Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Казуліна: “Наша галадоўка ёсьць сыгналам і для апазыцыйных лідэраў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дочкі Аляксандра Казуліна далучыліся да ягонай галадоўкі. “Хімік” Артур Фінькевіч зьмяніў месца працы. Ці перавезьлі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча? Мікалай Статкевіч сустрэўся з Сяргеям Скрабцом. Пра што будзе новая кніга палітвязьня Андрэя Клімава?

Ужо 30-ы дзень галадае ў віцебскай калёніі экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін, які пратэстуе супроць улады Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў ААН. У знак салідарнасьці з Казуліным па чарзе галадаюць болей за 30 актывістаў сацыял-дэмакратычнай Грамады, і з 18-га лістапада да гэтай галадоўкі далучыліся дочкі палітыка і Юля і Вольга. Мэты галадоўкі дзяўчыны вызначылі гэтак:

(Казуліна: ) “Мэта – ня толькі падтрымаць ягоныя патрабаваньні, але і маральна яго падтрымаць, бо калі выйшаў на волю Сяргей Скрабец, тата застаўся там адзін. А другая мэта – гэта падштурхнуць апазыцыйныя структуры да салідарнасьці, бо, на маю думку, яны робяць недастаткова”.

Юля Казуліна паведаміла, што галадаць яны зь сястрой гатовыя бестэрмінова, пакуль не спыніць галадоўку іх бацька.

Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч адбывае пакараньне адмежаваньнем волі ў Магілёве. Артур працаваў у будаўнічай арганізацыі, потым перанёс апэрацыю і лячыўся ў шпіталі. Днямі юнак зьмяніў месца працы. Фінькевіч кажа, што не адчувае сябе на пэрыфэрыі падзеяў.

(Фінькевіч: ) “Добра сябе адчуваю. Пастаянна кантактую з тымі, хто ў эпіцэнтры падзеяў. Даю ім нейкія парады, што і як рабіць”.

Тры дні таму Артур Фінькевіч размаўляў па тэлефоне з Паўлам Севярынцам, які адбывае “хімію” ў Віцебскай вобласьці. Паводле Фінькевіча, справы ў Севярынца “ідуць нармальна”.

Трэці месяц у менскім сьледчым ізалятары трымаюць лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Днямі ўлады вырашылі перавесьці Дашкевіча ў Жодзінскі ізалятар, паведаміў адвакат актывіста. Аднак, ці перавезьлі ўжо Дашкевіча з Менска ў Жодзіна, невядома. Кожны дзень маці юнака Вольга Васільеўна чакае ад яго зьвестак. Учора жанчына атрымала ліст ад сына, дасланы яшчэ зь менскага ізалятару. Цяпер яна чакае званка ад мужа Вячаслава, які паехаў у Менск, каб сустрэцца з сынам.

(Дашкевіч: ) “Я з хаты не выходжу. Баюся, каб не прапусьціць званок мужа. Пусьцілі яго да Зьмітра ці не пусьцілі? Але муж казаў, што едзе яшчэ на Валадарку”.

Нагадаю, лідэра “Маладога фронта” асудзілі на паўтара года зьняволеньня за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі. Актывіст абскардзіў прысуд у менскім гарадзкім судзе і чакае разгляду скаргі.

У лідэра “Народнай грамады” Мікалая Статкевіча, які адбывае абмежаваньне волі ў Пухавіцкім раёне, навіны наступныя: да бацькі ў Баранавічы яго зноў не адпускаюць, палітык абмеркаваў з аднапартыйцамі кампанію выбараў у мясцовыя Саветы, а таксама – сустрэўся з былым палітвязьнем Сяргеям Скрабцом, які на гэтым тыдні выйшаў на волю. Вось што сказаў Мікалай Статкевіч пра свайго адзінадумцу:

(Статкевіч: ) “Каб я ня ведаў, што гэта ён, я б яго не пазнаў. 67 кіляграмаў важыць чалавек, а быў пад сто кіляграмаў – шчокі круглыя. Мы дамовіліся, што будзем каардынаваць сваю дзейнасьць у абароне Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў”.

Месяц застаўся да выхаду на волю былога дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, які адбывае “хімію” ў Гомельскай вобласьці. Андрэй Клімаў паведаміў, што пачаў працаваць над кнігай, але гэтым разам кніга Клімава ня будзе наўпрост датычыць палітыкі.

(Клімаў: ) “Гэтую ідэю я даўно выношваў. Улічваючы, што на палітычным поле вакуум, галава вольная, можна падумаць пра любоў, пра адданасьць, сяброўства, здраду. Паспрабую гэта выявіць у нейкай мастацкай форме. Цяпер над гэтым працую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG