Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры судовыя працэсы ПКБ


Радыё Свабода Сёньня ў Вярхоўным судзе Менску пачнецца судовае паседжаньне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ПКБ. Сёньня ж у судзе Цэнтральнага раёну працяг судовых слуханьняў зь ініцыятывы апазыцыйнай ПКБ да праўладнай Кампартыі (КПБ) і яе першага сакратара Тацьцяны Голубевай, а таксама газэты “Коммунист Беларуси”. Заўтра ПКБ чакае яшчэ адзін працэс.

Партыя камуністаў Беларуская пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна дамагаецца, каб заявы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Тацьцяны Голубевай былі прызнаныя хлусьнёй. Падчас зьезду КПБ 18 ліпеня яна заявіла, што гэта быў аб’яднаўчы зьезд дзьвюх кампартыяў. Лідэр ПКБ заяўляе, што з праўладнымі камуністамі ў іх няма нічога агульнага. Спадар Калякін мала спадзяецца на станоўчае рашэньне суду, а мэту пазову тлумачыць гэтак.

(Калякін: ) “Самае галоўнае, што людзі, якія яшчэ нядаўна пахваляліся, што адбылося ўзьяднаньне дзьвюх партыяў, сёньня адмаўляюцца, што нейкае аб’яднаньне адбылося ўвогуле”.

Адначасна, Міністэрства юстыцыі патрабуе прыпыніць дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай з прычыны несвоечасовай падачы сьпісу сяброў партыі. Гэтае патрабаваньне ПКБ выправіла, але Мінюст свайго пазову не адклікаў. Камэнтар сакратара партыі Алены Скрыган.

(Скрыган: ) “Я лічу, што ёсьць сплянаваная кампанія, якая распачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля таго, як Сяргей Калякін быў прызначаны кіраўніком штабу Аляксандра Мілінкевіча. Дагэтуль таксама ня ўсё было проста, але тут мы бачым сэрыю акцыяў супраць нашай партыі, якія вядуць да прыпыненьня дзейнасьці альбо нават да яе закрыцьця”.

Паводле Алены Скрыган, заўтра адбудзецца яшчэ адзін суд супраць ПКБ, які распачынае былы сябра “калякінцаў”, а зараз актывіст КПБ. Вось як гэта камэнтуе палітоляг Вячаслаў Оргіш.

(Оргіш: ) “Я мяркую, што тут частка тэхналёгіяў барацьбы рэжыму супраць апазыцыі: ціснуць праз суды і ўладныя інстанцыі, каб замінаць эфэктыўнай працы палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў з насельніцтвам у справе дэмакратызацыі грамадзтва. Гэта адзін бок, а другі – прадэманстраваць грамадзтву сілу і рашучасьць улады ў змаганьні са сваімі праціўнікамі. Вось так бы я гэта патлумачыў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG