Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі чатыры турфірмы з шасьцісот забясьпечваюць 25% уязнога турызму


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаюць Усясьветны дзень турызму. Для Беларусі гэты год адметны — цэлы шэраг урадавых пастановаў абавязаў кампаніі забясьпечыць прыток уязнога турызму. Аднак самі спэцыялісты галіны скардзяцца: разьвіваць сфэру, калі няма інфраструктуры, праблематычна.

Яшчэ напачатку 2000-х у сэзон адпачынкаў каля мільёна грамадзянаў Беларусі выяжджалі за межы краіны — пераважна на чарнаморскія ўзьбярэжжы Расеі, Украіны, Баўгарыі, Румыніі і ў Турэччыну.

Але з увядзеньнем шэрагам краінаў візавага рэжыму для Беларусі многае зьмянілася. У апошнія гады спэцыялісты рынку кажуць максымум пра паўмільёна беларусаў, якія дазваляюць сабе замежны адпачынак.

Ударны квартэт турыстычнага рынку

Але і гэтыя лічбы пакуль у разы большыя, калі параўноўваць з колькасьцю замежнікаў, якія едуць у Беларусь.

Сёлета за першае паўгодзьдзе, згодна са статыстыкай Міністэрства спорту і турызму, краіну з турыстычнымі мэтамі наведалі 47 381 чалавек.

Гэта заўважна больш, чым за аналягічны пэрыяд летась: за шэсьць месяцаў 2006-га Беларусь прыняла 35 тысяч гасьцей.

Кіраўнік Саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цахмэйстар кажа, што з існых на рынку больш як шасьцісот турфірмаў толькі адзінкі рэальна прыцягваюць у Беларусь замежных турыстаў.

У прыватнасьці, чатыры буйныя кампаніі, сярод іх “Зьнешінтурыст”, “Вакол сьвету”, “Сакуб” і “Алатан Тур” забясьпечваюць 25% прыманых замежнікаў:

“Прыёмам і адпраўкай, як і любой іншай справай, павінны займацца выключна прафэсіяналы. Але размываць вось гэты дэмпінг, забавязаўшы ўсе турфірмы на рынку займацца прыёмам, — ня самае лепшае рашэньне.

Таму што ёсьць турфірмы, якія насамрэч гэта робяць прафэсійна, а другія проста для праформы афармляюць свайго сваяка, які выпадкова заехаў у Беларусь у госьці. І тым самым выконваюць плян дзеля галачкі.

Але калі казаць увогуле, то з улікам прынцыпаў, абвешчаных Міністэрства спорту і турызму і з уступленьнем у сілу новага закону аб турызму, гэта адбілася на прыезьдзе і папулярызацыі Беларусі”.

Замежныя турысты — пераважна расейцы

Калі зірнуць на статыстыку, то львіную долю турыстаў у Беларусі складаюць расейцы. Ад нядаўняга часу яны ўпадабалі беларускія санаторыі, якія пры нядрэннай мэдычнай базе застаюцца для грамадзянаў Расеі досыць таннымі.

Вылічыць у агульнай статыстыцы “заходнікаў” ня могуць нават адказныя за турыстычную сфэру чыноўнікі: бальшыня турыстаў з таго ж Эўразьвязу — транзытныя пасажыры на шляху ў Расею. У Беларусі ім прапануецца адна- ці двухдзённая экскурсійная праграма.

Як кажа Валянцін Цахмэйстар, пакуль што плян уязнога турызму давядзецца выконвацца “расейскім рэсурсам”:

“Асаблівы посьпех у расейцаў па-ранейшаму маюць беларускія санаторыі й курортныя мясьціны. Яны звычайна прадаюцца да ліпеня, і практычна ўсё да канца сэзону ўжо раскуплена.

Чаму менавіта расейцы часьцей за ўсё выкупляюць? Таму што для іх суадносіны кошту і якасьці ў нашых гэтых здраўніцах пакуль прымальныя. Прынамсі, пры сёньняшнім узроўні энэргавыдаткаў. Можа, у наступным сэзоне штосьці зьменіцца.

Пабачым, калі цэнавыя паказьнікі рвануць угару. Статыстыка канкрэтная за сэзон пакажа, колькі мы прынялі — але, канечне, лічбы гэтыя будуць адрозьніваюцца ад папярэдняга сэзону ў лепшы бок што да прыёму турыстаў”.

Ці дачакаюцца кампаніі карт-бляншу?

Спадар Цахмэйстар лічыць: калі б кампаніі, якія рэальна прыцягваюць у Беларусь замежных турыстаў, атрымлівалі нейкі карт-блянш ад дзяржавы (хоць бы ў форме падатковай палёгкі), сытуацыя магла б вельмі хутка і кардынальна палепшыцца.

Але цяпер нават дзяржаўныя гатэлі не даюць асноўным пастаўшчыкам замежных турыстаў зьніжак, паколькі ня бачаць у гэтым доўгатэрміновай пэрспэктывы. Яшчэ адзін момант, які не забясьпечвае патрэбнай статыстычнай справаздачнасьці, палягае ў тэхнічнай плоскасьці.

Пакуль Беларусь яшчэ выкарыстоўваецца як перавалачная база, калі расейцы на два-тры дні дарогай на Захад спыняюцца з экскурсіямі ў Беларусі. Але ўжо шмат хто едзе цягніком і перасаджваецца ў польскім Тэрэспалі на польскія і літоўскія аўтобусы — і Беларусь фактычна мінаюць.

Паводле экспэртаў, праз адсутнасьць парку камфартабэльных аўтобусаў, на якіх усё складаней трапіць у Эўропу, і без таго рэдкія турысты пачынаюць аб’яжджаць Беларусь праз Польшчу ці Літву. Набыць новую тэхніку няма за што — нават склаўшы сродкі разам, кошт 200 тысяч эўра могуць пацягнуць адзінкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG