Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька і Мілінкевіч пра вынікі кіеўскай канфэрэнцыі


Уладзімер Глод, Менск Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў адначасова са зборам подпісаў за сваё вылучэньне будуць зьбіраць подпісы, якія гарантуюць ім месца дэлегатаў на новым кангрэсе дэмсілаў. Такое рашэньне прынялі ўдзельнікі канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Яны сёньня вярнуліся з Кіева, дзе абмяркоўвалі стратэгію і тактыку напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы.

Галоўным вынікам кіеўскай канфэрэнцыі лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць тое, што рэгіёны падтрымалі ініцыятыву цэнтру:

(Лябедзька: ) "Стратэгія "два ў адным" зьяўляецца спалучэньнем дзьвюх кампаніяў -- выбарчай і падрыхтоўкі да Кангрэсу. Гэта азначае, што чалавек, які сабраў 300 подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у дэпутаты альбо сябрам выбарчай камісіі, альбо пад палітычным пасланьнем да грамадзянаў Беларусі, трапляе на Кангрэс дэмсілаў, які адбудзецца да 25 сакавіка 2007 году. Такім чынам, мы удзельнічаем ў палітычнай кампаніі "мясцовыя выбары" і адначасова, эканомячы рэсурсы, намаганьні, высілкі, рыхтуем новы кангрэс, каб ён даў легітымізацыю людзям, структурам і тым рашэньням, якія там будуць прыняты".

Ідэя правядзеньня новага Кангрэсу дэмсілаў знайшла ў Кіеве падтрымку каля 60% удзельнікаў канфэрэнцыі. Аляксандар Мілінкевіч, які на першым кангрэсе быў абраны лідэрам дэмсілаў Беларусі, лічыць, што прадстаўніцтва на новым кангрэсе трэба пашыраць, выходзячы за межы абранай стратэгіі:

(Мілінкевіч: ) "Дрэнна тое, што пасьля такой схемы гэта будзе не Кангрэс дэмакратычных сілаў, як у кастрычніку мінулага году, а Кангрэс палітычных сілаў -- тых людзей, што ўдзельнічаюць у выбарах. А гэта вельмі вузкае кола параўнальна з нашымі агульнымі сіламі. Ня будзе вельмі многіх актывістаў грамадзкіх арганізацыяў, ня будзе пісьменьнікаў, ня будзе журналістаў, ня будзе прадпрымальнікаў і г.д. Таму гэта будзе значна звужаны кангрэс, на маю думку. А калі браць толькі тых, хто ходзяць на выбары, дык гэта часта пераважна беспрацоўныя. А той, хто працуе, у сёньняшніх умовах ужо баіцца ісьці на выбары -- прыкладам, дэмакратычны дырэктар школы альбо лекар. І мы звужаемся".

У Кіеве Анатоль Лябедзька заклікаў не абіраць на новым кангрэсе старшыню Палітрады аб''яднаных дэмсілаў:

(Лябедзька: ) "Я нічога не сказаў новага. Я 101-ы раз паўтарыў тое, ў чым мяне некаторыя хацелі абвінаваціць, што для мяне кангрэс -- гэта мажлівасьць атрымаць нейкі самы вялікі партфэль. Я і тады, і цяпер кажу: не гэта ёсьць галоўнае. Зараз няма попыту на лідэра, таму што прэзыдэнцкая кампанія скончылася. І цяпер існуюць іншыя прыярытэты. Ну, калі няма агульнанацыянальнага, агульнапрызнанага лідэра, дык трэба аб''ядноўвацца вакол пляна супольнай дзейнасьці, пляна кампаніі "За свабоду!". І вакол палітычнага пагадненьня -- дамовы паміж кіраўнікамі арганізаваных структур, І гэта ёсьць самы галоўны прыярытэт".

А Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што калі будзе знойдзеная больш годная кандыдатура, ён гатовы саступіць лідэрства ў аб’яднаных дэмакратычных сілах:

(Мілінкевіч: ) "Я заўсёды казаў, што не трымаюся за гэтае крэсла. Я лічу, што не бывае вечных лідэраў, вечных кандыдатаў у прэзыдэнты. Але паколькі мы жывем не ў дэмакратыі, а ідзе жорсткая барацьба, не палітычная, а барацьба за свабоду, дык вельмі важна, каб усе працавалі разам. З жорсткім адзіным штабам. І лідэр абавязкова патрэбны. І я казаў, што гэта не абавязкова Мілінкевіч. Можа быць і іншы. Але гэта прынцыпова. Бо шэраг партыйных лідэраў зараз скажуць: на гэтым этапе нам лідэр не патрэбны, кожная партыя раскручвае свайго. Для мяне гэта несур’ёзна, бо ў нашых умовах ніводная партыя раскручвацца ня можа ў прынцыпе. А вось разам мы здольныя штосьці".

У кожнай вобласьці і шмат у якіх раёнах існуюць рэгіянальныя кааліцыі дэмсілаў. Канфігурацыі іх розныя, залежна ад таго, якія палітычныя партыі дзейнічаюць у тым ці іншым рэгіёне. Яны былі ўтвораныя яшчэ пад прэзыдэнцкія выбары 2001 году і з таго часу з розным посьпехам працуюць да сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG