Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе часова дэмантавалі помнік Леніну


Радыё Свабода Статуя стаяла на плошчы Леніна перад будынкам былога Дому афіцэраў. Пачалася рэканструкцыя плошчы, таму помнік разабралі. Статуя была складзена з трох бэтонных кавалкаў. Іх паклалі на складзе, потым падновяць, складуць назад і паставяць помнік таксама каля таго ж будынку, але не на плошчы, а збоку яго — у сквэры.

У Лідзе былі тры помнікі Леніну і некалькі бюстаў, якія стаялі на заводах. І вось днямі дэмантавалі апошні зь іх, праўда, часова, праз пару месяцаў яго зьбіраюцца паставіць зноў. Важная заўвага: аніводзін лідзкі Ленін ня меў аўтара, іхніх імёнаў ня знойдзеш у даведніках ды энцыкляпэдыях. Галоўны архітэктар Лідзкага раёну Уладзімір Сяргееў зазначае, што ў яго падрыхтаваныя эскізы пераносу бэтоннай статуі.

(Сяргееў:) “Гэта быў тыпавы манумэнт, што вырабляў днепрапятроўскі завод мастацкіх фондаў, сваім часам яны іх штампавалі ў масавай колькасьці, і практычна ён аўтара ня мае”.

Карацей кажучы, аўтарам усіх лідзкіх ленінаў быў завод, канвэер, можна нават сказаць — бэтонамяшалка. Спадар Сяргееў паведаміў таксама, што днепрапятроўскі завод забясьпечваў сваім часам увесь СССР статуямі для паркаў і сквэраў, помнікамі ахвярам апошняй вайны, і ў любым раёне Беларусі іх можна сёньня ўбачыць. Цікава, што часова дэмантаваны Ленін — апошні ў Лідзе.

(Сяргееў:) “У нас зь бюстаў застаўся толькі адзін у Бярозаўцы, у сквэры пакуль стаіць. А астатнія ўсе дэмантаваныя. У Лідзе ў прынцыпе няма бюстаў. Мастацкай каштоўнасьці яны ніякай не уяўлялі”.

Калі Беларусь стала незалежнай, у Лідзе, апроч бюстаў, былі тры ленінскія помнікі. Першым зьнік той, што стаяў на ўваходзе ў гарадзкі парк. Другі, на чыгуначным вакзале, быў зьнішчаны двума лідчукамі, якія на судзе патлумачылі, што тандэтная цэмэнтная статуя, якая нават ня мела аўтара, абражала эстэтычныя пачуцьці людзей.

Абараняў іх у судзе гарадзенскі адвакат Уладзімір Кісялевіч. Ён успамінае, што яго вельмі ўразіў адказ, які атрымаў суд зь Менску з дэпартамэнту аховы помнікаў. Паводле гэтай паперы, маленькая статуя Леніна зьяўлялася гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Праўда, абодва падсудныя атрымалі даволі невялікі тэрмін і — з адтэрміноўкай выкананьня прысуду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG