Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі агітатараў абвінавачваюць у недазволеных пікетах


Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча абвінавачваюць у арганізацыі недазволеных пікетаў ды сустрэчаў з выбарцамі. Займаюцца гэтым міліцыя ды прадстаўнікі выканкамаў.

А 13-й гадзіне сёньня ў Гомелі ля Беларускага ўнівэрсытэту транспарту невядомая жанчына, якая выйшла з ВНУ, вырвала з рук распаўсюдніка Кірыла Кабякова буклеты Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Кабякоў з паплечнікамі зьвярнуўся ў міліцыю Чыгуначнага раёну, каб тая высьветліла прозьвішча жанчыны і прыцягнула да адказнасьці за перашкоду перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі.

Тым часам юрысконсульт Рагачоўскага райвыканкаму Людміла Барбалюк накіравала сёньня ў раённы суд пратаколы на Ўладзімера Хадасевіча і Ўладзімера Тамковіча, распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча ды газэтаў “Народная Воля” зь ягонай праграмай. Спадароў Хадасевіча і Тамковіча абвінавацілі ў парушэньні выбарчага заканадаўстава — арганізацыі 26 лютага на рынку “Маскоўскі”сустрэчы з выбарцамі і распаўсюдзе, як сказана, “агітацыйнай інфармацыі” ў нявызначаным месцы. Гаворыць юрысконсульт спадарыня Барбалюк:

(Барбалюк: ) “У дачыненьні іх складзены адміністрацыйныя пратаколы. Я не магу нічога гаварыць да таго часу, пакуль ня будзе разгледжана справа. Суд вырашыць”.

Падчас складаньня пратаколу спадарыня Барбалюк спасылалася на рашэньне райвыканкаму і артыкул 167 (частку 3) Адміністрацыйнага кодэксу. Намесьніца старшыні райвыканаму, яна ж старшыня раённай выбарчай камісіі Рыма Ястрэмская прыяжджала ў міліцыю падчас затрыманьня агітатараў. Аднак пакамэнтаваць мясцовыя парадкі вядзеньня агітацыйнай кампаніі адмовілася.

Актывіст Уладзімер Тамковіч заявіў наступнае:

(Тамковіч: ) “Фактычна ў нас у Рагачове няма ніякіх умоваў, каб займацца агітацыйнай працай. Гэта робіцца з адной простай прычыны — ня даць ніякай інфармацыі насельніцтву пра альтэрнатыўных кандыдатаў, іхныя праграмы”.

Распаўсюднікаў агітацыйных матэрыялаў за альтэрнатыўных кандыдатаў затрымліваюць усюды — у Рагачове, Калінкавічах, Гомелі.

У Гомелі міліцыя абвінавачвае агітатараў, якія маюць складныя столік ды пляншэт з партрэтамі Мілінкевіча, у правядзеньні несанкцыянаванага пікету. Столікі, пляншэты, а разам зь імі і агітацыйныя матэрыялы сканфіскоўваюць.

Гомельскі актывіст Анатоль Паплаўны распавёў, як ён ратаваўся ад міліцыі падчас раздачы агітацыйных улётак у гарадзкім парку па-над Сожам:

(Паплаўны: ) “Калі міліцыянты спрабавалі прымусова даставіць мяне ў пастарунак і патлумачылі, што пры адмове гэта будзе лічыцца супрацівам, я вырашыў сесьці на сьнег. Чакаў, калі яны будуць несьці ў пастарунак”.

Міліцыянты Цэнтральнга раёну Гомелю адмовіліся несьці агітатара. Тым больш — людзі заступіліся за яго. Пераканалі ахоўнікаў, што ім патрэбныя ўлёткі пра выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG