Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіць у сытуацыі на Каўказе рэфэрэндум у Паўднёвай Асэтыі?


Віталь Цыганкоў, Прага 12 лістапада ў Паўднёвай Асэтыі пройдуць прэзыдэнцкія выбары і рэфэрэндум у справе незалежнасьці гэтай самаабвешчанай тэрыторыі, былой грузінскай аўтаноміі. У гэты самы дзень жыхары населеных этнічнымі грузінамі раёнаў Паўднёвай Асэтыі, якія не прызнаюць уладу Цхінвалі, возьмуць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні. Як рэфэрэндум паўплывае на сытуацыю ў рэгіёне?

Мала ў каго выклікае сумневы, што на выбарах пераможа дзеючы прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі 42-гадовы Эдуард Какойты, першы раз абраны ў 2001 годзе. У інтэрвію для Паўночнакаўкаскай службы нашага Радыё Эдуард Какойты заявіў, што ён упэўнены ў сваім пераабраньні, і з-за гэтай прычыны не праводзіць вялікай публічнай кампаніі. Акрамя Какойты, афіцыйна зарэгістраваныя яшчэ тры кандыдаты, але найбольшая праблемы для Какойты зусім не ў канкурэнтах, а ў альтэрнатыўных выбарах, якія праводзіць “Саюз нацыянальнага выратаваньня Паўднёвай Асэтыі”.

Галасаваньне арганізавана на 25 выбарчых участках у сёлах, населеных этнічнымі грузінамі, а таксама ў рэгіёнах з этнічна зьмешаным насельніцтвам. На альтэрнатыўных выбарах балятуюцца пяць кандыдатаў, адна зь якіх, Мая Чыгоева-Цабашвілі, не была зарэгістраваная цхінвальскімі ўладамі. Іншы кандыдат, Дмітры Санакоеў, быў прэм’ер-міністрам Паўднёвай Асэтыі ў 2001 годзе – супраць яго ўжо разгорнутая кампанія расейскімі СМІ. Многія адзначаюць, што Тбілісі, хаця афіцыйна і не прызнае прэзыдэнцкія выбары, (ані цхінвальскія, ані альтэрнатыўныя) – на самой справе падтрымлівае альтэрнатыўшчыкаў, спадзеючыся тым самым узмацніць унутраную апазыцыю Паўднёваасэтынскім уладам.

Што да рэфэрэндуму, то вынесенае на яго пытаньне гучыць наступным чынам: “Ці згодныя вы з тым, каб рэспубліка Паўднёвая Асэтыя захавала свой цяперашні статус незалежнай дзяржавы і была прызнаная міжнароднай супольнасьцю?” Кіраўнікі Эўразьвязу і ЗША ўжо выступілі з заявамі, што не зьбіраюцца прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША чарговы раз заклікаў Цхінвалі і Тбілісі “ўступіць у перамовы для пошуку мірнага рашэньня, якое вызначыць статус Паўднёвай Асэтыі ўнутры прызнаных межаў Грузіі і, надаўшы пры гэтым для Паўднёвай Асэтыі значную аўтаномію ў складзе адзінай Грузіі”, – сказана ў заяве Дзярждэпартамэнту.

Выглядае, што і Расея пакуль не жадае псаваць свае адносіны з Захадам нейкімі радыкальнымі крокамі ў гэтай праблеме. Прынамсі, яшчэ 25 кастрычніка прэзыдэнт Уладзімер Пуцін адмовіў, што Расея хоча ўключыць у свой склад Паўднёвую Асэтыю альбо Абхазію. Зь іншага боку, аналітыкі адзначаюць, што Масква, якая, напрыклад, даравала жыхарам гэтых рэспублік расейскае грамадзянства, працягвае выкарыстоўваць існаваньне непрызнаных тэрыторыяў як рычаг палітычнага ціску на Тбілісі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG