў рамках эўрапейскай палітыкі суседзтва. Мы гатовыя зрабіць нашу дапамогу даступнай народу Беларусі, як толькі Беларусь прадэманструе жаданьне стаць дэмакратыяй”.

Спадар Боўг прызнаў, што дагэтуль з-за палітычных умоваў у Беларусі яе дачыненьні з Эўразьвязам абмежаваныя. Зьмяніць сытуацыю можна, калі ў Беларусі адновяцца дэмакратычныя пераўтварэньні, калі вызваляць палітвязьняў, усталюецца падзел уладаў і вяршэнства закону. Новая праграма Эўразьвязу прынясе народу Беларусі павышэньне якасьці жыцьця праз стымуляваньне эканамічнага разьвіцьця краіны, новыя працоўныя месцы, спрыяльны рэжым для беларускіх тавараў на тэрыторыі ЭЗ, дапамогу ў мадэрнізацыі беларускай энэргетычнай сыстэмы.

(Боўг: ) “Каб дасягнуць гэтых амбітных мэтаў, мы гатовыя значна павялічыць узровень нашай дапамогі Беларусі й істотна павялічыць колькасьць праектаў, якія падтрымлівае Эўракамісія. Але мы можам прапанаваць такія выгады толькі краінам, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці, павагу да дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства закону”.

Іен Боўг зазначыў, што Эўразьвяз будзе ўважліва сачыць за рэакцыяй беларускіх уладаў на яго прапанову й за тым, як будзе разьвівацца ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі. Адыходзячы ад папярэдняга досьведу дыялёгу Брусэлю й Менску, які будаваўся пераважна на кантактах з уладамі, цяпер, паведаміў спадар Боўг, Эўразьвяз будзе імкнуцца размаўляць з народам Беларусі й зробіць усё магчымае, каб з пасланьнем пазнаёміліся людзі ў Беларусі.

Спасылаючыся на нядаўнюю заяву А.Лукашэнкі, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Эўразьвязам, калі яго прадстаўнікі будуць “прыходзіць безь мяча”, спадар Боўг заявіў:

(Боўг: ) “Канечне, мы прыйшлі безь мяча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG